Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараняе ўвоз польскага мяса, ці стане Беларусь пасярэднікам?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Ад 10 лістапада Расея забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю польскага мяса, патлумачыўшы гэта парушэньнямі польскімі фірмамі расейскіх вэтэрынарных правілаў. У Польшчы шмат хто лічыць, што гэты крок – палітычны. Між тым афіцыйны Менск забараняць увоз польскага мяса пакуль не зьбіраецца, і ў Польшчы чуваць прапановы, што Беларусь можа стаць пасярэднікам у экспарце польскага мяса ў Расею.

Экспарт у Расею складае толькі 5% ад усяго польскага экспарту мяса – пераважная большасьць польскіх мясных прадуктаў прадаецца ў заходнеэўрапейскія краіны. Некаторыя фірмы былі, аднак, арыентаваныя пераважна на расейскі рынак і таму апынуліся цяпер у складанай сытуацыі. Шанец на выхад зь яе, прыкладам, прадстаўнікі Польскага мяснога канцэрну бачаць у тым, каб увозіць у Беларусь сыравіну, рабіць там мясныя прадукты і прадаваць далей у Расею, бо паміж Беларусьсю і Расяй няма мытнай мяжы.

Аднак паводле аглядальніка часопіса “Wprost” Гжэгажа Садоўскага, Масква можа папросту забараніць Беларусі такое пасрэдніцтва.

(Садоўскі: ) “Масква, натуральна, мае ў размове зь Менскам яшчэ больш аргумэнтаў, чым у размове з Варшавай. І галоўны аргумэнт у гэтай размове – газ. Калі Расея заявіць аб намеры перагледзець цану на газ, што атрымлівае, Беларусь, дык Менск зробіць з польскім мясам тое самае, што і Масква”.

Між тым былы дэпутат беларускага парлямэнту, кандыдат эканамічных навук Валер Кругавы, які жыве цяпер у Польшчы, кажа, што выйсьці на папярэдні ўзровень паставак ў Расею, працуючы празь Беларусь, польскія фірмы ня маюць шанцаў.

(Кругавы: ) “Калі гаварыць пра беларускія мясакамбінаты, якія купляюць невялікую колькасьць польскага мяса, дык яны плацяць усе мытныя пошліны і таму гэта ня вельмі выгадна. А калі казаць пра польскія прадпрыемствы, што знаходзяцца ў свабодных эканамічных зонах – так, яны могуць працаваць з прыбыткам, бо ўвозяць польскае мяса бяз пошліны. Але магутнасьці гэтых прадпрыемстваў абмежаваныя, і я ня думаю, каб цяпер польскія інвэстары пачалі раптам будаваць новыя заводы. У свабодных эканамічных зонах у мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў невялікія магутнасьці, больш туды мяса не пашлеш”.

Шэраг польскіх палітыкаў, у тым ліку прафэсар Адам Ротфэльд, які некалькі дзён таму пакінуў пасаду міністра замежных справаў, лічыць што забарона на ўвоз польскага мяса ў Расею, гэта палітычны крок. Назіральнікі кажуць, што Масква дагэтуль помсьціць Варшаве за падтрымку аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, а таксама хоча справакаваць новы польскі ўрад, які выступае за больш жорсткую палітыку ў дачыненьнях з Расеяй.
XS
SM
MD
LG