Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне пачалася кампанія ў падтрымку А.Мілінкевіча


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці распачалася інфармацыйная кампанія ў падтрымку адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары Аляксандра Мілінкевіча.

Намесьнік кіраўніка рэгіянальнага штабу падтрымкі адзінага кандыдата Віктар Раманішка паведаміў:

(Раманішка: ) “У Рэчыцы, Сьветлагорску, Жлобіне ўжо пачалі разносіць улёткі з інфармацыяй пра Мілінкевіча”.

Магчымасьць лепей пазнаёміцца з Аляксандрам Мілінкевічам як прэтэндэнтам ад дэмакратычных сілаў на будучыя прэзыдэнцкія выбары зьявілася і ў жыхароў абласнога цэнтру. Распавядае каардынатар інфармацыйнай кампаніі ў Савецкім раёне Гомелю сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў:

(Палякоў: ) “Інфармацыйныя матэрыялы зь біяграфічнымі зьвесткамі Мілінкевіча, са зьвесткамі, датычнымі Кангрэсу дэмакратычных сілаў, ужо атрымалі нашы агітатары, і яны раздаюць гэтыя матэрыялы жыхарам нашага раёну. Яны ўжо вядомыя”.

Я пацікавіўся ў некаторых выбарцаў, як яны ўспрынялі па сутнасьці першую інфармацыю пра Аляксандра Мілінкевіча — новага чалавека на палітычнай арэне Беларусі.

(Сяргей: ) “Мілінкевіча да гэтага часу я ня ведаў. Цяпер пазнаёміўся і бачу, што гэта чалавек інтэлігентны, таленавіты. Ён патрэбны Беларусі. На самай справе ня ўсё ў нашай краіне добра, і хочацца ўжо пераменаў”, — лічыць малады выбарца, які назваўся Сяргеем.

Інфармацыйная кампанія папярэднічае асабістаму знаёмству жыхароў рэгіёну з Аляксандрам Мілінкевічам. Як паінфармаваў кіраўнік рэгіянальнага штабу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Уладзімер Кацора, у хуткім часе Аляксандар Мілінкевіч і сам наведае Гомель ды некаторыя іншыя гарады рэгіёну.
XS
SM
MD
LG