Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польшча: Бальцаровіч узнагароджаны ордэнам Белага арла


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Прэзыдэнт Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі ўзнагародзіў выдатнага эканаміста, аўтара канцэпцыі пераходу да рынкавай гаспадаркі, якая была выкарыстаная ня толькі ў Польшчы, але і ў шэрагу іншых посткамуністычных кранаў, прафэсара Лешка Бальцаровіча найвышэйшай дзяржаўнай узнагародаю Польшы – ордэнам Белага арла, які быў заснаваны ў 1713 годзе.

“Шокавая тэрапія” Бальцаровіча, якую Польшча прайшла фактычна адразу пасьля заканчэньня камуністычнага панаваньня, прынесла свае вынікі – палякі першымі сярод краінаў Усходняй Эўропы выйшлі з эканамічнага крызісу, і цягам апошніх 15 гадоў эканоміка краіны да такога стану ўжо не вярталася.

Хаця польскую мадэль гаспадарчых пераменаў пасьпяхова выкарыстаў цэлы шэраг усходнеэўрапейскіх краінаў, Лешак Бальцаровіч у сваёй краіне застаецца чалавекам, на якога дасюль найбольш часта нападаюць палітыкі-папулісты, абвінавачваючы яго ўва ўсіх няшчасьцях палякаў.

У часе ўрачыстай цырымоніі ў прэзыдэнцкім палацы Аляксандар Квасьнеўскі заявіў:

(Квасьнеўскі: ) “У такія моманты, як гэты, мы адчуваем гонар і радасьць, што ў нашай Айчыне ёсьць выдатныя людзі, якія ў адказны момант для сваёй краіны гатовыя зрабіць усё, што ад іх залежыць”.

Паводле словаў прэзыдэнта, без рэформаў Бальцаровіча Польшча не была б цяпер сябрам Эўрапейскага Зьвязу.

Летась у інтэрвію нашаму радыё Лешак Бальцаровіч, ацэньваючы эканамічную сытуацыю ў Беларусі, заявіў, што “чым даўжэй адкладаюцца рэформы, тым горшым становіцца жыцьцё людзей. Траціцца час, і пункт, зь якога потым прыйдзецца стартаваць, апускаецца ўсё ніжэй”.
XS
SM
MD
LG