Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня спаўняецца 80 гадоў Беларускаму радыё


Галіна Абакунчык, Менск У год юбілею першы нацыянальны радыёканал распачаў кругласуткавае перадаваньне ў фармаце FM, а таксама ў Інтэрнэце. Аднак крытыкі нярэдка гавораць пра зьніжэньне прафэсійнага роўню і адзначаюць, што сёньняшняе Беларускае радыё працягвае традыцыю савецкага часу – выконвае функцыю ідэалягічнага прапагандыста ўжо цяперашніх уладаў.

Выказаць свае меркаваньні пра дасягненьні і посьпехі, зь якімі сьвяткуецца 80-гадовы юбілей, у кіраўніцтве Беларускага радыё адмовіліся.

А вось ацэнкі мінакоў на вуліцах Менску:

(Карэспандэнтка: ) “Ці слухаеце вы Беларускае радыё, якія праграмы вам падабаюцца найбольш?”

(Юначка: ) “Не, ня слухаю. “Русское радио” слухаю, “Новае”, а Беларускага – ня слухаю”.

(Спадар: ) “Не, гэтага радыё ня слухаю, не да спадобы. Вельмі ўсё добра на тым радыё. Але жыцьцё паказвае іншае, і ня згодны я з той пазыцыяй, якую падае Беларускае радыё”.

(Юначка: ) “Я больш люблю тое радыё, якое на FM”.

(Спадар: ) “Вядома, слухаем: навіны, музыку, пра надвор’е. Асабліва на дачы пад радыё лепш працуецца”.

(Юначка: ) “Нешта падабаецца, а нешта – не. Добра было б, каб журналісты, якія там працуюць, падавалі больш дакладную інфармацыю, без замоўчваньня”.

“Адна з прычынаў невысокай папулярнасьці радыё ў слухачоў – нізкі прафэсіяналізм яго супрацоўнікаў”, – кажа колішні кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін. Паводле суразмоўцы, дзясяткі майстроў радыёжурналістыкі былі звольненыя альбо вымушаныя сысьці падчас кіраваньня кампаніяй Ягора Рыбакова. “Акрамя таго, сёньняшняе Беларускае радыё паступова адыходзіць ад традыцыяў і беларускасьці”, – заўважае спадар Бураўкін.

(Бураўкін: ) “Душа мая баліць за тое, што ўсё больш і больш Беларускае радыё пачынае аддаляцца ад таго, з чым зьвязаныя яго найлепшыя традыцыі, яго найвышэйшыя дасягненьні. Зьнікае беларускае мастацкае слова... Мне страшна, калі я слухаю гэтых нявыхаваных хлапчукоў і дзяўчатак, якія ледзьве не да мату даходзяць у эфіры, калі я чую засільле бяздарнай, пошлай папсы. Тое, што радыё, якое выхоўвала гадамі культуру, праз паводзіны сваіх работнікаў і кіраўнікоў выхоўвае хамства, – вось гэта мне страшна”.

Беларускае радыё захавала й працягвае традыцыю савецкага часу – усьлед за тэлебачаньнем выконвае функцыі ідэалягічнага рупара ўладаў, кажа лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Радыё як крыніцы інфармацыі ў Беларусі няма альбо практычна няма. А вось як ідэалягічны аддзел, безумоўна, радыё прысутнічае. Менавіта Беларускае радыё распаўсюдзіла інфармацыю, што мой бацька падчас вайны быў паліцаем, хоць ён нарадзіўся ў 1938 годзе. Гэта дакладны факт, і ён найлепш сьведчыць пра сёньняшнюю ролю Беларускага радыё. Наколькі гэта ўплывова? Думаю, што на пэрыфэрыі гэта ўплывае. Таму невыпадкова, што пераважная бальшыня электарату Лукашэнкі жывуць менавіта ў невялікіх мястэчках, дзе адна радыёкропка, адзін тэлеканал і адна “Советская Белоруссия”.

Напярэдадні юбілею Беларускае радыё пачало сэрыю праграм з удзелам вэтэранаў радыёжурналістыкі. Аднак многія былыя супрацоўнікі-вэтэраны да ўдзелу ў гэтых праграмах дапушчаныя не былі. Віншаваньняў і запрашэньняў на ўдзел у юбілейных урачыстасьцях яны таксама не атрымалі.
XS
SM
MD
LG