Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Заслаўі перасьледуюць лідэра Свабоднага прафсаюзу


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Заслаўі абвешчана пра звальненьне лідэра суполкі Свабоднага прафсаюзу акцыянэрнага таварыства “Заслаўебурвод” Уладзімера Феактыстава. Яго паплечнікі лічаць гэта расправай за прыналежнасьць да дэмакратычнага незалежнага прафсаюзу.

Паводле спадара Феакцістава, ягонага звальненьня дамагаецца дырэктар “Заслаўебурводу”:

(Феакцістаў: ) “Маўляў, звольніць Феакцістава і яго разьлічыць. Аддаць працоўную кніжку, паінфармаваць вартаўнікоў, каб тыя не прапускалі на прахадной. Я кажу, што гэта ваша права звальняць, але гэтыя дзеяньні будуць абскарджаны. Тут ідзе мэтанакіраваная кампанія расправіцца са старшынём Свабоднага прафсаюзу”.

Як зазначыў Уладзімер Феакцістаў, дырэктар прадпрыемства абвінавачвае яго ў прафэсійнай непрыдатнасьці. У “Заслаўебурводзе” прафсаюзны актывіст працуе начальнікам гідрагеалягічнага аддзелу. Усяго ж працоўны стаж спадара Феакціства на гэтым прадпрыемстве складае 34 гады.

Ён адмаўляе абвінавачаньне ў некампэтэнтнасьці, а перасьлед зьвязвае выключна з прафсаюзнай дзейнасьцю:

(Феакцістаў: ) “Спэцыяльна выжываюць, ціснуць на прафсаюз, размаўляюць зь сябрамі прафсаюзу, каб выходзілі. Тут, відаць, выканкам мае дачыненьне. Яшчэ б: адзіная арганізацыя Свабоднага прафсаюзу, якая 12 гадоў існуе ў Заслаўі. Як гэта можна цярпець перад выбарамі?!”

Мяркуе спадар Феакцістаў. Паводле яго, гэта ня першая спроба пакараньня. Толькі сёлета яму інкрымінавалі парушэньні вытворчай дысцыпліны, абвінавачвалі ў пашырэньні прафсаюзнай газэты “Салідарнасьць”, спрабавалі звольніць. Мяркуецца, што цяперашнюю ініцыятыву дырэктара “Заслаўебурводу” аб звальненьні прафсаюзнага актывіста мусіць пацьвердзіць назіральная рада акцыянэрнага таварыства.

Кіраўніцтва рэспубліканскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу лічыць дзеяньні адміністрацыі гэтага прадпрыемства праявай масавай кампаніі ўладаў супраць дэмакратычных прафсаюзаў. Гаворыць прафсаюзны лідэр гэтай арганізацыі Генадзь Быкаў:

(Быкаў: ) “Феакцістаў працуе ўжо некалькі дзесяткаў гадоў. І лепшага спэцыяліста на гэтым прадпрыемстве няма. У нармалёвай сытуацыі Феакцістаў павінен быў бы кіраваць гэтым прадпрыемствам. Але ж тут пайшла каманда, што ён сябра Свабоднага прафсаюзу і трэба яго выкінуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG