Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржава бярэ пад кантроль правядзеньне апытаньняў грамадзкай думкі


Ганна Соусь, Менск Дзяржава робіць больш жорсткім кантроль за правядзеньнем сацыялягічных апытаньняў на грамадзка-палітычныя тэмы і публікацыяй іх вынікаў. Адпаведную пастанову прыняў Савет міністраў Беларусі. Яе камэнтуюць прадстаўнікі незалежных сацыялягічных інстытутаў і чальцы камісіі, якая будзе даваць дазвол на правядзеньне дасьледаваньняў палітычнага характару.

Цяпер усе сацыялягічныя дасьледаваньні палітычнага характару будзе кантраляваць камісія ў справе апытаньняў грамадзкай думкі пры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Яна будзе займацца акрэдытацыяй юрыдычных асобаў, якія прэтэндуюць на правядзеньне апытаньняў грамадзкай думкі, зьвязаных з рэфэрэндумамі, выбарамі прэзыдэнта і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, а таксама грамадзка-палітычнай сытуацыяй у краіне і публікацыі вынікаў дасьледаваньняў у мэдыях.

Камісія мае паўнамоцтвы кантраляваць дзейнасьць сацыялягічных службаў на любых этапах правядзеньня апытаньня, і ў выпадку выяўленьня парушэньняў камісія можа скасаваць акрэдытацыю.

Намесьнік старшыні зарэгістраванага ў Літве Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў зьвязвае зьяўленьне згаданай пастановы ўраду з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца ў наступным годзе.

(Сасноў: ) “Улада шукае, якім чынам рэгуляваць правядзеньне сацыялягічных апытаньняў, каб вынікі адпавядалі яе патрабаваньням. Там галоўнае сказана — што камісія, якой даюцца дадатковыя паўнамоцтвы, будзе вызначаць дакладнасьць зьвестак. Як яна гэта можа зрабіць? Ніяк”.

У адпаведнасьці з пастановай ураду, сацыялягічныя інстытуты і цэнтры, якія займаюцца правядзеньнем дасьледаваньняў палітычнага характару, павінны будуць акрэдытавацца ў адпаведнай камісіі пры Акадэміі навук, што натуральна, зойме пэўны час, і ня ўсе здолеюць атрымаць акрэдытацыі, мяркуе Аляксандар Сасноў. Я запыталася ў яго, хто найперш можа пацярпець ад такога рашэньня ўраду.

(Сасноў: ) “Найперш пацерпіць насельніцтва, якое ня будзе мець дакладнай інфармацыі аб стане грамадзтва”.

Кіраўнік Цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ прафэсар Давід Ротман камэнтаваць рашэньне ўраду пакуль не бярэцца, паколькі яшчэ не азнаёміўся з тэкстам адпаведнай пастановы Савету міністраў.

(Ротман: ) “Адпаведную паперу я таксама атрымаў, але незразумела, пра што ідзе размова. Трэба разабрацца, што там напісана ў гэтым дакумэнце”.

У складзе камісіі, якая будзе даваць акрэдытацыю, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. Ён лічыць, што такая пастанова ўраду неабходная:

(Лазавік: ) “Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў многія сацыёлягі выказваліся наконт таго, што шмат розных арганізацыяў праводзілі сацыялягічныя дасьледаваньні — прычым, на вельмі нізкім прафэсійным узроўні. Каб не дапусьціць такога, Акадэмія навук прапанавала стварыць камісію, якая б рэглямэнтавала парадак прадстаўленьня права на правядзеньне такіх дасьледаваньняў”.
XS
SM
MD
LG