Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рар: “У 2006 Эўразьвяз і ЗША адзіным фронтам выступяць супраць Лукашэнкі”


Алесь Дашчынскі, Менск У Нямеччыне створана апошняя перадумова для абраньня Ангелы Мэркель, старшыні Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, канцлерам ФРН. Кансэрватыўны блёк ХДС/ХСС і сацыял-дэмакраты на сваіх партыйных зьездах бальшынёй галасоў ухвалілі дамову аб заснаваньні “вялікай кааліцыі”. Зацьвярджэньне новага ўраду заплянавана на 22 лістапада. Як адаб’ецца на нямецка-беларускіх стасунках прыход да ўлады вялікай кааліцыі пад кіраўніцтвам Ангелы Мэркель?

З наступнага тыдня Нямеччынай будзе кіраваць чорна-чырвоны кабінэт Ангелы Мэркель. Паводле старшыні аддзелу краінаў СНД Нямецкай рады замежнай палітыкі Аляксандра Рара, замежная палітыка Ангелы Мэркель будзе ў нечым адрозьнівацца ад палітыкі Герхарда Шродэра. За спадарыняй Мэркель Нямеччына будзе імкнуцца мацней інтэгравацца ў схему ўсіх эўрапейскіх краінаў і стаць паўнавартасным гульцом на эўрапейскай арэне.

(Рар: ) “Ангела Мэркель будзе імкнуцца ў першыя месяцы як мага больш наблізіць нямецкую замежную палітыку да Польшчы і краінаў Балтыі, Вугоршчыны і Чэхіі. У гэтым пляне будуць перамены. Адносна Беларусі Нямеччына паспрабуе больш шчыльна далучыцца да крытыкі Лукашэнкі і ягонага рэжыму з боку Эўразьвязу. Я думаю, і ЗША зробяць усё, каб тут больш не было рознагалосьсяў у Эўразьвязе. Яны будуць гаварыць і з Варшавай, і з Брусэлем, і зь Вільняй, і Бэрлінам, каб стварыць агульны фронт супраць рэжыму Лукашэнкі”.

Ці можна, на думку Аляксандра Рара, гаварыць пра большую еднасьць адносна Беларусі ў палітыцы ЗША і ФРН?

(Рар: ) “Для ЗША Беларусь — гэта праблема. Як і Мілошавіч пяць гадоў таму, Лукашэнка наўпрост паўстае супраць той унівэрсальнай сыстэмы каштоўнасьцяў лібэралізму, правоў чалавека, дэмакратычных інстытутаў, плюралізму, якая цяпер фактычна адноўлена ва ўсёй Эўропе. Я думаю, у гэтым ЗША будуць больш цесна супрацоўнічаць з Эўразьвязам. І Нямеччыне разьвіцьцё Беларусі неабыякавае. Таму Буш паспрабуе ўгаварыць Ангелу Мэркель стаць разам з Польшчай нейкім новым эўрапейскім лідэрам адносна пераўтварэньняў у Беларусі.

Фактычна, ўсё ідзе да таго, што ў 2006 годзе Эўразьвяз і ЗША адзіным фронтам выступяць супраць Лукашэнкі. Дагэтуль Нямеччына не выступала за зьмену рэжыму ў Беларусі. Яна трымалася такой пазыцыі: маўляў, калі народ выбірае Лукашэнку, няхай ён застаецца — але, каб у Беларусі былі дэмакратычныя выбары, умацаваліся дэмакратычныя інстытуты і была дэмакратыя. У той час, як у іншых краінах, асабліва Ўсходняй Эўропы і ЗША, назіраецца іншая тэндэнцыя — ствараць умовы для зьвяржэньня Лукашэнкі. Паколькі ён будзе тармазіць любыя пераўтварэньні ў Беларусі, і дэмакратызацыя пры ім — абсалютна немагчымая. І тут, я думаю, будзе ўзгадняцца пазыцыя”.

Былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік лічыць, што пакуль цяжка канкрэтна вызначыць сытуацыю.

(Вік: ) “Таму што рамкі для замежнай палітыкі, умовы яшчэ будуць вызначацца. Цяпер трэба пабачыць, якія пэрсоны, якія функцыі яны будуць мець. Напрыклад, сябры якіх фракцыяў увойдуць у камісію Бундэстагу, і калі будзе магчымасьць вярнуцца да пытаньняў, зьвязаных зь Беларусьсю. І пасьля ў многім можна атэставаць нямецкую замежную палітыку”.

Паводле спадара Віка, Нямеччына павінна надаваць значэньне супрацоўніцтву з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі і мець канкрэтныя праграмы. Раней гэтаму пытаньню надавалася ўвага не ў дастатковай ступені. Вызначэньне радай Эўразьвязу канкрэтных крокаў для каапэрацыі з грамадзянскай супольнасьцю, паводле спадара Віка, сьведчыць аб тым, што справа рухаецца ў правільным кірунку.

Нямецкі аналітык Астрыд Зам зважае, што значнай часткай кааліцыі ёсьць сацыял-дэмакраты, таму магчымы працяг ранейшай палітыкі.

(Зам: ) “Хрысьціянскія дэмакраты апошнім часам, асабліва Ангела Мэркель, у замежнапалітычных адносінах пакуль ніяк сябе не праявілі. Усе чакаюць. Хутчэй за ўсё, будзе працяг ранейшай палітыкі, ва ўсякім разе, на першым этапе, а потым ужо зьявяцца нейкія спэцыфічныя моманты. У хрысьціянска-дэмакратычнай фракцыі Бундэстагу няма пакуль асобы, якая б разьбіралася ў беларускай сытуацыі ці актыўна выступіла ў беларуска-нямецкіх стасунках. Я думаю, ня будзе нейкай кардынальнай перамены курсу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG