Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непарадкі ў Францыі: погляд зь Беларусі


Галіна Абакунчык, Менск Больш за два тыдні ў Францыі доўжацца масавыя непарадкі. Яны выбухнулі ў парыскім прымесьці, населеным пераважна выхадцамі з афрыканскіх краінаў. Паступова хваляваньні пашырыліся на ўсю Францыю. Імігранцкая моладзь пратэстуе супраць жорсткага стаўленьня з боку паліцыі, супраць высокага беспрацоўя і абмежаваных сацыяльных магчымасьцяў у імігранцкім асяродзьдзі. Паводле папярэдніх зьвестак, фінансавыя страты ад непарадкаў складаюць звыш 200 мільёнаў эўра. Як ставяцца да францускіх падзеяў у Беларусі?

Ураджэнцы афрыканскіх і азіяцкіх краінаў на вуліцах Менску ды іншых гарадоў Беларусі – зьява не надзвычайная. Нямала іх вучыцца ў беларускіх ВНУ, некаторыя ствараюць свае сем’і і абіраюць Беларусь за краіну сталага жыхарства. Ці зьмянілася стаўленьне нашых суайчыньнікаў да іншаземцаў у зьвязку з падзеямі ў Францыі? Пра гэта пытаюся ў менскіх мінакоў.

(Карэспандэнтка: ) “Пасьля таго, што адбылося ў Францыі, ці не зьмянілася вашае стаўленьне да эмігрантаў-неэўрапейцаў, бо і ў нашай краіне яны ёсьць. І ці не баіцеся, што нешта падобнае можа здарыцца і ў Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Не, мне ня страшна. Калі людзі ідуць на рашучыя дзеяньні, то, пэўна, яны даведзеныя да такога стану пэўнымі ўмовамі жыцьця”.

(Юнак: ) “Не, не баюся. У нашай краіне гэта немагчыма, бо з нашай сыстэмай гэтага не дазволяць”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не мяняюцца вашыя адносіны да гэтых людзей, і ці не баіцеся падобнага ў Беларусі?”

(Спадарыня: ) “Не, не баюся. Трэба добрую палітыку весьці, каб усе яны былі пры працы, каб працавалі. Калі будуць працаваць, то нічога падобнага ня здарыцца”.

(Спадар: ) “Я ня вельмі люблю Францыю. А эмігранты, дык яны ўсюды ёсьць. І што зь імі зрабіць можна, я ня ведаю. Але тое, што ў нас у Беларусі такое адбудзецца, я ня думаю. Краіна ў нас такая: у нас усё ціха і спакойна, і ніхто нічога ня робіць”.

(Спадар: ) “Склалася ў нас так, што чужыя людзі прыяжджаюць да нас і мы іх падтрымліваем. Ну, ня будзе ў нас такога ніколі”.

(Карэспандэнтка:) “Ну, а вы да іх горш ставіцца ня сталі?”

(Спадар: ) “Не, гэта іх праблемы”.

Памяркоўнае стаўленьне нашых суайчыньнікаў да дзеяньняў францускіх мігрантаў не падзяляюць беларускія праваабаронцы. “Ацэнка пагромаў ня можа быць адназначнай”, – кажа віцэ-старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

(Гулак: ) “З аднаго боку, гэта парушэньне закону, і ніякім чынам апраўдаць гэтыя дзеяньні нельга. З другога, у гэтых людзей сапраўды ёсьць праблемы, бо яны асацыялізаваныя, дапамога, якую яны атрымліваюць, не дазваляе ім жыць добра. Але, зрэшты, яны яе й не зарабілі – можна й так казаць. Усё гэта праблемы яшчэ каляніяльнага мінулага, і гэта проста выклік краінам, якія маюць шмат імігрантаў. Гэта даволі новая праблема, і трэба шукаць яе вырашэньне: разумным чынам абмяжоўваць прыток імігрантаў і наладжваць праграмы іх сацыялізацыі”.

Таго меркаваньня, што прыток ураджэнцаў афрыканскіх і азіяцкіх краінаў на эўрапейскіх кантынэнт мае быць рэгуляваным, трымаецца таксама навуковец і дыплямат Пётра Садоўскі. Паводле яго, масавыя непарадкі, што адбываюцца ў Францыі, аднойчы могуць здарыцца і ў Беларусі. Вось як спадар Садоўскі ацэньвае тое, што здарылася:

(Садоўскі: ) “Па-першае, трэба разумець становішча ў Францыі: адсоткаў 40 гэтай моладзі беспрацоўная. Другое, што яны ўсё ж такі грамадзяне Францыі і вырасьлі з разуменьнем таго, што ў сьвеце павінны панаваць роўнасьць, братэрства і свабода. І яшчэ адна дэталь. Францыя – вельмі бюракратычная краіна, і там вельмі жорсткая паліцыя. І апошняе, калі згадаць француза дэ Голя, які казаў, што павінна быць Эўропа радзімаў. Калі Эўропа перастане быць Эўропай радзімаў, калі яна зьліецца ў нешта такое адзінае і бязьмежнае, то добрага ад гэтага нічога ня будзе. І калі мы сёньня бачым, што размываецца тое, што трымае нас разам як беларусаў, то й нас можа чакаць тое самае, толькі з другога боку могуць ісьці нейкія імпульсы”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, летась каля 20 тысяч чалавек атрымалі беларускае грамадзянства, што ўдвая больш, чым папярэднім годам. Каб спрасьціць атрыманьне беларускага грамадзянства, кіраўніцтва Беларусі заключыла міжнародныя пагадненьні з Казахстанам, Кіргізстанам, Украінай і Расеяй. Ураджэнцы гэтых дзяржаваў атрымліваюць беларускае падданства нават без папярэдняга выхаду з грамадзянства сваёй краіны. Паводле міжнародных дасьледчыкаў, неўзабаве Беларусь ператворыцца ў краіну імігрантаў у зьвязку з тым, што Эўразьвяз, зь якім суседзіць Беларусь, паступова ўмацоўвае свае межы.
XS
SM
MD
LG