Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нэрвова паліць


Марыя Мартысевіч, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Нэрвова паліць (або нэрвова курыць) – гэта значыць не ісьці ні ў якае параўнаньне з чымсьці, быць значна горшым за нешта.

Толькі аднойчы ў жыцьці я на ўласныя вочы бачыла людзей, якія нэрвова паляць. Гэта было ўлетку 2004 году, калі Нямігу затапіла падчас дажджу. Я ішла па занесенай пяском вуліцы Камсамольскай, зь якой паводка ўжо сышла. У напаўсклепавай кавяраньцы “Мая дарагая” плёхалася вада, а ўласьнікі кавярні хадзілі вакол выцягнутай на вуліцу мэблі, ліхаманкава шукаючы сухіх цыгарэтаў.

Гэтая сцэна дапамагла мне зразумець, адкуль мог узяцца выраз нэрвова паліць. Той, хто ўпершыню так сказаў, мысьліў вобразна. Абвяшчаючы, напрыклад: “Я – найкруцейшы, астатнія – нэрвова паляць!” – ты маеш на ўвазе, што ў параўнаньні з табой усё чалавецтва – нагэтулькі ніякае, што яму застаецца толькі вызваліць памяшканьне і, усьвядоміўшы сваю ніякасьць, дрыготкімі рукамі прыкурыць цыгарэту. Выраз гэты яшчэ нядаўна быў надзвычай модны сярод прыхільнікаў выказвацца нефармальна: надта ж ёміста акрэсьлівае ён меру ды ступень чаго заўгодна. Можна дагаварыцца й да такога: “Наш сусед так многа п’е, што ўсе іншыя – паляць”. Ці варта дадаваць, што ў моладзевай гаворцы здольныя паліць ня толькі людзі, але і самыя розныя неадушаўлёныя аб''екты: кнігі, музычныя альбомы, маркі машынаў ды вечарынкі.

У рыторыцы сучаснага слэнгу лічыцца красамоўным пашыраць словазлучэньне нэрвова паліць дасьціпнымі падрабязнасьцямі. Найбарочнейшы з пачутых мной выразаў быў такі: “Нэрвова паліць танныя папяросы ў вакзальнай прыбіральні”.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG