Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што абяцае Назарбаеў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў?


Сяргей Абламейка, Прага 4 сьнежня ў Казахстане адбудуцца прэзыдэнцкія выбары. Паводле некаторых апытаньняў грамадзкай думкі, да трох чвэрцяў казахскіх выбарцаў гатовыя прагаласаваць за цяперашняга прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева. На чым заснаваная папулярнасьць казахскага лідэра?

Назарбаеў не абяцае ніякіх радыкальных пераменаў, яго плятформа заснаваная на тым, што ён ужо дасягнуў за папярэднія 14 гадоў кіраваньня краінай. Першае, пра то ён згадвае на сустрэчах з выбарцамі – стабільнасьць:

(Назарбаеў: ) “Усе, хто кажа, што ў нас карупцыя, і тое і гэта, падманваюць казахстанцаў. Трэба іх гнаць у шыю, адправіць у Кіргізстан – хай паглядзяць, дзе насамрэч кепска. Зразумела? Вось гэта мой зварот да Казахстану”.

У 1997 годзе Назарбаеў прыдумаў праграму пад назвай “Стратэгічны плян разьвіцьця да 2030 году”. Шмат хто жартаваў з гэтай нагоды, што Назарбаеў зьбіраецца заставацца пры ўладзе наступныя 33 гады.

Тым ня менш назіральнікі зьвяртаюць увагу, што Казахстан сапраўды зьяўляецца самай устойлівай краінай Сярэдняй Азіі. Сукупны нацыянальны прадукт у апошнія гады стабільна ўрастаў на 10% штогод. Жыцьцёвы ўзровень зьяўляецца самым высокім у Сярэдняй Азіі. Заробкі, стыпэндыі і пэнсіі выплачваюцца своечасова, дэманстарцыі пратэсту рэдкія. На думку Тані Малкалм, экспэрткі з Эўразійскай групы ў Нью-Ёрку, лічбы падтрымкі Назарбаева сапраўдныя:

(Малкалм: ) “Сапраўды, адносна іншых краінаў Сярэдняй Азіі, Казахстан валодае большай палітычнай стабільнасьцю і больш разьвіты эканамічна. Вядома, гэта зьвязана з даходамі ад продажу нафты і газу. Так што ня гледзячы на відавочныя праблемы зь беднасьцю, карупцыяй і недахопам палітычных свабодаў, адносна іншых краінаў рэгіёну сытуацыя ў Казахстане лепшая”.

Апазыцыя прапануе выбарцам дэмакратычныя свабоды, барацьбу з карупцыяй і адкрытую эканоміку, не заснаваную на сямейных кланах.

Арганізацыя Бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) ні разу не прызнавала ніводныя казахскія выбары свабоднымі і справядлівымі. Эўразьвяз на мінулым тыдні заклікаў казахскія ўлады даць апазыцыі роўныя магчымасьці і доступ да мэдыяў.

Варта дадаць, што мінулае пятніцы ў сваім доме быў знойдзены застрэленым дзеяч казахскай апазыцыі Заманбэк Нуркадзілаў – раней ён быў прыхільнікам Назарбаева, але два гады таму перайшоў у апазыцыю.
XS
SM
MD
LG