Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра Ўладзімера Караткевіча ўспамінаць дазволена ня ўсім


Валянціна Аксак, Менск Вялікі том успамінаў пра Ўладзімера Караткевіча зьявіўся на паліцах менскіх кнігарняў. Гэта трэцяя кніга сэрыі “Жыцьцё знакамітых людзей Беларусі”, якую запачаткавала выдавецтва “Мастацкая літаратура” і якая ажыцьцяўляецца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі краіны. Што, верагодна, і абумовіла сьпіс тых, чые ўспаміны патрапілі ў кнігу пра Караткевіча, а чые — не.

Багата ілюстраванае рэдкімі фатаздымкамі і аўтографамі выданьне прымеркаванае да 75-годзьдзя знакамітага пісьменьніка. Яго адкрывае грунтоўнае дасьледаваньне радаводу Ўладзімера Караткевіча, які склаў літаратуразнаўца Анатоль Верабей. Разьдзел уласна ўспамінаў распачынаецца вялікімі прыгадамі старэйшай сястры пісьменьніка Натальлі Кучкоўскай, якая, паводле словаў самога Караткевіча, была ягонай нянькай і абаронцам. Натальлі Сямёнаўны ўжо таксама няма ў жывых, але ў нашым архіве захаваліся яе ўспаміны пра першыя літаратурныя спробы малодшага брата.

(Кучкоўская: ) “У школе ў іх была вельмі добрая настаўніца расейскай мовы Яўгенія Іванаўна Грыневіч, і яна ўжо тады бачыла ў ім асобу. У іх быў школьны альманах, у які яны пісалі на расейскай мове, не на беларускай. Ну ён мог там куплет нейкі па-беларуску напісаць, але наагул ён пачаў пісаць па-беларуску, калі паехаў вучыцца ў Кіеў”.

Натальля Кучкоўская апекавалася братам і ў апошнія гады яго жыцьця, калі Караткевіч цяжка хварэў. Яна прыгадвае многіх людзей, якія дапамагалі ў лекаваньні Ўладзімера Караткевіча, найперш паэта Сяргея Законьнікава. Ён быў на той час загадчыкам сэктару мастацкай літаратуры аддзелу культуры ЦК КПБ і меў немалыя мажлівасьці ў арганізацыі патрэбнай лекавай дапамогі. Успамінаў самога Законьнікава, які дваццаць гадоў сябраваў з Караткевічам, няма. Хоць, гаворыць Сяргей Законьнікаў, складальніца кнігі Галіна Шаблінская прасіла яго напісаць пра гэтае сяброўства.

(Законьнікаў: ) “Я зрабіў гэтыя ўспаміны і дапамагаў ёй у пошуках фатаздымкаў. І раптам мне звоніць Рыгор Іванавіч Барадулін і кажа, што нас зь ім у кнізе пра Караткевіча няма. Да гэтай пары ніхто не пазваніў і нічога нам не сказаў — чаму няма. Нават прабачэньня не папрасілі. А я ж спэцыяльна для іх рабіў”.

Паэт Рыгор Барадулін напісаў успаміны пра свайго любімага сябра задоўга да задуманай кнігі. Яны ўвайшлі спачатку ў ягоную празаічную кнігу “Аратай пасьвіць аблокі”, а потым у чацьверты том збору твораў. Абодва выходзілі ў “Мастацкай літаратуры”, і пытаньняў да аўтара не было. Гэта сьведчыць, лічыць Рыгор Барадулін, што лёс ягоных успамінаў пра Караткевіча цяпер вырашалі не ў выдавецтве.

(Барадулін: ) “Указаньні ёсьць, і ёсьць сьпісы… Як некалі ў савецкі час былі невыязныя, а цяпер, так сказаць, неўязныя ў прэсу… Калі Міністэрства інфармацыі ці вышэй — адміністрацыя ці прысьпешнікі адміністрацыі — лічаць, што я Караткевіча ня ведаў, ну то няхай…”

Зьнятыя з кнігі таксама ўспаміны Ўладзімера Арлова. Складальніца тому ўспамінаў пра Ўладзімера Караткевіча Галіна Шаблінская камэнтаваць сытуацыю нашаму радыё катэгарычна адмовілася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG