Лінкі ўнівэрсальнага доступу

85 гадоў назад зьезд жыхароў Случчыны абраў Слуцкую Раду БНР


Міхал Стэльмак, Менск Зьезд адбываўся 14 – 15 лістапада 1920 году ў Слуцку. Гэта быў час, калі Беларусь апынуліся ў эпіцэнтры бурных падзеяў, справакаваных першай усясьветнай вайной і кастрычніцкімі падзеямі ў Расеі.

Суседзі Беларусі – Расея і Польшча – шляхам вайны высьвятлялі адносіны. Случчына стала адным з рэгіёнаў, жыхары якога, як кажуць, на ўласнай скуры зьведалі жахі вайны. Няпэўнае становішча паміж двума варожымі бакамі падштурхоўвалі случакоў да пошукаў самастойнага палітычнага шляху. Так лічыць гісторык Ніна Стужынская, якая шмат дасьледавала тагачасныя падзеі на Случчыне.

(Стужынская: ) “Зьезд вырашаў пытаньне дзяржаўнасьці Случчыны і дзяржаўнасьці Беларусі. Такія ўмовы былі. Палякі адыходзілі ў той час, чырвоныя надыходзілі. Сяляне, якія зьбіраліся на зьезд, гаварылі паміж сабою, што калі ўлада, дык свая, калі войска, дык сваё ўтрымліваць. І калі падаткі плаціць, дык таксама трэба сваёй уладзе. Таму што сытыя былі адной акупацыяй, другой акупацыяй... Людзі прыйшлі да высновы, што выратаваньне ў дзяржаўнасьці. І таму сход быў па сутнасьці адназначным: утварэньне дзяржавы, падтрымка Беларускай Народнай Рэспублікі. Ня варта забывацца, што Слуцкі павет займаў амаль палову тагачаснай Беларусі”.

Што да цяперашніх случакоў, то толькі частка мясцовай інтэлігенцыі мае ўяўленьне, часьцей цьмянае, пра падзеі 1920-х. Краязнаўца Ігар Ціткоўскі лічыцца ў Слуцку адным з найбольш дасьведчаных людзей.

(Ціткоўскі: ) “Я б не сказаў, што мае месца шырокі розгалас. Трэба проста людзям даносіць, даводзіць. Альбо адно стаўленьне, альбо другое, але трэба ведаць сам факт. Быў час, калі гэты факт альбо замоўчваўся, альбо інфармацыя пра яго была сьціплая. Гэтую інфармацыю трэба даводзіць людзям. Зьезд адбываўся ў будынку Вайніловіча, які пабудаваў Чырвоны касьцёл у Менску. Ён быў абшарнікам, у яго на Случчыне і Капыльшчыне былі землі. Яго будынак быў на вуліцы, якая цяпер называецца Камсамольская, але некалі была Шырокай. Той будынак не захаваўся”.

Зьезд, у якім брала ўдзел больш за 100 чалавек, прызнаў Случчыну часткаю Беларускай Народнай Рэспублікі. Таксама дэлегаты абралі Раду. Яна й прыняла рашэньне пра пачатак Слуцкага збройнага чыну. Паводле гісторыка Ніны Стужынскай, рэха слуцкага зьезду можна пачуць нават цяпер – у цяперашніх палітычных падзеях у Беларусі:

(Стужынская: ) “Я лічу, калясальнае гістарычнае значэньне. Назіраючы апошнія падзеі, у прыватнасьці Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, едучы на гэты Кангрэс, потым у якасьці дэлегата прымаючы ўдзел у яго працы, я падумала, што паўтараецца гісторыя Беларусі. Нават схема, па якой зьбіраўся гэты Кангрэс, мне нагадвала той зьезд Случчыны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG