Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод “ворагаў інтэрнэту” – Кітай, Іран і Беларусь


Сьвятлана Курс, Прага Заўтра ў Тунісе пачынаецца найвышэйшы саміт ААН па інфармацыйных тэхналёгіях. Чакаецца, што ўдзел у саміце возьмуць прадстаўнікі 175 краінаў, а таксама няўрадавыя арганізацыі і прыватныя кампаніі, якія працуюць у гэтай сфэры. Адна з такіх арганізацыяў – “Рэпартэры бязь межаў” – апублікавалі штогадовы сьпіс дзяржаваў – “ворагаў Інтэрнэту”. Ачольваюць яго Кітай і Іран. Беларусь, Узбэкістан і Туркмэністан названыя ў шэрагу рэпрэсіўных дзяржаваў, якія спрабуюць кантраляваць віртуальную прастору дзеля змаганьня зь палітычнай апазыцыяй.

Арганізатары найвышэйшага саміту ААН чакаюць, што цягам гэтага трохдзённага мерапрыемства пройдуць дэбаты аб магчымасьці кантролю над Інтэрнэтам. Раней гэтую праблему абмяркоўвалі на папярэднім саміце ААН у 2003 годзе. Гаворыць адна з арганізатараў Франсін Лямбэр:

(Лямбэр: ) "У 2003 годзе былі дэкляраваныя прынцыпы вырашэньня праблемаў, паводле якіх будзе разьвівацца альбо разьвіваецца інфармацыйнае грамадзтва. А таксама шляхі аб’яднаньня ўсіх супольнасьцяў сьвету ў адно інфармацыйнае грамадзтва да 2015 г. – паводле пляну, які складаўся з 15 пунктаў. На сустрэчы 2005 г. мы пазначылі будучыя мэты, другая сустрэча мае знайсьці практычныя спосабы рэалізацыі плянаў”.

Гэтыя мэты заснаваныя на патрабаваньнях арт. 19 Міжнароднай Дэклярацыі правоў чалавека, які гарантуе права на свабоду думкі й слова – у тым ліку права свабодна шукаць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю й ідэі празь СМІ і без абмежаваньняў.

Кіраўнік аддзелу інтэрнэту арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў” Жульен Пэн кажа, што самая вялікая пагроза правам чалавека ў віртуальнай прасторы – дыктатарскія ўрады.

“Рэпрэсіўныя рэжымы імкнуцца ўсталяваць поўны кантроль над інтэрнэтам. Мы бачым гэта ў Кітаі і Іране. Кожны дыктатар на зямной кулі імкнецца зьнішчыць дысыдэнцтва ў інтэрнэце, блякаваць сайты, дзе ўтрымліваецца нецэнзураваная інфармацыя або абмежаваць ці забараніць доступ” – кажа Жульен Пэн.

Гэтак, Кітай прымяняе высокія тэхналёгіі для кантролю над інтэрнэтам. Улады набылі ў амэрыканскіх кампаніяў тэхналёгію, якая дазваляе эфэктыўна цэнзураваць сетку. Грамадзяне Кітаю практычна ня маюць магчымасьці азнаёміцца з інфармацыяй і меркаваньнямі, якія не супадаюць з курсам кітайскіх уладаў.

У Іране й Беларусі ўлады спрабуюць прымяніць падобныя стратэгіі цэнзураваньня. Гэтак, Іран пастаянна цэнзуруе тысячы вэбсайтаў. А Туркмэністан ды Ўзбэкістан, здаецца, ідуць па шляху Кубы й Паўночнай Карэі, дзе ўвогуле забаронена карыстацца інтэрнэтам. Цэнзураваньне й забарона – дзьве асноўныя стратэгіі змаганьня дыктатараў з сусьветнай павуцінай. Іранскі ўрад арыштоўвае блогераў, якія зьмяшчалі крытычную інфармацыю ў сваіх інтэрнэт-дзёньніках.

Беларусь трапіла ў сьпіс у 2003 г. разам з Зымбабвэ, лідэр якой лічыць сусьветную павуціну абсалютным злом. У сёлетнім дасьледаваньні “Рэпартэры бязь межаў” зазначаюць: у Беларусі лягчэй за ўсё сачыць за карыстальнікамі інтэрнэту, бо доступ да яго забясьпечвае дзяржаўны правайдэр, які ахвотна дае прыватную інфармацыю аб сваіх кліентах спэцслужбам.

Улетку 2005 г., адзначаюць праваабаронцы, беларускія ўлады перасьледавал арганізацыю “Трэці шлях” (3dway.org), якая разьмясьціла мультфільмы пра Аляксандра Лукашэнку на сваім сайце. Сябра “Трэцяга шляху” Павел Марозаў зазначае, што беларускае заканадаўства абавязвае кожнага, хто карыстаецца інтэрнэтам у кампутарных клюбах, падаваць свае пашпартныя зьвесткі. Беларускія інтэрнэт-кавярні маюць праграмы бясьпекі, якія фіксуюць усю інфармацыю аб інтэрнэт-дзейнасьці наведвальніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG