Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец зноў пачаў галадоўку за кратамі (абноўлены)


Уладзімер Глод, Менск Пра гэта нашаму радыё 14 лістапада паведаміла жонка палітыка, кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Аляксандра Скрабец. Пра галадоўку яна даведалася зь ліста, які перадаў муж са зьняволеньня.

Сяргей Скрабец паведамляе, што апошнім часам дрэнна пачуваецца з прычыны рэгулярных прыступаў падагры. На абвастрэньне хваробы ўплывае і дрэннае харчаваньне. Жонка экс-дэпутата так распавядае пра зьмест лістоў з ізалятару на вуліцы Валадарскага:

(Аляксандра Скрабец: ) “Лісты прыходзяць рэгулярна, Адзінае, што чарговая непрыемная навіна — ён зноў галадае. Прычынай таму турэмнае харчаваньне: гарохавыя суп ды каша. Ён апошні час цягне правую нагу, падагра яго зусім даканала. Добра яшчэ, што хоць лекі, якія я яму даслала, прымае. Ён напісаў: перадачаў больш ня трэба, таму што галадую”.

Аляксандра Скрабец — лекар, і добра разумее, як цяжка хварэць у вязьніцы:

(Аляксандра Скрабец: ) “У Сяргея падагрычны поліартрыт пры парушэньнях абмену рэчываў. Ён паражае суставы, пачынаючы зь вялікага пальца нагі. Боль вельмі моцны. І чым даўжэй і глыбей праходзіць хвароба незалечаная, тым яна больш паражае іншыя суставы. Яна пераходзіць на галенастоп, на калена. Дык Сяргей напісаў брату: мяне так давяла гэтая падагра, што ўжо баляць і лакцявыя суставы. А на правую нагу і ступаць не магу”.

Крымінальную справу Сяргея Скрабца перадалі ў Вярхоўны суд Беларусі ўжо месяц таму. Але на сёньня дата пачатку судовага працэсу дакладна ня вызначаная. Нічога ня ведае пра гэта і малодшы брат былога дэпутата — Аляксандар, які праходзіць саўдзельнікам у судовай справе:

(Аляксандар Скрабец: ) “Прышлюць паведамленьне. Адразу мне павінна прыйсьці першаму. Мяне ж таксама абвінавачваюць”.

Сяргея Скрабца афіцыйна абвінавачваюць у трох выпадках парушэньня заканадаўства — выманьваньні крэдытаў у дзяржавы, незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і падрыхтоўцы да дачы хабару ў асабліва буйных памерах. Ён быў арыштаваны ў сярэдзіне траўня. Спачатку яго ўтрымлівалі ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе ён на знак пратэсту галадаваў амаль сорак дзён. Пасьля ён быў пераведзены ў сьледчы ізалятар у Менску.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмову.
XS
SM
MD
LG