Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі НАТО абмяркоўваюць Беларусь


Алена Струвэ, Менск 13 лістапада ў Капэнгагене ў рамках 51-й штогадовай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі НАТО адбыліся дэбаты ў беларускім пытаньні. Парлямэнтары ўхвалілі праект рэзалюцыі па Беларусі, які прадставілі старшыня падкамітэту Парлямэнцкай Асамблеі ў пытаньнях Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы нямецкі дэпутат Маркус Мэкель і нідэрляндзкі парлямэнтар Бэрт Коендэрс.

У дакумэнце даецца крытычная ацэнка палітычнай сытуацыі ў Беларусі, аўтары заклікаюць беларускае кіраўніцтва “неадкладна вызваліць з-за кратаў усіх палітзьняволеных, паскорыць расьсьледаваньні палітычных зьнікненьняў, а таксама спыніць рост колькасьці міліцэйскіх падразьдзяленьняў у Беларусі”. На паседжаньне палітычнай камісіі Парлямэнцкай Асамблеі НАТО, дзе абмяркоўваўся тэкст рэзалюцыі, была запрошаная Сьвятлана Завадская – жонка зьніклага ў 2000 годзе апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Галасаваньне па беларускай рэзалюцыі адбудзецца ў Капэнгагене ў аўторак.

Напярэдадні Масква ўжо выказала сваю заклапочанасьць у зьвязку з тым, што НАТО і ЗША занадта засяроджваюць сваю ўвагу на Беларусі – вайскова-палітычным саюзьніку Расеі. Такую заяву зрабіў кіраўнік расейскага Фонду эфэктыўнай палітыкі Глеб Паўлоўскі.

У сваю чаргу прадстаўнік нідэрляндзкай дэлегацыі ў Капэнгагене ў размове з “Свабодай” зазначыў, што “сябры Эўразьвязу і НАТО надзвычай заклапочаныя палітычнай сытуацыяй у краіне-суседцы” і хочуць растлумачыць афіцыйнаму Менску, што далейшае разьвіцьцё іх дачыненьняў зь Беларусьсю “цалкам залежыць ад тых посьпехаў, якія гэтая краіна зробіць у галіне дэмакратыі”. Паводле прадстаўніка нямецкай дэлегацыі, рэзалюцыя “не зьмяшчае ніякіх пагрозаў, яна аформленая цывілізаванай моваю”.

Як вынікае з тэксту дакумэнту, парлямэнтары краінаў Паўночнаатлянтычнага альянсу “глыбока шкадуюць”, што ў выніку палітыкі афіцыйнага Менску шлях інтэграцыі Беларусі як эўрапейскай краіны, непасрэднай суседкі Эўразьвязу і НАТО, у сям’ю эўрапейскай дэмакратыі надзвычай ускладнены.

Парлямэнтары НАТО заклікаюць прэзыдэнта Лукашэнку і ягоны ўрад забясьпечыць свабоду і празрыстасьць выбарчага працэсу ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, аднавіць дэмакратыю і прававыя нормы ў Беларусі, гарантаваць абарону правоў чалавека, незалежнасьць судовай улады, неадкладна вызваліць з-пад арышту ўсіх палітзьняволеньных, паскорыць расьсьледаваньні палітычных зьнікненьняў у Беларусі і прыцягнуць да суду асобаў, адказных за гэтыя зьнікненьні, а таксама спыніць рост колькасьці міліцэйскіх падразьдзяленьняў у Беларусі, альбо гэтак званую “мілітарызацыю ўнутранай палітыкі”.

Аўтары дакумэнту апэлююць да ўрадаў і парлямэнтаў краінаў-сяброў НАТО абмежаваць афіцыйныя кантакты зь Менскам, аднак інтэнсыфікаваць рабочы дыялёг зь беларускімі чыноўнікамі з тым, каб растлумачыць Менску свае крытычныя патрабаваньні і прадэманстраваць насельніцтву, што палітыка Захаду не накіраваная на ізаляцыю Беларусі.

Парлямэнтары НАТО выступаюць за супрацоўніцтва зь беларускімі няўрадавымі арганізацыямі, у тым ліку за ўсебаковую падтрымку двухбаковых моладзевых, студэнцкіх, навуковых абменаў, кантактаў у галіне малога і сярэдняга бізнэсу.

У дакумэнце аддаецца ўвага пытаньню распаўсюджаньня праўдзівай і незалежнай інфармацыі, пераадоленьня дзяржаўнай манаполіі ў гэтай сфэры.
XS
SM
MD
LG