Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Страсбуры абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі напярэдадні выбараў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Страсбуры адбылося спатканьне старшыні дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі Богдана Кліха і кіраўніка падкамітэту ПАРЭ па Беларусі Андрэса Хэркеля, якія абмеркавалі пляны сумеснай дзейнасьці што тычыцца беларускіх пытаньняў, перадусім будучых прэзыдэнцкіх выбараў.

Кіраўнік падкамітэту ПАРЭ па Беларусі Андрэс Хэркель завіў нашаму радыё, што ў часе сустрэчы былі абмеркаваныя пытаньні супрацоўніцтва паміж дэлегацыяй Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі і падкамітэтам ПАРЭ.

Акрамя гэтага, спадары Кліх і Хэркель абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Я запытаўся, ці ня ішла гаворка аб магчымым удзеле ў выбарах прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту і ПАРЭ ў якасьці назіральнікаў?

(Хэркель: ) “Мы размаўлялі аб тым, як розныя міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Эўрапейскі парлямэнт і Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы, маглі б супрацоўнічаць у справе беларускіх выбараў, што адбудуцца летам наступнага году. Тут важнае супрацоўніцтва і з парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ. Нядаўна я сустракаўся ў гэтай справе са спадарыняй Утай Цапф, якая займаецца ў гэтай арганізацыі беларускім пытаньнем. Калі вы пытаецеся пра назіраньне, дык мы, натуральна, зацікаўленая, каб адпаведныя правы і свабоды былі гарантаваныя беларусам яшчэ да выбараў. Але пытаньне, ці будуць непасрэдна накіраваныя ад нас назіральнікі, будзе яшчэ абмяркоўвацца. Пакуль яснасьці няма”.

Паводле Андрэса Хэркеля, у дадзены момант Рада Эўропы спрабуе вырашыць праблему назіраньня за выбарамі ў Чачэніі.

(Хэркель: ) “У хуткім часе адбудуцца выбары ў Чачэніі. Там будуць прадстаўнікі Рады Эўропы, але без афіцыйнага статусу назіральнікаў. Канечне, адначасова мы думаем над тым, што зрабіць у выпадку Беларусі. Зразумела, што выбары, гэта шанец пабудаваць дэмакратыю, і мы хацелі б мець дачыненьне да гэтага працэсу”.

Паводле Андрэса Хэркеля ў хуткім часе плянуецца наладзіць сустрэчу ўсіх сяброў дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі і падкамітэту ПАРЭ па Беларусі, дзе, сярод іншага, будзе абмяркоўвацца і пытаньне назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG