Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд друку: падатковых платаў у Беларусі на 100 болей, чым у Літве


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўнага друку за 15 лістапада.

“Народная воля” пад рубрыкай “Ходзяць чуткі...” друкуе артыкул Кацярыны Ткачэнкі “Беларусбанк” у небясьпецы?” Чуткі гэтыя камэнтуе прэс-сакратар “Беларусбанку” Сяргей Верашчак, дырэктар разьлiковага цэнтру плястыкавых картак Анатоль Багавік і экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч.

Вось яшчэ некалькі загалоўкаў аўторкавага нумару “Народнай волі”: “Што зьвязвала беларускую апазыцыю і сьвет высокай моды?”, “Дыск у небе. Вайсковыя лётчыкі ў Берасьцейскай вобласьці бачылі НЛА?”, “«Прессбол» адбівае ўдар”, “Пад сьцягам колеру і хлусьні”.

Крычаўскі “Вольны горад”, як звычайна, публікуе некалькі матэрыялаў на крымінальныя тэмы: “Хто патэлефанаваў пракурору?” Мікалая Гердзія, “Падазраецца былы міліцыянт” Дар’і Ветравай. Газэта працягвае аповед пра суд над знакамітай “крычаўскай бандай”. Але ня ўсё так змрочна, кажа галоўны рэдактар “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны:

(Няроўны: ) “Нас заўсёды абвінавачваюць, што мы пішам толькі пра так званую “чарнуху”. Ёсьць артыкул “Сьпявае лаза ў руках Сьвятланы” – пра жанчыну, якая робіць ўнікальныя рэчы з лазы, ператварае яе ў казку. Завуць жанчыну Сьвятлана Касаткіна, і жыве яна ў сумнавядомых Дзягавічах, дзе калгас зачынілі 3 гады таму. Нашы начальнікі крычаўскія заўсёды на сходах гавораць: “Ай, там адны п’яніцы, ня трэба ім калгас”. А там жыве такая цудоўная жанчына, якая езьдзіла на “Поле цудаў” да Якубовіча нават”.

Паводле ступені простасьці сплаты падаткаў Беларусь займае 155 месца ў сьвеце, піша “Комсомольская правда” в Белоруссии”. Да прыкладу, у Расеі ўсяго 27 падатковых платаў, ва Ўкраіне – 84, у Польшчы – 43, у Літве – 13. Для параўнаньня: у Беларусі падатковых платаў на 100 больш, чым у Літве – 113! І каб разабрацца зь імі, падаткаплатніку трэба патраціць 1188 гадзін.

“Витебский курьер” аналізуе цікавыя лічбы. Намінальная налічаная зарплата ў Беларусі ў верасьні склала 485 тысяч рублёў – каля 225 даляраў (гэта без адлічэньняў у пэнсійны фонд, бяз выплаты падаткаў, прафсаюзных унёскаў). Такім чынам, на рукі сярэднестатыстычны беларус атрымлівае менш за 200 даляраў. Але ў Віцебскай вобласьці на кожнага працаўніка прыпадае па 446 тысяч, а ў сталіцы – 614 тысяч. Такім чынам, сярэднія заробкі ў краіне – як сярэдняя тэмпэратура па лякарні...

Тратыл можна свабодна купіць на віцебскім рынку, сьцьвярджае студэнт сталічнага мэдунівэрсытэту, якога з разарванай кісьцю, ірванымі ранамі грудзей і рукі даставілі ў Аршанскую лякарню.

У Віцебску пачалося аднаўленьне дому-музэю Марка Шагала. Нядаўні пажар зьнішчыў прыбудову-вэранду і дах гаспадарчага корпусу. І хоць страты ацанілі на 6 мільёнаў рублёў, з казны гораду выдаткавана 15 мільёнаў, каб адначасова адрамантаваць і дах на самім доме Шагала па вуліцы Пакроўскай, паведамляе “Витебский курьер”.
XS
SM
MD
LG