Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У падтрымку прадпрымальніка распачалі галадоўку яшчэ 5 чалавек


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Ваўкавыску пяць чалавек распачалі галадоўку ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча, які галадае за кратамі 31-ы дзень. Паводле адвакатаў, яму тэрмінова патрэбна шпіталізацыя.

Заявы аб галадоўцы ў райвыканкам сёньня паступілі ад дырэктара прадпрыемства “Ніка-транс” Юрыя Лявонава, сакратара Людмілы Парэмбскай, двух кіроўцаў — Івана Янушкевіча і Міхаіла Семярыча, а таксама ад беспрацоўнага Ўладзімера Асіпенкі, былога супрацоўніка падатковай інспэкцыі.

Адзін з галадоўнікаў Уладзімер Асіпенка паведаміў па тэлефоне, што яны вырашылі падтрымаць Мікалая Аўтуховіча. Спадар Асіпенка сказаў, што яны занесьлі у прыёмную райвыканкаму іхнія заявы аб галадоўцы.

Людміла Парэмбская сёньня спрабавала зрабіць у турму перадачу, але Мікалай Аўтуховіч сам ад яе адмовіўся.

(Парэмбская: ) “Так, але цераз адваката ён сказаў, што “мне нічога ня трэба, я ляжу”. Камэра памерам два на тры мэтры, у камэры пяць чалавек. Стан Аўтуховіча, канечне, нашмат пагоршыўся, дактароў дагэтуль няма”.

Адвакат Галіна Іванова паведаміла, што Мікалаю Аўтуховічу тэрмінова патрэбна шпіталізацыя і абсьледаваньне, паколькі стан ягонага здароўя сур''ёзна пагоршыўся.

Адвакат Надзея Станкевіч падала наконт гэтага хадайніцтва начальніку турмы.

Галіна Іванова гаворыць, што ў турме няма патрэбных умоваў нават у шпітальным ізалятары, каб аказаць дапамогу Аўтуховічу. Яна гаворыць, што нават каб ён спыніў галадоўку, выводзіць яго зь яе трэба было б пад наглядам доктара.

Адвакат зазначыла, што арышт прадпрымальніка азначае абмежаваньне ягонай свабоды, але не абмежаваньне ў правах, напрыклад, у праве на мэдычную дапамогу. Ён за кратамі апынуўся не з уласнага жаданьня, і адміністрацыя турмы адказвае за ягонае жыцьцё, мяркуе яна.

Адвакаты наведалі вязьня разам са сьледчым і запісалі ў пратаколе допыту пра тое, што арыштаванаму патрэбна неадкладная мэдычная дапамога. Галіна Іванова зазначыла, што у выхадныя Мікалай Аўтуховіч практычна ўжо не ўставаў з ложка.

***

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч арыштаваны 14 кастрычніка, ён сядзіць у гарадзенскай турме па абвінавачаньні ва няўплаце падаткаў у асабліва буйным памеры — 679 мільёнаў рублёў. За гэтае яму пагражае зьняволеньне ад трох да сямі гадоў (артыкул 243, частка ІІ Крымінальнага кодэксу) з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.

Сёлета гэта трэцяя галадоўка пратэсту М.Аўтуховіча. Дзьве першыя адбыліся, калі ён яшчэ быў на волі. Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў з боку падатковых органаў. Яго першая сёлетняя галадоўка стала масавай, у ёй таксама ўдзельнічалі пераважна кіроўцы таксовак, якія працуюць на машынах, што яму належаць. У сьпісах галадоўнікаў было больш за 35 чалавек. Тая галадоўка працягвалася 31 дзень.
XS
SM
MD
LG