Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастусь Акула: “Поўная незалежнасьць – найбольш каштоўнае, што мне Бог даў”


Ганна Сурмач, Прага (эфір 15 лістапада 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа" да 80-гадовага юбілею беларускага пісьменьніка ў замежжы Кастуся Акулы. Удзельнікі: Кастусь Акула, Вольга Іпатава, Алесь Пашкевіч, Вітаўт Кіпель, Уладзімер Арлоў.

16 лістапада адзначае сваё 80-годзьдзе беларускі пісьменьнік у замежжы Кастусь Акула. Ягоная творчасьць цяпер добра вядомая на Бацькаўшчыне. Першай знайшла дарогу да чытачоў у Беларусі ягоная найбольш вядомая кніга “Змагарныя дарогі”, што ўвайшла ў сотню лепшых беларускіх кнігаў 20 стагодзьдзя. Як мы ўжо паведамлялі, нядаўна пабачыла сьвет у Менску і новая кніга юбіляра “Россыпы”.

(Сурмач: ) “Кастусь Акула сустракае сваё 80-годзьдзе за акіянам, у найвялікшым і прыгожым канадыйскім горадзе Таронта, за тысячы кілямэтраў ад роднай Беларусі, дзе нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Верацея, цяпер Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці, у сям''і заможнага селяніна. Бацьку ягонага рэпрэсавалі пад час савецкай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі, а маці рана памерла ад цяжкай хваробы ў Вільні. І да сёньня сп. Кастусь не ведае, дзе знаходзяцца магілкі ягоных бацькоў. На Радзіме пісьменьнік насіў бацькоўскае імя – Качан Аляксандр, якое давялося яму зьмяніць пад час вайны.

У Канадзе Кастусь Акула жыве ад канца 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Але, толькі фізычна, а душа ягоная належыць Бацькаўшчыне, якую мусіў пакінуць у часы ваеннага ліхалецьця. Вайна зрабіла з рамантычнага падлетка, які ў 17 гадоў надрукаваў свой першы верш, баявога афіцэра. Ён тады зрабіў свой выбар і стаў менавіта беларускім вайскоўцам, вучыўся ў афіцэрскай школе Беларускай Краёвай Абароны і разам з яе курсантамі пакідаў разбураны Менск. Потым ваяваў з гітлераўцамі ў шэрагах францускага супраціўленьня, удзельнічаў у баявых апэрацыях ў Італіі разам з іншымі беларусамі ў складзе Арміі Андэрса. Пасьля вайны выехаў у Канаду, дзе стаўся адным з закладальнікаў і першым старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады. Сёньня сп. Кастуся найбольш непакоіць тое, што ён зусім мала ведае родную Беларусь. Калі я задала яму традыцыйнае пытаньне, над чым працуе зараз, як пісьменьнік, ягоны адказ быў досыць нечаканым”.

(Акула: ) “Цяпер я ўжо перастаў пісаць, пісаць не буду. Чаму ня буду? Мне хочацца трэці раз паехаць на Бацькаўшчыну. Я двойчы быў і зрабіў, што трэба было. Але, я хачу пабачыць больш, я Беларусь амаль не ведаю. Мне было 14 гадоў, калі пакінуў родную вёску, тады я бачыў толькі ваколіцы Глыбокага, яшчэ коратка быў ў Вільні, бальшыню Беларусі я не бачыў – рэкі, азёры. Я хацеў бы гэта зрабіць, павандраваць. Там ёсьць шмат людзей, якія хацелі б са мной пабачыцца і я хацеў бы іх бачыць. Гэта шмат дае”.

(Сурмач: ) “Доўгія гады пісьменьнік, як і ўся беларуская эміграцыя на Захадзе, быў аддзелены ад сваёй Радзімы “жалезнаю заслонаю”, адчуваў неспатольную прагу пабачыць родныя мясьціны. Ягонае служэньне Бацькаўшчыне, ягоная патрыятычнасьць знайшлі сваё выяўленьне ў літаратурнай творчасьці і Кастусь Акула стаўся адным з самых адметных пісьменьнікаў у беларускім замежжы. Ён аўтар трылёгіі “Гараватка”, рамана “Змагарныя дарогі”, п''есаў, вялізнай колькасьці публіцыстычных твораў, фельетонаў, гумарэсак, зацемкаў. Але на Радзіме ягоныя творы былі ў савецкі час цалкам забароненыя.

Літаратурная творчасьць была найвялікшым захапленьнем Кастуся Акулы. Для гэтага ён выкарыстоўваў кожную вольную хвіліну і сядаў пры кожнай нагодзе друкаваць на сваёй старэнькай машынцы. Па ягоных словах, у адзін з такіх момантаў, калі яму давялося працаваць некалькі гадзінаў у беларускай царкве Кірылы Тураўскага, пісьменьнік і адчуў сваё сапраўднае наканаваньне і Боскае блаславеньне на гэтую працу.

У той жа час, на чужыне яму давялося працаваць на вытворчасьці, каб зарабляць на жыцьцё. Сп. Кастусь кажа, што ўвесь час ён працаваў на прадпрыемстве, дзе робяць камбайны, гэтага было дастаткова, каб матэрыяльна забясьпечыць сям''ю, дзе расло чацьвёра дзяцей. І не толькі”.

(Акула: ) “Я, напрыклад, нідзе не браў дапамогі, не пазычаў грошы, заўсёды свае меў, поўная незалежнасьць у мяне была – найбольш каштоўнае, што мне Бог даў”.

(Сурмач: ) “Не менш каштоўным дарам, якім надзелены ад Усявышняга сп. Кастусь Акула, з’яўляецца, пэўна, і ягоны пісьменьніцкі талент.

Аднак, ягонае творчае станаўленьне, магчыма, не адбылося б, калі б не асабісты адметны жыцьцёвы шлях, ягоныя ўласныя змагарныя дарогі, ягонае адданае служэньне беларускай справе. Сп, Кастусь і да сёньня памятае, як ён упершыню адчуў сябе беларусам”.

(Акула: ) “У 1931 годзе рабілі перапіс, мне тады было 6 гадоў, прыйшлі і пыталіся пра нацыянальнасьць. Наш бацька сказаў – беларус, так я першы раз пачуў, што мы беларусы.

Я беларускую мову пачуў ад чалавека, які быў настаўнікам, дырэктарам школы, расейскамоўнай. Гэта было ў Крулеўшчыне, я вучыўся ў 6 клясе, перад гэтым я скончыў польскую школу, а потым прыйшлі бальшавікі. Адзін раз не было настаўніка матэматыкі, быў хворы, сам дырэктар прыйшоў замест яго і без ніякай прадмовы адкрыў кнігу і пачаў чытаць на такой прыгожай беларускай мове, што я ледзь не падскочыў з радасьці. Мне гэты чалавек адкрыў, сам не ведаючы, зусім новыя дзьверы. Я пасьля гэтага ўжо ведаў, што маю рабіць, што мая мова будзе такая ж прыгожая, як і ягоная, а можа яшчэ прыгажэйшая”.

(Сурмач: ) “Вось як цяпер ацэньваюць творчасьць Кастуся Акулы майстры прыгожага пісьменства на ягонай Бацькаўшчыне. Гаворыць сп. Вольга Іпатава”.

(Іпатава: ) “Кастусь Акула – магутная постаць не толькі духоўная, але найперш пісьменьніцкая. Калі чытаеш ягоныя "Змагарныя дарогі", ці трылёгію "Гараватка", то адчуваеш ў ім вялізарны патэнцыял энэргетычны, патэнцыял любові да Беларусі. Гэтай любоўю пранізана літаральна усё. Я скажу, што гэта па сіле, па таленту, калі параўноўваць, гэта мележаўскае. Толькі без мележаўскай немагчымасьці сказаць усю праўду. Ён казаў так, як хацеў сказаць. Чаму ягоны раман "Змагарныя дарогі" стаў адразу бэстсэлерам? Менавіта таму, што гэта была абсалютна новая старонка душы беларуса, вымушанага дзейнічаць і жыць між двума жорнамі – гэта жорны савецкія і акупацыйныя, нямецкія. Ён паказаў вельмі пераканаўча вобразы маладых людзей, якія былі ахопленыя жаданьнем будаваць сваю незалежную Беларусь. Ірына Варабей зараз перакладае на беларускую мову ягоную кнігу "Заўтра ёсьць сёньня", ён напісаў гэтую кнігу на ангельскай мове. Гэтую кніжку недзе ў 1968 годзе ў канадыйскай прэсе назвалі бэстсэлерам.

Трэба яшчэ сказаць, што мяне ўражвае, што ён працаваў як бы ў вакуўме, яму не было магчымасьці абаперціся на чыюсьці прафэсійную думку, на крытыкаў. Хаця канадыйскія крытыкі, я сама чытала, пісалі пра яго прозу, як пра выдатную прозу. Аднак, у Беларусі была "жалезная заслона" і ён, тым не менш, спадзяваўся, што некалі тое, што ён пісаў, спатрэбіцца ў Беларусі, што абудзіць нечыя сэрцы. І так, па праўдзе, сталася”.

(Сурмач: ) “Сапраўды, сп. Кастусь пабачыў, што вынікі ягонай працы дайшлі да чытача на Бацькаўшчыне, каму яны і былі адрасаваныя?”

(Іпатава: ) “Так, лёс паспрыяў яму ў гэтым. Ён змог прыехаць у Беларусь. Я памятаю ягонае выступленьне каля опэрнага тэатра, калі там стаялі тысячы людзей, усё было запоўнена. Ён выступаў і ўсе глядзелі на яго, як на жывую легенду. Прызнаюся, што я тады хацела да яго падыйсьці і пазнаёміцца, але пасаромелася, было не прабіцца, яго абкружылі шчыльным колам.

Але, так сталася, што пазьней мы пазнаёміліся і пры больш блізкім знаёмстве я пераканалася, што ён жыве сваёю прозаю, ён не раздвойваецца, як гэта часам бывае ў пісьменьнікаў – піша адно, а ў жыцьці гэтага не робіць. А Кастусь Акула абсалютна арганічны ва ўсіх сваіх дзеяньнях, думках, справах, у сваім жыцьці”.

(Сурмач: ) “Сп. Вольга, Вы цяпер зьбіраецеся ў Канаду і будзеце мець магчымасьць непасрэдна павіншаваць юбіляра”.

(Іпатава: ) “Так, але толькі на некаторы час. Я таксама спадзяюся папрацаваць з архівамі Кастуся Акулы. Ён, па-мойму, да гэтага не зусім дбайна ставіцца, як усе творчыя людзі. Нам з боку як бы больш выразна бачна, што гэтыя архівы заслугоўваюць самай пільнай увагі. У яго ёсьць лісты Васіля Быкава, ён ліставаўся з многімі выдатнымі асобамі беларускага замежжа.”

(Сурмач: ) “Кастусь Акула атрымаў прызнаньне на Радзіме і стаў ганаровым замежным сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Праўда, сёньняшнія ўлады спрабуюць ізноў вярнуць забароны для замежных творцаў. Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў сп. Алесь Пашкевіч кажа, што сябры Саюзу будуць змагацца, каб гэтага не адбылося, хаця супрацьстаяць гэтаму працэсу не заўсёды ўдаецца”.

(Пашкевіч: ) “Кастусь Акула, як і іншыя вядомыя творцы беларускай эміграцыі, быў прадстаўлены і ва ўнівэрсытэцкай праграме "Гісторыя беларускай літаратуры 20 стагодзьдзя". А потым гэтая катэдра, якая распрацоўвала праграму і забясьпечвала яе выкананьне, была расфармаваная. Цяпер пішацца новая праграма і, на жаль, афіцыйна ізноў выкрэсьліваюцца з вучэбных праграмаў літаратары беларускага замежжа”.

(Сурмач: ) “Сп. Пашкевіч не толькі пісьменьнік, але і дасьледчык літаратуры беларускага замежжа. Ягоная дысэртацыя на гэтую тэму была пасьпяхова ім абароненая, але і да сёньняшняга часу не зацьверджаная ВАК. Паслухаем меркаваньне сп. Алеся пра творчасьць Кастуся Акулы, якому ў дысэртацыі таксама было адведзена належнае мейсца”.

(Пашкевіч: ) “Проза і драматургія Кастуся Акулы гарманічна, арганічна ўплятаюцца, уваходзяць у агульнанацыянальны кантэкст беларускай літаратуры 20 стагодзьдзя, як творчасьць, якая палягае на нацыянальнай традыцыі, нацыянальнай ідэі і зь яе ўзрастае. З другога боку – гэта адасоблены творца. Творчая індывідуальнасьць, суплёт індывідуальнага, з аднаго боку, а з другога – гарманічнага і традыцыйнага. Ягоны раман "Змагарныя дарогі" зьяўляецца ўзорам і ідэйнай, і жанравай, і стылёвай паліфанічнасьці. З аднаго боку гэта дакумэнтальны твор, а з другога боку ўплятаецца уласна мастацкае, нарысавае і публіцыстычнае. Вось гэтая паліфанія узбагачае твор”.

(Сурмач: ) “А з чыёй творчасьцю, на Вашу думку, можна параўнаць гэтую паліфанію Кастуся Акулы ў сучаснай беларускай літаратуры?”

(Пашкевіч: ) “Мне здаецца, што Кастусь Акула якраз у гэтым рэчышчы, у гэтым аспэкце арыгінальны.

Калі ўзяць іншыя ягоныя празаічныя творы, напрыклад, добра вядомую на Бацькаўшчыне трылёгію "Гараватка", то яна бліжэй да нацыянальнай традыцыі і нацыянальнай прозы. У эмігранцкай прозе гэта трылёгія займае асобнае мейсца, бо гэта вялікі цыкл, маштабны цыкл аповесьцяў. Нагадаю, гэта першая кніга – "Дзярлівая птушка", потым "Закрываўленае сонца" і "Беларусы, вас чакае зямля". Гэта панарамнае, эпічнае палатно, арганічнае для агульнага нацыянальнага кантэксту. Яно адметнае сваім спасьціжэньнем побыту народнага, беларускай народнай псыхалёгіі, маштабным і пранікнёным вывучэньнем беларускай нацыянальнай мэнтальнасьці. Вось гэтая заходнебеларуская хроніка Кастуся Акулы можа параўнацца з "Палескай хронікай Івана Мележа. Як раз мы маем два мастацкія летапісы беларускіх рэгіёнаў – заходнебеларускага і палескага. Трылёгія Кастуся Акулы разам з творамі Івана Мележа, Вячаслава Адамчыка – гэта якраз тыя празаічныя палотны, якія засталіся і застануцца ў гісторыі, як мастацкія сьведчаньні і ўрэшце, як аўтабіяграфічныя сьведчаньні пра мінулае нашай краіны.

Кастусь Акула выявіўся не толькі ў прозе, але і ў паэзіі, у публіцыстыцы, у выдавецкай дзейнасьці. Трэба яшчэ сказаць, што і ў драматургіі ён таксама заняў дастойнае мейсца”.

(Сурмач: ) “Як лічыце, ягоная п''еса "Тараканы ў саладусе" будзе пастаўленая ў Беларусі, ці ў замежжы, яе тэма вельмі актуальная цяпер?”

(Пашкевіч: ) “Наколькі я ведаю, што гэтая п''еса ні разу на сцэне не ўвасаблялася ні ў замежжы ні ў Беларусі”.

(Сурмач: ) “Друкавалася толькі ў газэце "Бацькаўшчына".

(Пашкевіч: ) “Жанр гэтай п''есы абазначаны аўтарам, як камэдыя, але я думаю, што гэта хутчэй трагікамэдыя. Вобраз галоўнага героя Сьцяпана Пінкевіча тыповы і калярытны, гэта своеасаблівы дублёр Купалавага Мікіты Зносака, які праз сваю невыразную нацыянальную пазыцыю лёгка зьмяняе сваё бацькоўскае прозьвішча. Пінкевіч, як і сотні іншых беларусаў-паязджан, так званых сацыяльных ці эканамічных эмігрантаў, як тыя тараканы, спакусіліся на салодкае жыцьцё на чужыне і пагразьлі ў гэтай саладусе. А вось культурная, інтэлектуальная эміграцыя не толькі ў саладусе не заблудзілася, не спакусілася, а наадварот вучыла беларусаў на эміграцыі заставацца беларусамі ва ўсіх сытуацыях”.

(Сурмач: ) “Сам аўтар, безумоўна, належыць да гэтай другой групы эмігрантаў, якія на чужыне заставаліся сьвядомымі беларусамі і закладалі там беларускае жыцьцё.

Гаворыць вядомы дзеяч беларускай паваеннай эміграцыі ў ЗША сп. Вітаўт Кіпель, які сёньня таксама пажадаў прывітаць юбіляра”.

(Кіпель: ) “Я Кастуся Акулу вітаю, ведаю яго, як вельмі адданага грамадзкага працаўніка, гэта было вельмі важна, бо трэба было ствараць новыя арганізацыі ў Канадзе і Амэрыцы. Дарэчы, ён шмат дапамагаў амэрыканскім беларускім арганізацыям.

З Кастусём Акулам я супрацоўнічаў і ў публіцыстычнай дзялянцы.

Я яго расцэньваю, як пісьменьніка, вельмі пазытыўна. Асабліва ягоную англамоўную кнігу "Tomorrow Is Yesterday”(“Учора – гэта сёньня "), яна карысталася посьпехам, гэтая кніжка чыталася, быў на яе попыт.

Ён адлюстраваў цэлую эпоху пачатку і сярэдзіны дваццатага стагодзьдзя, паказаў лёс беларускага юнака, сьведамага беларуса ў атмасфэры таго часу. І да сёньня, фактычна, гэта недастаткова асьветлена.

Безумоўна, цяпер зьяўляюцца працы, як "Беларусы пад Монтэ Касына". Але, майце на ўвазе, напрыклад, пакуль зусім не асьветлена такая тэма, як удзел беларусаў у гішпанскай грамадзянскай вайне. У гэтай вайне было вельмі шмат беларусаў, бо з Заходняй Беларусі вэрбавалі камуністы ўдзельнічаць у інтэрнацыянальных брыгадах. Кастусь Акула ўзяў другую усясьветную вайну, але добра было б, каб нехта і гішпанскую закрануў”.

(Сурмач: ) “Пісьменьнік Уладзімер Арлоў мае асаблівыя ўспаміны пра першае знаёмства з Кастусём Акулам”.

(Арлоў: ) “Маё знаёмства з Кастусём Акулам пачалося ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, яшчэ да "перабудовы". Гаспадар адной менскай кватэры, уладкаваўшы мяне на начлег, павагаўшыся трохі выцягнуў з нетраў кніжнай шафы некалькі заакіянскіх беларускіх выданьняў. З аднаго з іх я і даведаўся пра Кастуся Акулу, які восеньню 1967 году ў Манрэалі на сусьветнай выставе "Экспо-67" правёў акцыю, якая мела вялікі розгалас. Тысячы людзей, якія сабраліся на Дзень Савецкага Саюзу, там дарэчы прысутнічаў першы намесьнік Касыгіна – Палянскі, гэтыя тысячы канадыйцаў убачылі, як адзін з прысутных у сэкцыі прэсы падаў зычны голас, які быў чуваць на сотні крокаў, як пісала потым прэса. Голас гэты патрабаваў "Свабоду Беларусі". Паліцыянты хутка схапілі гэтага чалавека, зацягнулі ў "варанок" і павезьлі ў пастарунак. Потым прэса некалькі дзён пісала, што гэта быў беларускі пісьменьнік у Канадзе Кастусь Акула”.

(Сурмач: ) “Сп. Уладзімер, але потым сталася так, што Вы непасрэдна пазнаёміліся з пісьменьнікам і вашае сяброўства працягваецца да сёньня”.

(Арлоў: ) “Гэтае завочнае знаёмства атрымала свой працяг улетку 1992 году, калі Кастусь Акула амаль праз паўстагодзьдзя ізноў ступіў на родную зямлю. Мы тады з ім крыху пападарожнічалі. Зьдзейсьнілася даўняя мара Кастуся Акулы, мы разам тады зьездзілі ў Полацак, наведалі Спаса-Эўфрасіньеўскі манастыр, Сафійскі сабор, сустрэліся з полацкімі літаратарамі. Я ў гэтым падарожжы упершыню, пазнаёміўшыся бліжэй са сп. Кастусём, захапіўся ягоным пачуцьцём гумару, якое яму дапамагала жыць і выжыць на ягоных змагарных дарогах. Па дарожцы ў Полацк сп. Кастусь, напрыклад, у бягомльскіх бабулек купіў за недзе 20 даляраў пару налітых антонавак. А яшчэ глыбейшыя ўражаньні ён пакінуў, напэўна, у дыспэтчарак з нашых аўтастанцыяў, дзе пытаўся, ці можна замовіць у іх кубак кавы.

Потым мне таксама даводзілася падарожнічаць з Кастусём Акулам, у ягоны наступны прыезд мы езьдзілі ў Мір, у Нясьвіж. Я тады ўжо зразумеў, якое вялікае мейсца ў яго сьветаразуменьні, у яго сьветаўяўленьні займае беларуская гісторыя”.

(Сурмач: ) “Трэба нагадаць, што Вы не толькі вандравалі са сп. Акулам па Беларусі, але мелі дачыненьне і да выданьня на Бацькаўшчыне ягоных кніг”.

(Арлоў: ) “Мне вельмі прыемна, што я меў дачыненьне да выданьня ў Беларусі першай кнігі Акулы "Змагарныя дарогі" і кнігі "Россыпы", якая толькі што выйшла з друкарні, якая яшчэ пахне свежаю друкарскаю фарбаю – гэта такі для літаратара ні з чым не параўнальны цудоўны пах. Гэтая кніга ўключае, апроч рамана "Змагарныя дарогі" і аўтабіяграфічныя мініяцюры, зацемкі, якія і далі назву для кніга. І гэтыя россыпы сталі вельмі каштоўным дадаткам да жыцьцяпісу літаратара.

Я думаю, што пра ягоныя раманы скажуць прафэсійныя крытыкі, а я паспрабую сказаць пра Акулу, як пра паэта і літаратуразнаўцу. Ён пачынаў, як паэт, і вельмі рана сутыкнуўся з такою зьяваю, як цэнзура. Калі ён кароткі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, ён прапанаваў у віленскі "Беларускі голас", які выдаваў Францішак Аляхновіч, свой верш "Прывітаньне Вільні", аўтару было 17 гадоў. Верш быў надрукаваны, але, як потым згадваў сам сп. Кастусь, альбо нямецкі альбо летувіскі цэнзар зьняў з гэтага верша цэлую страфу, яна гучала так:

Прывітаньне табе Вільня, Слаўны горад крывічоў, Места памятак магільных Нашых прадзедаў, дзядоў.

Але, вось у кніжцы "Россыпы", гэты верш друкуецца цалкам. Хачу сказаць, што сп. Акула надзелены і талентам парадыста. У ягонай кнізе "Усякая ўсячына", якая выйшла ў Таронта ў 1984 годзе, ёсьць некалькі пародыяў, напісаных на скрозь прасякнутыя камуністычнай ідэалёгіяй творы некаторых нашых тагачасных паэтаў. Адна з іх называлася "Слава партыі роднай":

На вежы Крамлёўскай гамоняць куранты, Таўкуцца на плошчы ў чарзе экскурсанты, Каб муміі жоўтай ў змрочнай грабніцы падзякаваць, нізка чалом пакланіцца.

Я для сябе ў час падрыхтоўкі кнігі яшчэ адкрыў Кастуся Акулу, як і дапытлівага літаратуразнаўцу, дасьледчыка. Яго публікацыі такога кшталту ў свой час зьяўляліся на старонках газэты "Бацькаўшчына". У адной з іх ён заўважыў, як цяпер ужо цэнзары маскоўскія, савецкія адрэдагавалі пераклад з Байрана, зроблены Уладзімерам Дубоўкам. Пераклад Дубоўкі пачынаецца так:

Масква, ты ўсім захопнікам рубеж, Суворы Карл сюды імкнуўся перш...

Насамрэч, у арыгінале ў Байрана пачынаецца гэтая паэма так: (тут Акула прыводзіць свой вольны пераклад, але дакладны)

Паўварварскай Масквы мінарэты зьзяюць у сонцы, Але, гэта тое сонца, якое заходзіць.

Гэтыя радкі, як у свой час радкі самога Кастуся ў Вільні, былі бязьлітасна выкрасьлены. Так што, рэдагаваўся нават Байран”.

(Сурмач: ) “Сп. Уладзімер, вы напісалі прадмову да кнігі “Россыпы”, якая цяпер выйшла, і назвалі яе даволі арыгінальна – "Птушатнік з Верацеяў".

(Арлоў: ) “Адна з маіх ранейшых публікацый пра Кастуся Акулу называлася "Птушатнік з Верацеяў". Назва гэтая мне вельмі спадабалася. Там я пішу пра тое, што партрэт Кастуся Акулы будзе, напэўна, не поўным, калі не сказаць пра ягонае захапленьне птушкамі, Ён можа ў лісьце пісаць са скрухаю, што ў Таронта загінулі вераб''і, альбо згадваць, як у свае прыезды ў Беларусь ён бачыў сарокаў. Аказваецца, калі верыць "птушатніку" Акулу, сарокаў у Канадзе няма і наша звычайная сарока выглядала б там, як экзот, як для нас какаду. Кожны ліст ад Акула, а апошнім часам яны ўсе прыходзяць некім ужо прачытаныя і адзначаныя штэмпэлем, што атрымана на пошце ў пашкоджаным выглядзе, кожны з гэтых лістоў сп. Акула завяршае малюнкам птушкі.

Я думаю, што пісьменьнік, які ў 80 гадоў малюе птушак, павінен жыць доўга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG