Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За распаўсюд газэтаў затрыманы сын Леванеўскага


Міхал Карневіч, Горадня У Горадні падчас распаўсюджваньня газэты “Біржа інфармацыі” быў затрыманы Ўладзімер Леванеўскі, сын прадпрымальнік Валерыя Леванеўскага, які цяпер знаходзіцца за кратамі "за абразу гонару А.Лукашэнкі". Акрамя газэты, сын Леванеўскага раздаваў бюлетэнь “Прадпрымальнік” і ўлёткі.

Яго затрымалі на рынку два міліцыянты, калі ён раздаваў газэту прадпрымальнікам. Уладзімер спрабаваў патлумачыць міліцыянтам, што гэта зарэгістраванае выданьне, але яго адразу павялі ў аддзяленьне міліцыі. Старэйшы лейтэнант Павал Лазавік склаў пратакол канфіскацыі, але Леванеўскі адмовіўся яго падпісваць.

(У.Леванеўскі: ) "Я ім патлумачыў, што гэта зарэгістраванае выданьне. Выхадныя дадзеныя ёсьць. Міліцыянты сказалі, што мы не экспэрты і ня можам вызначыць, ці гэта друкаваная прадукцыя законна распаўсюджваецца. Маўляў, гэта трэба ўсё забраць на экспэртызу”.

У яго акрамя 113 асобнікаў газэты забралі 61 бюлетэнь “Прадпрымальнік” і 271 улётку.

Сёньня я спрабаваў дазваніцца да тых, хто канфіскаваў “Біржу інфармацыі” ў сына Леванеўскага. Дзяжурны паведаміў, што міліцыянты, якія працуюць на рынку сёньня маюць выхадны дзень. Вядома толькі, што пратакол канфіскацыі склаў старэйшы лейтэнант Павал Лазавік, якія і будзе заўтра разьбірацца з гэтай справай разам са сваім начальнікам Русланам Жукоўскім.
XS
SM
MD
LG