Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Чайка: “Ня ведаю, у чым я правінілася перад беларускім радыё…”


Ігар Карней, Менск 15 лістапада Беларускае радыё адзначае 80-гадовы юбілей. Аднак шмат у каго з былых супрацоўнікаў радыё настрой не сьвяточны: на ўрачыстасьці не запрошаныя ня толькі тыя, хто апынуўся ў вымушанай апазыцыі, але нават колішнія апалагеты ўлады.

Да пачатку 1990-х гадоў рэдкая беларуская сям’я абыходзілася без так званай “радыёкропкі”. Галасы з прыймача для многіх сталі такімі ж звыклымі гукамі, як шум уключанай лядоўні. У некалькіх пакаленьняў выпрацавалася амаль звычка – класьціся і ўставаць пад гукі дзяржаўнага гімну. Сёньня ўзгадаў мінулае і Аляксандар Лукашэнка. У прывітальным пасланьні калектыву Беларускага радыё кіраўнік краіны адзначыў: і цяпер супрацоўнікі радыё “нясуць сьвету праўдзівую інфармацыю аб рэаліях моцнай і квітнеючай Беларусі”. Былы кіраўнік Дзяржаўнага камітэту тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Генадзь Бураўкін, зь імем якога зьвязваюць ці ня лепшыя гады ў тэлерадыёсфэры, мае на гэты конт іншае меркаваньне. Ён кажа, што радыё цалкам перайшло на службу ўладзе.

(Бураўкін: ) “Ніякіх іншых думак, акрамя поўнай, бяздумнай падтрымкі ўлады, няма – хоць гаворка пра відавочнае, грубае парушэньне Канстытуцыі на права атрыманьне інфармацыі. Толькі адно і тое ж гучыць, і даволі бяздумна, нахабна”.

З нагоды 80-годзьдзя Беларускага радыё адбудзецца ўрачыстае паседжаньне, на якое запрошаныя ветэраны радыйнага руху і прадстаўнікі ўладных структураў. Аднак некаторыя “знакавыя фігуры”, якія нямала зрабілі дзеля ідэалягічнай апрацоўкі электарату, засталіся па-за бортам. Ніна Чайка, аўтарка і вядучая адной з самых адыёзных праграмаў сярэдзіны 90-х гадоў “Размова па сутнасьці”, не атрымала нават запрашэньня на юбілейныя мерапрыемствы.

(Чайка: ) “Сёньня ў мяне ня вельмі добры дзень. Я аддала больш за сорак гадоў тэлерадыёкампаніі, там прайшлі мае цудоўныя гады – маладосьць, сталасьць. Але на ўрачыстасьці мяне нават не запрасілі. Ня ведаю, у чым я вінаватая перад родным беларускім радыё і тэлебачаньнем. Зараз я працую галоўным рэдактарам часопісу “Нёман”, але ж тады таксама было жыцьцё... Я вельмі ўдзячная Генадзю Бураўкіну, які ўчора выступаў па радыё і вельмі цёпла сказаў пра мяне, пра Алену Аўрынскую, зь якой мы працавалі. Так што ёсьць людзі, якія памятаюць. Без сьціпласьці магу сказаць, што я сапраўды знакавая фігура. Праўда? І калі вяла праграмы “Размова па сутнасьці”, калі “Собеседник” быў, калі я зрабіла літаратурна-драматычную рэдакцыю цікавай (зараз гэтай рэдакцыі ўвогуле няма). Ведаеце, ну што судзіць? Мы ж не судзьдзі”.

Сам Генадзь Бураўкін кажа, што на дзяржаўным радыё хутчэй за ўсё скарысталі архіўны запіс ягоных выказваньняў з часоў, калі ён яшчэ быў старшынём Дзяржтэлерадыё. Паводле спадара Бураўкіна, за апошнія гадоў сем яго на дзяржаўнае радыё не запрашалі і ніякіх добрых словаў пра Ніну Чайку за гэтыя гады ён не казаў.

На пачатку 1990-х на Беларускім радыё пачаліся дэмакратычныя зрухі. На хвалі інтарэсу да ідэі нацыянальнага Адраджэньня зьяўляліся новыя праекты, якія сутнасна мянялі вобраз “фонавага радыё”. Аднак пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі гэтыя працэсы ў мэдыйнай сфэры былі згорнутыя. Фактычна разагналі рэдакцыю праграмаў для моладзі “Беларуская маладзёжная”, а адным зь першых ад “зачыстак” пры новым кіраўніцтве пацярпеў рэдактар другой праграмы “Радыё-2” Уладзімер Дзюба.

(Дзюба: ) “Дагэтуль акрэсьленай канцэпцыі, ідэі, пра якую багата гаварылі апошнім часам, няма, на вялікі жаль. Такая ідэя была на мяжы 1980-90-х: адраджэньне беларускай нацыі, адраджэнцкія рухі – усё гэта дало свой плён, свае вынікі. Аднак гэта было адменена, скасавана. Зараз вакуум стварыўся ў думках, у сьвядомасьці, у душах людзей. Яго вырашылі запоўніць тым, чым яны лічаць патрэбным. Хоць гэта абсалютна памылкова”.

Вяшчаньне Беларускага радыё ідзе на Першым нацыянальным канале, канале “Культура” і трох радыёстанцыях: “Беларусь” (замежнае вяшчаньне), “Сталіца” (ультракароткахвалевы дыяпазон) і “Радыюс-FM”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG