Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень беларускай салідарнасьці: што ведаюць пра яго ў сталіцы?


Алег Грузьдзіловіч, Менск На 16 лістапада прызначаны другі па ліку Дзень беларускай салідарнасьці – акцыя, ініцыятары якой прапануюць людзям а 20-ай гадзіне выключыць на 15 хвілін сьвятло ў сваіх кватэрах і запаліць сьвечкі Свабоды. Пра гэтую ініцыятыву добра ведаюць у палітычных колах за межамі Беларусі. А як ставяцца да яе ў самой Беларусі?

“Хай сьвечкі, якія мы запалім у нашых вокнах, стануць люстэркам, і ў ім мы ўбачым, што нас большасьць”. Гэтыя словы належаць журналістцы Ірыне Халіп, адной з ініцыятарак Дзён беларускай салідарнасьці.

Сёньня – апошні дзень падрыхтоўкі да другой, лістападаўскай, акцыі. Падчас кастрычніцкай сьвечкі ў цёмных вокнах гарэлі па ўсёй Беларусі, але іх не было так шмат, як хацелася б ініцыятарам. Што зьмянілася за месяц? Ці ўбачаць беларусы заўтрашнім вечарам люстэрка, у якое глядзіць большасьць? Адказы трэба шукаць ў інфармаванасьці беларусаў.

(Маладая жанчына: ) “Што 16-га будзе Дзень беларускай салідарнасьці? Нічога пра гэта ня ведаю, ад вас упершыню чую. Але збольшага пра гэтую праблему ведаю. Крыху”.

(Мужчына: ) “Не, ня чуў. А што, сьвечкі запальвалі? Так, пра гэта ведаю. Добрая справа, бо людзі нізавошта зьніклі. Калі паўтораць у сераду, то вазьму ў гэтым удзел”.

(Мужчына сталага веку: ) “Ня чуў. Гэта глупства, я лічу. У нас у Беларусі ўсё вельмі добра, усё спакойна. А басурманы гэтыя бунтуюць, бо ім няма чаго рабіць. Трэба працаваць, каб пот з носа капаў. А што да зьніклых палітыкаў... Ну, зьніклі дык зьніклі... Што зробіш? Даўно было, пачалі ўжо й забываць. Што ўлады да гэтага прычынныя, ня веру. Гэта даказаць цяжка, і знайсьці іх будзе цяжка”.

(Малады мужчына: ) “Ведаю, што будзе ўжо другая такая акцыя. А прычына яе ў тым, што зьніклі Юры Захаранка, Віктар Ганчар... Так, я запальваў сьвечку і зноў буду гэта рабіць”.

(Мужчына: ) “Ня ведаю, ды мне і ўсё роўна”.

Як і напярэдадні Дня беларускай салідарнасьці, які праводзіўся 16 кастрычніка, у гарадох Беларусі зьяўляюцца ўлёткі і наклейкі з напамінам пра акцыю. Хаця ў гэтых матэрыялах няма заклікаў да незаконных дзеяньняў, людзей, якія іх распаўсюджваюць, часта затрымлівае міліцыя. Паводле прэсавага сакратара моладзевага руху “Зубр” Алеся Атрошчанкава, апошнімі днямі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. У Атрошчанкава няма зьвестак пра тое, ці быў хто з гэтых людзей асуджаны за свае дзеяньні. Дарэчы, да кампаніі напаміну пра Дзень салідарнасьці з ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі далучыліся прадстаўнікі шэрагу іншых грамадзкіх і палітычных арганізацыяў.

Больш шырока выкарыстоўваюцца для прапаганды акцыі сучасныя электронныя сродкі сувязі, адзначаюць назіральнікі. Зьвесткі пра акцыю можна знайсьці ў Інтэрнэце на шэрагу сайтаў (у першую чаргу на сайце www.solidarity16.org). Таксама атрымала пашырэньне такая форма інфармаваньня, як смс-паведамленьні праз мабільныя тэлефоны. Карыстальнікі сотавай сувязі часта атрымліваюць напаміны пра Дзень беларускай салідарнасьці, прычым іх заклікаюць паведаміць пра яго сябрам і знаёмым. Нагадаю: у кастрычніку ў некаторых карыстальнікаў былі адключаныя тэлефоны за актыўнае рассыланьне такіх паведамленьняў.

Ініцыятары Дзён беларускай салідарнасьці ў сваіх камэнтарах падкрэсьліваюць, што спэцыяльна не займаюцца арганізацыяй акцыі ды яе інфармацыйнай кампаніяй. Журналістка Ірына Халіп апошнія чатыры дні правяла ў ложку з тэмпэратурай – у яе грып. Аднак Ірына сочыць за падзеямі вакол ініцыятывы і адзначае, што ініцыятыва становіцца больш папулярнай.

(Халіп: ) “Значна большая колькасьць вядомых у Беларусі людзей падтрымала акцыю і заявіла, што далучаецца да нас зь Мікітам Сасімам, Ірынай Красоўскай і да ўсіх, хто хоча ўзяць удзел у акцыі. Шчыра кажучы, я настроеная вельмі аптымістычна”.
XS
SM
MD
LG