Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісту Саюзу палякаў забаранілі выезд за мяжу (абноўлены)


Сяргей Астраўцоў, Горадня Юзафу Пажэцкаму — непрызнаванаму ўладамі намесьніку старшыні Саюзу палякаў Беларусі скасавалі у пашпарце штамп аб дазволе выезду ва ўсе краіны сьвету. Гэта адбылося падчас допыту ў абласной міліцыі ў сьледчага Лабоцкага, які расьсьледуе крымінальную справу аб фінансавых злоўжываньнях у Саюзе палякаў.

У Юзафа Пажэцкага ў міліцыі папрасілі пашпарт, у кабінэце прысутнічала супрацоўніца пашпартна-візавай службы, якая адразу скасавала яму штамп і вярнула пашпарт. Намесьніку старшыні СПБ патлумачылі гэта тым, што ён зьяўляецца падазраваным па іншай крымінальнай справе — аб запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана. Сьледчы Лабоцкі высьвятляў у спадара Пажэцкага, якім чынам Саюзам палякаў была праведзена раней настаўніцкая канфэрэнцыя.

(Пажэцкі:) “Хто фінансаваў, хто прыяжджаў? За якія грошы рабілі, хто вяртаў кошты прыезду і ад’езду для настаўнікаў? На якія грошы сьнедалі, абедалі, аплочвалі начлег — усё цікавіць. Меў права спонсар прыехаць і заплаціць за ўсё, і яны цяпер дамагаюцца: хто гэта быў?”

Юзафу Пажэцкаму зрабілі вочную стаўку з Казімірам Знайдзінскім — адным зь цяперашніх кіраўнікоў афіцыйна прызнанага Саюзу палякаў. Сьледчага цікавіла — ці займаўся спадар Пажэцкі гуманітарнай дапамогай, ці развозіў яе па рэгіёнах, адначасова агітуючы сябраў СПБ галасаваць на будучым зьезьдзе за Анжаліку Борыс? Гэта сьцьвярджаюць апанэнты паплечнікаў Борыс.

Нагадаю, што спадару Знайдзінскаму забаронены ўезд у Польшчу разам зь іншымі кіраўнікамі Саюзу палякаў, які падтрымліваюць беларускія ўлады. Што датычыць паплечнікаў Анжалікі Борыс, дык першым забаранілі выезд за межы Беларусі Андрэю Пачобуту — галоўнаму рэдактару часопіса “Magazyn Polski”. І вось цяпер таксама — Юзафу Пажэцкаму.

Крымінальная справа (паводле артыкула 185), на падставе якой Юзафу Пажэцкаму забаранілі выезд за мяжу, цягнецца два з паловай месяцы. У пятніцу ў Шчучын на допыт па гэтай справе выклікаюць самога Юзафа Пажэцкага, а таксама ягоных калегаў, што таксама прызнаныя сьледзтвам падазраванымі — намесьніка старшыні СПБ Веслава Кеўляка, галоўнага рэдактара газэты “Glos znad Niemna” Анджэя Пісальніка і галоўнага рэдактара часопіса “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG