Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты ўчынілі ператрус у кватэры актывіста ТБМ


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск У мінулыя выходныя ў Сьветлагорску міліцыянты зрабілі ператрус у кватэры Вадзіма Богдана, актывіста сьветлагорскай суполкі грамадзкага аб’яднаньня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Сканфіскавалі інфармацыйныя бюлетэні пра акцыю салідарнасьці 16 лістапада “Запалі сьвечку”, налепкі на гэтую ж тэму, іншыя друкаваныя матэрыялы.

Вадзіма Богдана ў дзень ператрусу ў горадзе не было. Супрацоўнікі міліцыі прад’явілі ордэр на ператрус маці Вадзіма. У ордэры было няправільна ўказана імя — не “Вадзім”, а “Ўладзімер”. Міліцыянты заявілі, што паступіла інфармацыя: у кватэры нібыта вырабляюцца і захоўваюцца наркотыкі. Распавядае маці Вадзіма спадарыня Валянціна:

(Валянціна: ) “Я вельмі разгубілася ад таго, што ў дачыненьні нас нібыта паступіў званок, што мы вырабляем наркотыкі. Міліцыянты, адзін зь іх назваўся Кухарэнкам, а другі пасьведчаньня не паказаў, распачалі ператрус. Асаблівую цікавасьць у іх выклікалі паперы. Калі міліцыянты сталі аглядаць пакой Вадзіма, яны наагул забыліся пра наркотыкі. Перагледзелі ўсе папкі сына, сканфіскавалі нейкія газэты, два дыскі на стале, улёткі пра Дзень салідарнасьці 16 лістапада, брашуркі з надпісам “Абарані свой дом” ды іншую друкаваную прадукцыю. У кнігах ягоных лазілі. Забралі яго два асабістыя здымкі і сказалі прыйсьці сёньня зь ім у аддзел міліцыі”.

Сам Вадзім лічыць, што ператрус учынены ў сувязі з выданьнем першага нумару газэты-бюлетэня “Рэгіянальныя навіны”:

(Богдан: ) “У Сьветлагорску дэмакратычнымі сіламі пачаў выдавацца бюлетэнь “Рэгіянальныя навіны”. Ён як бы зьяўляецца працягам закрытай у горадзе газэты “Регион-вести”. Увесь распаўсюд бюлетэняў паклаўся на моладзь. Міліцыянты, відаць, меркавалі, што друкарка знаходзіцца ў мяне на кватэры. Яны былі ўпэўнены, што друкарка тут, і яны адным махам спыняць выданьне адразу пасьля першага нумару”.

Паводле суразмоўцы, пасьля ператрусу ня стала таксама дакумэнтацыі грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства”, літаратуры па гісторыі, аранжавых налепак з надпісам “Сёньня Ўкраіна — заўтра Беларусь”. Міліцыянты расцанілі налепкі як заклік да захопу Ўкраіны. Ім не даспадобы быў нават нацыянальны ручнік, што вісеў у пакойчыку Вадзіма.
XS
SM
MD
LG