Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

15 лістапада 1982 году ў Маскве пахавалі Брэжнева


RFE/RL 15 лістапада ў Беларусі й сьвеце.

15 лістапада 1982 году ў Маскве адбываецца пахаваньне Леаніда Брэжнева. Канец савецкай стабільнасьці і хуткі канец эпохі застою. Калі труну Брэжнева апускалі ў магілу, яна абарвалася і з грукатам паляцела ўніз. Брэжнеў стаў дзясятым у шэрагу савецкіх кіраўнікоў, якіх пахавалі каля крамлёўскай сьцяны. Да яго там зьявіліся магілы Сьвердлава, Фрунзэ, Дзяржынскага, Калініна, Жданава, Сталіна, Варашылава, Будзённага і Суслава.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 15 лістапада ў розныя гады, згадаем ангельскага астранома Ўільяма Гэршэля, які адкрыў плянэту Ўран, нямецкага драматурга і паэта, нобэлеўскага ляўрэата Гергарда Гаўптмана і польскага прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага, які прыйшоў на сьвет у 1954 годзе.

Праўда, як вынікае з календара, знакамітыя людзі ў дзень 15 лістапада радзей нараджаліся і часьцей пакідалі гэты сьвет. У розныя гады 15 лістапада ня стала чэскага пэдагога Яна Амаса Коменскага, аднаго з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году ў Беларусі Якуба Гейштара, польскага пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата Генрыка Сянкевіча, францускага артыста Жана Габэна, нямецкага кампазытара Крыстофа Вілібальда Глюка.

15 лістапада 1907 году памёр Юзаф Каліноўскі. Ён нарадзіўся ў Вільні, скончыў вайскова-інжынэрную акадэмію ў Пецярбургу і далучыўся да паўстаньня 1863 году, быў блізкім паплечнікам Кастуся Каліноўскага. Пры канцы паўстаньня Юзафа арыштавалі і адправілі на катаргу ў Іркуцкую губэрню. Пасьля гэтага ён апынуўся ў Аўстрыі, стаў манахам-кармэлітам. А ў 1990-я гады Юзафа Каліноўскага кананізавалі, гэта значыць, далучылі да ліку сьвятых.

15 лістапада 1415 году Хрыстафор Калюмб упершыню апісвае ў сваім дзёньніку тытунь, які ўжывалі індыяне. А 15 лістапада 1904 году амэрыканец Кінг Кэмп Жылет патэнтуе брытву са зьменнымі лёзамі.

15 лістапада 1969 году ў часе канцэрту ў Флорыдзе была арыштаваная культавая рок-сьпявачка Джэніс Джоплін. І арыштавалі яе за выкарыстаньне вульгарных і нецэнзурных выразаў. Калі паліцыянт запатрабаваў, каб гледачы заставаліся на месцах, Джэніс Джоплін крыкнула яму: “Адчапіся ад гэтых людзей, ты сам хоць купіў квіток за пяць даляраў?” Вызваляць сьпявачку з-пад арышту толькі пасьля выплаты залогу памерам 504 даляры.
XS
SM
MD
LG