Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Крол: “Правядзеньне дэмакратычных выбараў у Беларусі пад пагрозай”


Валер Каліноўскі, Менск Амбасадар ЗША ў Менску Джордж Крол сёньня выказаўся наконт шэрагу праблемных момантаў у дачыненьнях Злучаных Штатаў і Беларусі і ацаніў сытуацыю ў Беларусі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006 году. На прэсавай канфэрэнцыі амэрыканскага пасла пабываў наш карэспандэнт.

Амбасадар ЗША Джордж Крол сёньня пацьвердзіў, што доўгатэрміновай палітыкай Злучаных Штатаў адносна Беларусі застаецца спрыяньне разьвіцьця дэмакратыі. У гэтым пляне вызначальным зьяўляецца ўхвалены год таму Кангрэсам ЗША Акт аб дэмакратыі ў Беларусі.

(Крол: ) “І ёсьць шэраг магчымых рашэньняў і крокаў, якія ўрад ЗША і эўрапейскія партнэры могуць прадпрыняць у сваіх падыходах да Беларусі. Гэтыя патэнцыйныя рашэньні і крокі знаходзяцца на стадыі актыўнага разгляду ўрада Злучаных Штатаў”.

Спадар Крол паведаміў, што прадугледжаная Актам аб дэмакратыі справаздача Кангрэсу наконт рахункаў і маёмасьці беларускага кіраўніцтва застаецца на стадыі падрыхтоўкі ва ўрадавых структурах ЗША.

Спадар Крол заявіў таксама, што Злучаныя Штаты зацікаўлена назіраюць за падрыхтоўкай у Беларусі да выбарчай кампаніі 2006 году. Станоўчым фактам ён назваў магчымасьць для апазыцыі правесьці ў Беларусі Кангрэс дэмакратычных сіл і свабодна абраць свайго кандыдата. Аднак Джордж Крол адзначыў, што Аляксандар Мілінкевіч і ягоныя калегі застаюцца ў інфармацыйнай блякадзе ад рэшты беларускага грамадзтва. Беларускія грамадзяне ня маюць свабоднага доступу да інфармацыі, не адбываецца свабоднага абмену думак, што патрэбна для вольнага выбарчага працэсу:

(Крол: ) “Той факт, што гэтага не адбываецца ў Беларусі, вельмі непакоіць і ставіць пад пытаньне, ці будуць выбары будучага году вольнымі, справядлівымі і дэмакратычнымі”.

Спадар Крол таксама зьвярнуў увагу на дзеяньні ўладаў супраць “Народнай Волі” і іншых незалежных беларускіх СМІ, ціск на арганізацыю назіральнікаў на выбарах “Партнэрства”.

(Крол: ) “Гэтая сытуацыя выглядае пагрозьлівай для дэмакратычных выбараў, але міжнародная супольнасьць, уключна са Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам, будуць уважліва сачыць за яе разьвіцьцём, каб, як сказала дзяржсакратар Кандаліза Райс, праліць яскравае сьвятло ўвагі на абставіны, якія складаліся ў Беларусі”.

Акрамя таго Джордж Крол сёньня паведаміў, што амбасада ЗША выказала Міністэрству замежных справаў Беларусі сваю занепакоенасьць “антыамэрыканскай кампаніяй у дзяржаўных СМІ”.

А камэнтуючы незадавальненьне беларускіх уладаў нявыдачай амэрыканскай візы прадстаўніку Савету Рэспублікі Мікалаю Чаргінцу, які накіроўваўся ў ААН, спадар Крол зазначыў, што беларускі МЗС адклікаў заяўку на атрыманьне візы спадару Чаргінцу да таго, як скончыўся яе разгляд.

Гл.таксама • Амбасада ЗША выказвае МЗС Беларусі пратэст супраць антыамэрыканскай кампаніі ў дзяржаўных СМІ
XS
SM
MD
LG