Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Сідорскі: ваенны бюджэт Беларусі будзе павялічаны на 26%


Альгерд Невярoўскі, Менск Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў сёньня, што ў 2006 годзе выдаткі на беларускае войска будуць павялічаныя на 26%. Сідорскі тлумачыць такое рашэньне “радыкальнымі зьменамі ваенна-палітычнага становішча ў сьвеце” і патрэбай рэфармаваньня сыстэмы нацыянальнай бясьпекі.

Адстаўныя вайскоўцы вітаюць павялічэньне фінансаваньня войска, але не выключаюць, што гэта можа быць звычайным папулісцкім крокам уладаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Пра павялічэньне выдаткаў на патрэбы беларускай арміі Сяргей Сідорскі паведаміў падчас свайго выступу перад вайскоўцамі 120-й мэханізаванай брыгады, што месьціцца ў менскім раёне Ўручча. Паводле прэм’ера, “радыкальныя зьмены ваенна-палітычнага становішча ў сьвеце запатрабавалі рэфармаваць сыстэму забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі”. Пры гэтым ён зазначыў, што Беларусь праводзіць міралюбівую палітыку.

Сяргей Сідорскі сказаў, што міністар абароны Беларусі ўжо абараніў вайсковы бюджэт будучага году ва ўрадзе. Прэм’ер сказаў, што цяпер колькасьць беларускіх вайскоўцаў "аптымізавана" да 50 000 чалавек. Набыты новыя ўзбраеньні – сыстэмы залпавага агню “Град”, танкі Т-72, самалёты СУ-27 і МІГ-29БМ. А неўзабаве зьявяцца новыя зэнітныя комплексы С-300.

Павялічэньне вайсковага бюджэту на 26% – гэта вельмі вялікае павелічэньне выдаткаў зь дзяржаўнага бюджэту. Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Рамейчык, аднак, называе гэтыя выдаткі "аптымальнымі", бо ў Беларусі на абарону расходуецца толькі 1,1% ад валавага ўнутранага прадукту. Паводле спадара Рамейчыка, у той жа Грузіі на абарону выдаткоўваецца 7% ад ВУПу, ва Ўкраіне больш за 2%.

Але дзе улады возьмуць гэтыя дадатковыя грошы? Вось меркаваньне эканаміста, намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука:

(Раманчук: ) “Калі палічыць колькі абяцанак раздае выканаўчая ўлада перад выбарамі, то можа атрымацца, што наш бюджэт будзе не 12,5 мільярдаў даляраў, а цэлых 16. Праблема ў тым, што гэтых грошай няма дзе ўзяць. Хіба толькі прадаць актывы Нацыянальнага банку, альбо ўзяць у Расеі яшчэ адзін крэдыт, альбо знайсьці радовішча золата ці нафты. З усіх гэтых пунктаў рэальна – гэта актывы Нацбанку, альбо запусьціць друкарскі станок”.

Былы міністар абароны Беларусі, генэрал Павал Казлоўскі вітае павялічэньне вайсковага бюджэту, хаця гаворыць, што гэтых 26% усё роўна не дастаткова для нармальнага фінансаваньня арміі. Разам з тым ён не выключае, што гэта перадвыбарчы ход уладаў:

(Казлоўскі: ) “Ня так даўно міністар абароны Мальцаў зьвярнуўся ў NATO каб актывізаваць праграму супрацоўніцтва зь Беларусьсью “Партнэрства дзеля міру”. Гэты прыклад можа сьведчыць аб тым, што пад выбары й робяцца гэтыя крокі. З аднаго боку паказаць NATO, што Беларусь жадае супрацоўнічаць, а з другога боку паказаць, што мы на заходнім напрамку будзем вельмі моцнымі”.

А вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне яшчэ адзін генэрал, былы камандзір 28-га армейскага корпусу Валеры Фралоў:

(Фралоў: ) “Дай Бог, каб у мірны час мы функцыянавалі так, як функцыянуюць арміі іншых краінаў. Напярэдадні выбараў паўсюль ідуць падвышэньні. Гэта піяр, ці як там кажуць, з боку прэзыдэнцкай вэртыкалі”.

Пры гэтым генэрал Фралоў зазначыў, што гэтыя сродкі вельмі неабходныя ягоным калегам-вайскоўцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG