Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водгукі слухачоў 12-14 лістапада


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Генадзь Майсеенка: ) “Шчырае прывітаньне! Пасьля выказваньняў пана Мілінкевіча, асабліва наконт вайсковых аб’ектаў Расеі ды іншых яго дыфірамбаў, нават калі гэта і своеасаблівы стратэгічны альбо тактычны крок, прабачце, але ў сапраўднага ліцьвіна, які таксама не русафоб, Мілінкевічавы словы выклікаюць, калі не гідлівасьць, дык вельмі ашаламляльнае непаразуменьне. Большасьць сьвядомых апазыцыянэраў папросту маўчыць пра тое, што нават неадукаванаму беларусу бачна ўжо і не выклікае сумневу -- уся Расея і асабліва яе імпэрцы выкарыстоўваюць Беларусь як палігон, на якім адпрацоўваюць сцэнар для самой Расеі ў прышласьці”.

(Спадар:) “Тое, што робіцца з “Народнай Воляй” і другімі незалежнымі выданьнямі гаворыць, што калі пры ўладзе цемрашал, дык ён заўсёды будзе рабіць, каб трымаць у людзей у цемнаце. Вы павінны ведаць, што за памылкі трэба разьлічвацца вялікім коштам... Чым даўжэй [Лукашэнка] будзе пры ўладзе, тым больш дарагая будзе цана яго адхіленьня. Грамадзянства павінна помніць і ведаць і быць гатовым заплаціць гэты кошт дзеля сябе, дзяцей і унукаў. Я заўсёды дапамагаў і буду дапамагаць “Народнай Волі” грашыма часам і ўсім, чым змагу. Змагаючыся за “Народную Волю” я змагаюся за волю сваіх дзяцей, унукаў ад самадура”.

(Жыхар Менску:) “Паважаная Свабода! У “Народнай Волі” за 11 лістапада гэтага году прыведзеная незвычайная прапанова прафэсара, вэтэрана Міколы Савіцкага наконт трэцяга і чацьвертага прэзыдэнта А. Лукашэнкі. Я, юны партызан, дацэнт, лічу гэту прапанову амаральнай з пункту гледжаньня садысцкі зьнішчаных: Захаранкі, Ганчара, Красоўскага, Карпенкі, Завадзкага і іншых!”

(Спадар:) “Вельмі рады, што Мілінкевіч Аляксандар ня недзе там лазіць, а паехаў да людзей. Вось гэта вельмі правільна! Але трэба, акрамя таго, што ён ужо сказаў, трэба каб ён выказаў, як значную частку насельніцтва вырваць з жабрацтва. Ня так як зараз параўноўваюць з Эфіёпіяй, дзе значна горш, трэба глянуць на свой народ. Вось гэта, як, павінна паўсюль гучаць. Другое. Людзі сьпіваюцца, хамства паўсюль… Гэта ж часткова ад такога жыцьця, а другое – культурнага пласту няма. Замест гэтага – любую праграму ўключыце, яны скачуць, скачуць, безгалосымі галасамі сьпяваюць, конкурсы нейкія, нейкіх падлеткаў паказваюць, якіх як быццам на панэль рыхтуюць, якая быццам мадэльлю хоча стаць. А культурны пласт – гэта сур’ёзна! Гэта той, які павядзе людзей, які выхоўвае людзей! Вось гэты пласт трэба мець. Культуру ва ўсім трэба прывіваць!”

(Анастас Семяновіч:) “Вельмі шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода! Я абсалютна ўпэўнены, што Белпошта тут не пры чым. Ім далі каманду ад галоўнага начальніка Беларусі – і яны выканалі.

Усё гэта азначае тое, што ўлада страціла ўжо ўсялякую прыстойнасьць і апусьцілася ніжэй калена. Баяцца праўды. “Народная Воля” даволі памяркоўная, і яе баяцца. Дурная ўлада не разумее, што людзі на самой справе, як раз усё разумеюць. Пляваць яны хацелі на вас і вашу прапаганду! Такой уладзе канец.

А вы, шаноўныя гаспадары і гаспадыні Радыё Свабода, старайцеся максымальна даваць інфармацыю пра Беларусь, параўноўвайце жыцьцёвы ўзровень нашых дарагіх і любімых суседзяў”.

(Спадар:) “Радыё Свабода, я мяркую, што закрыць газэту “Народная Воля” – гэта загад Лукашэнкі. Ён сабе расчышчае дарогу на будучыню, бо яго будуць выяўляць. Лукашэнку так проста ня выкінеш, таму нам, усім сумленным людзям Беларусі, трэба спадзявацца тока на свае сілы і стаяць да перамогі. І будзе перамога за намі!”

(Спадар:) “Перш за ўсё хачу падзякаваць спадару, які сёньня добра размаўляў пра мову, спадару Дубаўцу. Яшчэ хачу падзякаваць дзяўчыне Ганне Соусь, якая так расказвала пра Курапаты, што я аж прасьлязіўся трохі, сьляза мяне зашчапіла за сэрца. Калі інтэрвію старое дала праслухаць ды і па-журналісцку ўсё так добра было пабудавана, што ўжо пры канцы ня мог стрымаць свае сьлёзы.

А Дубаўцу яшчэ раз дзякуй! Здароўя і посьпехаў ягонаму слову! Я б яго і слухаў і слухаў бы, бо ён ужо гаворыць быццам бы вершамі. Быццам верш льецца ягоная мова. Вельмі цікава”.
XS
SM
MD
LG