Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты вернуцца да пытаньня аб дзейнасьці партыяў у Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня камісія Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і сродкаў масавай інфармацыі на сваім паседжаньні разгледзіць пытаньне пра дзейнасьць палітычных партыяў і грамадзкіх аб''яднаньняў. Гэта зьвязана з уступленьнем у дзеяньне новых рэдакцыяў законаў “Аб палітычных партыях” і “Аб грамадзкіх арганізацыях”.

На жаль, як мне сказалі ў камісіі і ў прэсавай службе Палаты прадстаўнікоў, сёньняшняе паседжаньне будзе праводзіцца без удзелу прэсы. На яго запрашаюцца толькі дэпутаты і намесьнік начальніка ўпраўленьня грамадзкіх аб''яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алена Кірычэнка. Ні з кіраўніком камісіі, ні зь ягонымі намесьнікамі, ні з дэпутатамі, сябрамі камісіі пагутарыць не ўдалося.

Чаму ж сёньняшняе паседжаньне будзе закрытым для журналістаў? Гэтае пытаньне – дарадцы-кансультанту камісіі Вользе Смагінай.

(Смагіна: ) “Ну, проста неяк гэта не прадугледжвалася. Гэта звычайнае, радавое, раней плянаванае мерапрыемства. Проста прыйдуць, нам скажуць, колькі на сёньняшні дзень у нас палітычных партыяў, якая сытуацыя ў грамадзкіх аб’яднаньнях, якія праблемы ў Мін’юсту. Тут нічога новага і сэнсацыйнага, каб журналістаў запрашаць”.

Новыя рэдакцыі законаў набылі сілу пры канцы кастрычніка. Асноўная навацыя ў тым, што цяпер улады атрымалі права прыпыняць дзейнасьць палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў. Раней прадугледжваліся толькі працэдуры вынясеньня папярэджаньня і ліквідацыі. Падчас прыпыненьня сваёй дзейнасьці (а гэта тэрмін ад аднаго да шасьці месяцаў) партыя ці грамадзкае аб’яданьне павінны выправіць дапушчаныя парушэньні. Паводле новага закону, дзейнасьць палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў нельга прыпыняць толькі ў пэрыяд ад дня прызначэньня выбараў да афіцыйнага апублікаваньня іх вынікаў. Партыі маюць таксама права ствараць саюзы і асацыяцыі, якія, аднак, павінны мець рэгістрацыю. Яшчэ адно вельмі істотнае новаўвядзеньне зьвязанае з пашырэньнем падставаў, на якіх могуць ліквідаваць партыю ці грамадзкае аб’яднаньне. Цяпер партыю можна закрыць таксама за невыкананьне патрабаваньняў у сфэры выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі. Да ліквідацыі можа прывесьці невыпраўленьне дапушчаных парушэньняў, з прычыны якіх прыпынялася дзейнасьць. Паводле новага заканадаўства, грамадзянін Беларусі можа быць сябрам толькі адной палітычнай партыі і быць на ўліку толькі ў адной яе арганізацыйнай структуры па месцы жыхарства.

Як ставяцца да гэтых навацыяў сябры палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў?

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Яблоко”, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава заявіла, што выступае супраць жорсткай і дробязнай рэглямэнтацыі палітычнай сфэры.

(Абрамава: ) “Выгадней быць незарэгістраваным суб’ектам палітычнага жыцьця, чым зарэгістраваным. Таму што да таго, чаго юрыдычна не існуе альбо часова не існуе, нельга ўжыць санкцыі. Ну што з павешанага возьмеш, акрамя вяроўкі. Значна выгадней быць незарэгістраваным, дэрэгістраваным, існаваць нелегальна”.

У Палаце прадстаўнікоў і ў Міністэрстве юстыцыі мяне пераконвалі, што сёньняшняе паседжаньне дэпутацкай камісіі не зьвязанае з магчымай рэвізіяй законаў аб палітычных партыях і грамадзкіх аб’яднаньнях. А як ставяцца да рэвізіі ў апазыцыі? Паводле актывіста БСДП (Грамада) Мечыслава Грыба, гэтае заканадаўства трэба пераглядаць, бо яно фактычна ставіць дзейнасьць грамадзкіх арганізацыяў у поўную залежнасьць ад дзяржавы ў выглядзе Міністэрства юстыцыі.

(Грыб: ) “Гэты закон, безумоўна, пераглядаць трэба, таму што ён занадта строгі, неаб’ектыўны. Але пераглядаць яго, каб ён быў больш прымальны для палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яданьняў, каб ён даваў больш правоў грамадзтву, каб здымаў усе абмежаваньні, якія ён увёў. Крок улева, крок управа прыраўноўваецца да ўцёкаў, і гэта азначае, што можна страляць па палітычнай партыі ці па грамадзкім руху, вобразна кажучы. Гэта ўсё, каб удушыць – нейкіх восем месяцаў засталося да выбараў прэзыдэнта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG