Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз і ЗША маюць намер сынхранізаваць дзеяньні ў беларускім пытаньні


Алена Струвэ, Менск “Рэзалюцыя па Беларусі ёсьць спробай сынхранізаваць далейшыя сумесныя дзеяньні эўрапейцаў і амэрыканцаў у беларускім пытаньні”, — лічаць аўтары дакумэнту, прадстаўнікі нямецкай і нідэрляндзкай дэлегацыяў на 51-й штогадовай сэсіі ПА НАТО ў Капэнгагене. Галасаваньне па праекце рэзалюцыі адбудзецца заўтра, 15 лістапада.

У нядзелю ўвечары парлямэнтары НАТО ў цэлым ухвалілі праект рэзалюцыі, прадстаўлены нямецкім дэпутатам Маркусам Мэкелем і ягоным нідэрляндзкім калегам Бэртам Коендэрсам.

“Тэкст рэзалюцыі выклікаў нязгоду, бадай што, з боку прадстаўнікоў расейскай дэлегацыі — у Маскве заклапочаныя ўвагай НАТО да Беларусі”, — паведаміў нямецкі прадстаўнік на сэсіі ПА НАТО Ёганэс фон Аленфэльд.

(Аленфэльд: ) “У часе ўчорашніх беларускіх дэбатаў расейская дэлегацыя выступіла супраць шэрагу пунктаў рэзалюцыі. Найбольш узрушаныя яны праектам замежнага вяшчаньня на Беларусь, які згадваецца ў праекце рэзалюцыі”.

Паводле назіральнікаў, у дакумэнце парлямэнтары НАТО, па сутнасьці, выказваюць да афіцыйнага Менску тыя ж патрабаваньні, што і парлямэнтары АБСЭ, Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту: забесьпячэньне свабоды і празрыстасьці выбарчага працэсу, аднаўленьне дэмакратыі і прававых нормаў у Беларусі, гарантаваньне незалежнасьці судовай улады, неадкладнае вызваленьне з-пад арышту палітзьняволеных, паскарэньне расьсьледаваньня палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Паводле спадара Аленфэльда, у праекце НАТОўскай рэзалюцыі ёсьць і свае спэцыфічныя пункты.

(Аленфэльд: ) “Напрыклад, гэта патрабаваньне да Менску адносна спыненьня росту міліцэйскіх фармаваньняў у краіне альбо спыненьня мілітарызацыі ва ўнутранай палітыцы. Гэта вельмі важная тэма. Аднак, вы маеце рацыю: у цэлым дакумэнты, падрыхтаваныя парлямэнтарамі розных міжнародных арганізацыяў, падобныя адзін да аднаго. Яны маюць агульную задачу — даслаць палітычны сыгнал, па-першае, Лукашэнку, зь якім эўрапейцам цяжка размаўляць наўпрост; па другое, выказаць падтрымку беларускаму апазыцыйнаму руху. Што да канкрэтнага дакумэнту, то, паводле аўтараў, ягоная мэта таксама і ў тым, каб засяродзіць парлямэнты і ўрады НАТО на беларускай сытуацыі і сынхранізаваць дзейнасьць эўрапейцаў і амэрыканцаў у гэтым кірунку. Я магу сказаць, што амэрыканцы актыўна ўдзельнічалі ва ўчорашняй дыскусіі. Як вынік, абмеркаваньне беларускага пытаньня прайшло вельмі канструктыўна”.

Нагадаем, што ў якасьці госьця на сэсію Парлямэнцкай Асамблеі НАТО запрошаная жонка зьніклага беларускага журналіста Зьмітра Завадзкага — Сьвятлана, ініцыятарка стварэньня фонду падтрымкі незалежных беларускіх журналістаў. Учора Сьвятлана Завадзкая выступіла з кароткай прамовай на паседжаньні палітычнай камісіі ПА НАТО. Заўтра яна возьме ўдзел у пленарным паседжаньні, калі адбудзецца галасаваньне па беларускай рэзалюцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG