Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі абвясьціў галадоўку


Алег Грузьдзіловіч, Менск Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі абвясьціў у Івацэвіцкай калёніі галадоўку. Валер Леванеўскі патрабуе спыніць ціск з боку адміністрацыі калёніі, а таксама пратэстуе супраць забароны сустракацца са сваякамі.

Пра тое, што Валер Леванеўскі пачаў у калёніі галадоўку, сваякам вязьня паведаміў адвакат Аляксандар Бярылаў, які 14 лістапада сустрэўся зь Леванеўскім у калёніі. Паводле адваката, Валер Леванеўскі галадуе з 13 лістапада. Ён пратэстуе супраць дзеяньняў некаторых супрацоўнікаў адміністрацыі і дамагаецца іх службовага пакараньня. Пра падзеі, якія спрычыніліся да галадоўкі, распавёў сын Леванеўскага Ўладзімер:

(Леванеўскі: ) “Намесьнік начальніка калёніі арганізаваў ператрус асабістых рэчаў майго бацькі, знайшлі нейкае дробнае парушэньне і пакаралі яго пазбаўленьнем права на доўгатэрміновае спатканьне. Бацька лічыць, што гэтак зь ім паквіталіся за тое, што ён працягвае скардзіцца ў розныя інстанцыі на парушэньні ягоных правоў і правоў вязьняў калёніі”.

Паводле адваката Аляксандра Бярылава, Уладзімер Леванеўскі адразу паведаміў пра галадоўку адміністрацыі калёніі і быў пераведзены ў мэдычную частку, дзе за станам ягонага здароўя назіраюць. Пра тое, як пачуваецца Валер Леванеўскі цяпер, адвакату невядома. Паводле Аляксандра Бярылава, Валер Леванеўскі п’е ваду і адмаўляецца толькі ад ежы. Ён мае намер галадаваць, пакуль зь яго ня здымуць пакараньня і не пакараюць супрацоўнікаў адміністрацыі, якія, як ён лічыць, зрабілі супраць яго правакацыю.

“Наколькі мне вядома, у Леванеўскага знайшлі кнігу, якую ён мусіў здаць у бібліятэку. За гэтае дробнае парушэньне яму адмовілі ў спатканьні з жонкай і сынамі, што для вязьня вельмі адчувальна. Безумоўна, гэта неадэкватнае пакараньне за такую дробязь”, — лічыць адвакат Аляксандар Бярылаў.

У Івацэвіцкай калёніі адмовіліся пацьвердзіць альбо абвергнуць зьвесткі пра галадоўку Валера Леванеўскага.

Гэта ня першая галадоўка Валер Леванеўскага ў месцах зьняволеньня. Раней ён галадаваў, дамагаючыся разгляду сваіх скаргаў на дзеяньні адміністрацыі калёніі. Сярод патрабаваньняў апошняй галадоўкі Валера Леванеўскага была адстаўка кіраўніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Уладзімера Коўчура. Аднак галоўны турэмшчык краіны у адстаўку не сышоў, а Валер Леванеўскі быў пазбаўлены права на амністыю, якая магла скараціць яму пакараньне на адзін год.

Валер Леванеўскі быў пакараны летась на 2 гады пазбаўленьня волі за ўлётку, у якой было напісана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Гарадзенскі суд убачыў у гэтых словах паклёп на прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG