Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Капэнгагене на сэсіі ПА НАТО прынятая рэзалюцыя па Беларусі


Алена Струвэ, Менск А 17-й гадзіне ў Капэнгагене на 51-й сэсіі ПА НАТО была прынятая рэзалюцыя па Беларусі. На прапанову аднаго з аўтараў праекту дакумэнта нідэрляндзкага дэпутата Бэрта Кундэрза быў цалкам зьняты пункт “7b” — заклік да парлямэнтаў і ўрадаў абмежаваць кантакты з афіцыйным Менскам. Што да астатняга тэксту дакумэнта, то ён быў аднадушна ўхвалены ўдзельнікамі пленарнага паседжаньня.

Рэзалюцыя ПА НАТО заклікае беларускія ўлады забясьпечыць свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары і захоўваць свае абавязацельствы ў рамках АБСЭ і ААН. Рэзалюцыя падтрымлівае высновы дакладу дэпутата ПА РЭ Хрыстаса Пургурыдэса адносна датычнасьці беларускіх афіцыйных асобаў да палітычных зьнікненьняў у Беларусі і апэлюе да афіцыйнага Менску правесьці незалежнае расьсьледаваньне і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых.

Ад Беларусі на сэсію ПА НАТО былі запрошаныя лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч і жонка зьніклага беларускага журналіста, заснавальніца журналісцкага фонду імя Зьмітра Завадзкага Сьвятлана Завадзкая.

У рамках цяперашняй 51-й сэсіі ПА НАТО беларускае пытаньне ўздымалася двойчы. У нядзелю, 13 лістапада, у часе адмысловых дэбатаў на палітычным камітэце (тады з прамовай перад парлямэнтарамі выступіла Сьвятлана Завадзкая), і цяпер у часе пленарнага паседжаньня, калі праводзілася галасаваньне па рэзалюцыі. Сёньняшні даклад па сытуацыі ў Беларусі зрабіў Станіслаў Шушкевіч.

Што да самога галасаваньня — чакалася, што абмеркаваньне беларускай рэзалюцыі будзе хуткім, паколькі напярэдадні, у часе паседжаньня палітычнага камітэту праект дакумэнта быў аднадушна ўхвалены парлямэнтарамі, у тым ліку і пункт, які заклікаў парлямэнты і ўрады НАТО да абмежаваньня дачыненьняў зь Менскам на афіцыйным узроўні. Заклік, аднак, выклікаў пратэсты з боку расейскай дэлегацыі, якая, праўда, ня мае права голасу ў ПА НАТО. Сёньняшнюю дыскусію вакол адпаведнага пункту справакаваў сам аўтар праекту — нідэрляндзкі дэпутат Бэрт Кундэрз. У размове са “Свабодай” спадар Кундэрз сказаў:

(Кундэрз: ) “Гэта была мая прапанова. Пасьля размоваў і ваганьняў я прыйшоў да высновы, што падобны пункт можа выклікаць шмат цяжкасьцяў для тых людзей, якія хочуць шмат зрабіць для Беларусі. Справа ў тым, што нам патрэбныя самыя шырокія кантакты з гэтай краінай, каб Беларусь не апынулася ў поўнай ізаляцыі. Як вынік, мы зьнялі гэты пункт. Увесь астатні тэкст рэзалюцыі быў прыняты бязь зьменаў. Дадам, што ў часе пленарнага паседжаньня быў складзены ліст да беларускага прэзыдэнта Лукашэнкі. Мы азнаёмілі яго з рэзалюцыяй, а таксама выказалі сваё жаданьне як парлямэнтароў НАТО назіраць за будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Аднак мы спачатку хочам убачыць пазытыўную рэакцыю беларускага боку на нашы патрабаваньні”.

Як паведаміла “Свабодзе” Сьвятлана Завадзкая, парлямэнтары НАТО слухалі выступы беларусаў зь цікавасьцю і адначасна з заклапочанасьцю:

(Завадзкая: ) “Вы ведаеце, аказваецца, даволі многія ўдзельнікі сэсіі і ня ведалі пра тую праблему зьніклых, якая існуе ў Беларусі. Прыйшлося шмат што тлумачыць. Нам было прыемна бачыць салідарную пазыцыю эўрапейскіх краінаў і ЗША па беларускім пытаньні. Апошні раз я бачыла такое галасаваньне, калі абмяркоўвалася рэзалюцыя спадара Пургурыдэса ў ПА РЭ. У часе дэбатаў прагучала такое меркаваньне, што для ПА НАТО беларускае пытаньне будзе адным з прыярытэтных”.

На 51-ю сэсію ПА НАТО Сьвятлана Завадзкая і Станіслаў Шушкевіч былі запрошаныя кіраўніком НАТО Япам дэ Гоп Схэфэрам. У Капэнгагене Завадзкая і Шушкевіч сустрэліся са старшынём ПА П’ерам Лелюшам, генсакратаром Асамблеі Сымонам Лунам, аўтарамі праекту рэзалюцыі па Беларусі Бэртам Кундэрзам і Маркусам Мэкелем, а таксама прадстаўнікамі Сэнату і Кангрэсу ЗША, удзельнікамі шэрагу парлямэнцкіх дэлегацыяў.
XS
SM
MD
LG