Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сваякі М.Марыніча аспрэчваюць канфіскацыю ў судзе


Алег Грузьдзіловіч, Менск У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся разгляд справы аб маёмасьці, якую канфіскавалі ў былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча. Сваякі Марыніча дамагліся адмены папярэдняга рашэньня і цяпер спадзяюцца на тое, што суд улічыць іх інтарэсы.

Суд Цэнтральнага раёну Менску зноў разьбіраецца з маёмасьцю, якую пастанавілі канфіскаваць у Міхаіла Марыніча. Нагадаю, амаль год таму суд Менскага раёну, які прызнаў былога міністра злодзеем, які скраў кампутары, пастанавіў канфіскаваць усю яго маёмасьць ўключна з маёмасьцю у кватэры, дзе палітык ня жыў ужо больш за тры гады пасьля разводу з былой жонкай.

Пад канфіскацыю падпалі і рэчы, на якія прэтэндуюць сыны Марыніча Ігар і Павал, бо яны жылі ў гэтай кватэры разам з бацькам і маці. У выніку сыны Марыніча разам зь першай жонкай Міхаіла Марыніча абскардзілі канфіскацыю маёмасьці ў судзе Цэнтральнага раёну Менску, але першы разгляд гэтай справы ўвесну аказаўся не на іх карысьць.

З маёмасьці ў кватэры, у якой дагэтуль жыве былая жонка Марыніча, суд пакінуў ёй прас, аднаму сыну– тэлевізар, другому – велятрэнажор. Аднак гэтае рашэньне адмяніла калегія Менскага гарадзкога суду і накіравала скаргу на паўторны разгляд. Зараз яе разглядае судзьдзя Валер Есьман. Пра вынікі першага дня працэсу распавёў Радыё Свабода Ігар Марыніч:

(Ігар Марыніч: ) “Пакуль усё пачалося, як мінулым разам, вельмі карэктна і ўважліва, але ёсьць варыянт, што можа і скончыцца, як мінулым разам, калі суд прызнаў, што мы нібыта ня маем ніякага дачыненьня да гэтай маёмасьці. Хочацца верыць, што гэтым разам будзе інакш, і суд будзе карыстацца законам, будзе сумленным, а ня будзе выконваць загад пакараць сям’ю Марыніча”.

Сёньня ў судзе выслухалі сьведак, якія пацьвярджалі, што пэўныя рэчы з кватэры Марыніча належалі сынам і ягонай былой жонцы. Некаторыя з гэтых сьведкаў ужо выступалі на папярэднім працэсе, але суд, як вядома, тады аддаў перавагу іншым меркаваньням. Цяпер судзьдзя Валер Есьман даў магчымасьць сваякам Міхаіла Марыніча пашукаць і прывесьці ў суд іншых сьведкаў. Працэс аднавіцца заўтра, 15 лістапада.

Нагадаем, Міхаіл Марыніч быў асуджаны на 3.5 гады зьняволеньня, але віны сваёй не прызнаў і заявіў, што яго пакаралі паводле палітычных меркаваньняў. Судовае рашэньне, паводле якога таксама была канфіскаваная маёмасьць Міхаіла Марыніча, ягоныя сваякі назвалі помстай ня толькі яму, яле і ягонай сям’і.
XS
SM
MD
LG