Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларуска ўпершыню абраная ў кіраўніцтва эўрапейскай студэнцкай арганізацыі


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывістку беларускага студэнцкага руху абралі ў кіраўніцтва Аб’яднаньня нацыянальных студэнцкіх зьвязаў Эўропы ESIB. На 49-м зьезьдзе гэтага аб’яднаньня, які днямі адбыўся ў францускім горадзе Рэймс, за беларуску Тацяну Хому прагаласавала пераважная большасьць дэлегатаў з многіх эўрапейскіх краінаў.

Тацяна Хома ўвайшла ў склад выканаўчага камітэту Аб’яднаньня нацыянальных студэнцкіх звязаў Эўропы разам з прадстаўнікамі Францыі, Славеніі, Харватыі і Эстоніі. Чаму эўрапейскія студэнты аддалі свой голас прадстаўніцы Беларусі? Вось што мяркуе на гэты конт Тацяна Хома:

(Хома: ) “Калі я рабіла прамову перад самімі выбарамі, усім кандыдатам задавалі пытаньні. Адным з пытаньняў было: калі вас абяруць, то зь якой прычыны? Былі тры варыянты адказаў — за вашыя асабістыя якасьці, за тое, што прадстаўляеце рэгіён, альбо за палітычную пазыцыю. І ў маім выпадку гэта хутчэй было за асабістыя якасьці. Але многія гэты выбар разглядаюць як палітычны крок. ESIB вельмі часта прымаў розныя рэзалюцыі адносна Беларусі. І яшчэ такі цікавы факт, што ў 2001 годзе старшынёй арганізацыі была дзяўчына з Сэрбіі. І пасьля таго, як у Сэрбіі абрынуўся рэжым Мілошавіча, вельмі шмат людзей з гэтага рэгіёну амаль кожны год былі прадстаўленыя ў радзе. І, відаць, многія спадзяюцца, што таксама будзе і зь Беларусьсю”.

(Карэспандэнт: ) “Тацяна, ці гучала на гэтым зьезьдзе беларускае пытаньне?”

(Хома: ) “Так, гучала. Аднак адмысловая рэзалюцыя не прымалася. Бо мы мелі вялікія праблемы зь візамі і прыехалі толькі на другі дзень зьезду. Мы зьвярнуліся да студэнтаў Эўропы, якія маюць добрыя сувязі са сваімі ўрадамі. Мы паднялі пытаньне, якое тычыцца загаду міністра адукацыі выключаць з унівэрсытэтаў студэнтаў, што належаць да незарэгістраваных арганізацыяў і тых, хто бярэ ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Мы зрабілі зварот да студэнтаў Эўропы. Людзі вельмі ўразіліся, папрасілі электронную вэрсію звароту. Яны будуць працаваць са сваімі ўрадамі адносна таго, што адбываецца ў Беларусі”.

Тацяна Хома пакуль ня ведае, за які кірунак дзейнасьці будзе адказваць у гэтым аб’яднаньні, бо яе мандат пачнецца толькі ў студзені наступнага году. Яна гаворыць, што хацела б займацца абаронай правоў студэнтаў. Тацяне Хоме 21 год, яна студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту і рэдактар ангельскамоўнай вэрсіі студэнцкага інтэрнэт-парталу www.studenty.by.

Аб’яднаньне нацыянальных студэнцкіх зьвязаў Эўропы ESIB дзейнічае з 1982 году. Гэтая арганізацыя прадстаўляе і абараняе навучальныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурніцкія інтарэсы эўрапейскіх студэнтаў. Арганізацыі, якія ўваходзяць у аб’яднаньне, прадстаўляюць 10 мільёнаў студэнтаў з 35 эўрапейскіх краінаў. Адной з асноўных функцыяў ESIB зьяўляецца абарона інтарэсаў студэнтаў у такіх структурах, як Рада Эўропы, Эўрапейская камісія, Эўрапарлямэнт, ЮНЭСКО, а таксама ў нацыянальных урадах.
XS
SM
MD
LG