Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водгукі слухачоў – 3-10 лістапада


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

3 лістапада

(Спадар: ) "Я за альтэрнатыўныя выбары. Таму я хачу Мілінкевічу вось што падказаць. Трэба, каб у ягонай праграме было вырашэньне праблемы з чыноўнікамі.

Дзяржава нашая ператварылася ў чыноўніцкую бюракратычную дзяржаву. Мусіць нідзе ў сьвеце такой жахлівай сыстэмы няма. Усялякія міністэрствы, ведамствы, інстытуты, паліталёгіі, сацыялёгіі. Для чаго ўсё гэта? Я б на месцы губэрнатараў абласных не даваў бы сюды шмат грошаў, а пакідаў бы ў сябе ў вобласьці, каб падтрымліваць свой народ.

Вось прыклад прыводжу. Мне патрэбна была маленькая кансультацыя. Дык настолькі ўсё зьбюракратызавана, што юрыст, да якога я зьвярнуўся, папрасіў тэлефон, каб перазваніць мне. І ён недзе гадзіны 3-4 удакладняў, каб вылезьці з гэтага балота бюракратычнага! Паспрабуйце вырашыць якое пытаньне, тубэркулёзам захварэеце, але ня вырашыце. І людзі гэта адчуваюць.

Вось гэта трэба і выкарыстоўваць Мілінкевічу. І трэба, каб далі ягоны нумар тэлефону, каб маглі зь ім зьвязацца. І трэба, каб ён болей гарадоў абласных наведаў, каб былі выбары альтэрнатыўныя!”

4 лістапада

(Пэнсіянэр Віктар Мікалаевіч: ) “Добры вечар, паважаная рэдакцыя! Вось у газэце “Камсамольская праўда ў Беларусі” падрабязна асьветленае таемнае будаўніцтва рэзыдэнцыі і лецішча, якое вядзе Лукашэнка ў Сочы. 14 кастрычніка ён езьдзіў туды на падставе кароткачасовага лячэньня. Аднак газэтай ўсё высьветлена: вялікія грошы ідуць на гэтае будаўніцтва за кошт бюджэтных сродкаў.

Хацелася б, каб вашая станцыя больш падрабязна праінфармавала насельніцтва Беларусі аб гэтых тайных дзеяньнях, якія праводзяцца прэзыдэнтам Лукашэнкам.

Дзякуй за ўвагу і спадзяемся на вашую ўвагу”.

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная Свабода! Мы чакаем вашай дапамогі, чакаем, што ў нас будзе вольная краіна Беларусь, як і суседнія краіны вакол нас, якія адчуваюць сябе добра і лёгка. Думаю, што і ў нас так будзе з вашай дапамогай”.

7 лістапада

(Спадарыня: ) “Мае любімыя беларускія журналісты – Ірына Халіп і Марыя Коктыш. Яны адлюстроўваюць ў сваіх артыкулах бязьлітасныя рэаліі нашага жыцьця, эканамічнае і палітычнае становішча ў краіне.

Віншую Ірачку Халіп са званьнем “Героя Эўропы”! Жадаю посьпехаў у творчасьці і ў працы, здароўя і шчасьця!”

(Пэнсіянэр, Менск: ) “На пытаньне Радыё Свабоды наконт трэцяга тэрміну кіраваньня Лукашэнкі...

Аляксандар Рыгоравіч! Ваш лепшы сябра Ўладзімер Пуцін сказаў, што калі глава дзяржавы будзе мяняць Канстытуцыю пад самога сябе, то ад гэтай дзяржавы хутка нічога не застанецца.

Няўжо вы думаеце, што бяз вас Беларусь сінявокая, якую вы носіце на сваіх руках, прападзе? Ня трэба замбіраваць людзей! Большая частка насельніцтва кажа: “Досыць малым пэнсіям, досыць малым заробкам, досыць вялікім коштам на зямлю, прадукты харчаваньня і на адзежу!” Сыдзіце з палітычнай сцэны! І ня трэба падкормліваць пэнсіянэраў адным кіляграмам кілбасы. Каго не запытаеш, усе кажуць: досыць гэтай уладзе быць у руля! Наеліся па самае горла!”

(Аляксандар, в. Шымкі: ) “Няўжо вам ня сорамна тыя званкі слухаць і ў эфір даваць? Пустата, выступы тых самых таварышаў, якія слова ня могуць зьвязаць у сказах!”

(Спадарыня: ) “Я чую, што пэнсіянэры запалоханыя, якія ня слухаюць Радыё Свабода, якія добра ня ведаюць, што адбываецца ў сьвеце, дыктатурай запалоханыя, што ня будзе пэнсіі пры другім прэзыдэнце.

Нашаму шаноўнаму прэзыдэнту Аляксандру Мілінкевічу трэба пагутарыць зь імі! Яны жывуць у цемры. Няўжо ўсе так жывуць? Нехта трохі што ведае, а хто зусім нічога”.

(Спадарыня: ) “Хачу пачаць з адказу на пытаньне тыдня. Катэгарычна супраць таго, каб удзельнічаў Аляксандар Рыгоравіч у выбарах прэзыдэнта Беларусі 2006 годзе.

“Гарант” канстытуцыі сам яе парушае. Мне здаецца, што прэзыдэнт Расеі Пуцін не двухсэнсоўна для Беларусі на пытаньне пра трэці тэрмін адказвае, што гэта парушэньне Канстытуцыі і дзяржаве нічога не застанецца, калі кожны глава дзяржавы будзе ламаць канстытуцыі пад сябе. Думаю, што гэта нават не каменьчык, а вялікі камень у агарод Лукашэнкі.

Ёсьць час Лукашэнку задумацца над адказамі Пуціна і прыняць да ўвагі. Але я ня ўпэўнена, што наш "усенародна абраны" аб гэтым думае. Улада для яго ўсё, і ён ня з кім ня будзе лічыцца. А народу сказаць сваё “не!” няма дзе, усе маламальскія групы аднадумцаў ня маюць нават месца, дзе могуць правесьці нейкі сход. Усё больш і больш людзей схіляецца да таго, што ў краіне палітычны тэрор, які нікому не ўдаецца зьняць”.

(Качэўскі Мікалай, Віцебск: ) “Няўжо нашыя беларускія бяднейшыя людзі не апамятаюцца, не прачнуцца на наступных выбарах, калі будуць выбіраць прэзыдэнта? Мы ж нічога не губляем, выбіраючы новага прэзыдэнта. Усе прэзыдэнты, якія прыйшлі да ўлады ў былым СССР давалі дабро: каго вызвалялі ад падаткаў, каго што і г.д. А наш прэзыдэнт трымае калгасы, калгасы на прыпісках трымаюць зь вялікіх надояў малака, мяса, зерня. Але ж гэтага малака няма, як у Гогаля ў “Мёртвых душах”! І няўжо людзі не адумаюцца?

Трэба выбіраць новага прэзыдэнта, хаця б нашага Мілінкевіча цяперашняга. Але, канечне, лукашэнкаўскія слугі не дапусьцяць”.

(Маісеенка Генадзь: ) “Шчырае прывітаньне! Па-першае, сёньня гадавіна не кастрычніцкай рэвалюцыі, як лічаць Лукашэнка і саўкі, не кастрычніцкага перавароту, як лічыў Ленін і сучасныя расейцы, а гэта дзень, як лічаць нармалёвыя людзі на зямлі, пачатку спробы зла атрымаць перамогу, дзень нараджэньня ўсясьветнага фашызму, які зьнёс у бездань амаль мільярд насельніцтва зямлі. Таму, калі і вызначаць гэты дзень, віншаваць язык не паварочваецца, толькі так: паставіць сьвечку ў доме і ў храме, па-іншаму нельга”.

(Віктар Дашкевіч, Капыльскі раён: ) “Хачу выказацца наконт вашага пытаньня якасьці прыёму вашых перадачаў.

Што можна пачуць, калі адначасова гучаць беларуская, украінская ці расейская мовы і ў дадатак музыка? Вы ўжо пасьля столькі год існаваньня ў эфіры так і не дамагліся, каб вас добра было чуваць.

Цяпер наступаюць адказныя часы ў жыцьці беларусаў, і ім трэба будзе, як глыток паветра, праўдзівая інфармацыя. Яе можна атрымаць толькі з газэты “Народная Воля” і вашага радыё.

Газэту гэтую могуць у любы момант закрыць, а ўлічваючы якасьць вашых перадачаў, мы апынёмся дзесьці пад зямлёй, адарваныя ад усіх цікавых падзеяў і інфармацыі.

Няўжо вам самім ня сорамна за свае перадачы? Калі ёсьць якія пажаданьні можаце патэлефанаваць”.

8 лістапада

(Спадар, Пінск: ) “Хачу выказацца наконт апошняй паездкі Лукашэнкі ў населены пункт, дзе ён, па яго словах, ніколі ня быў і зьдзівіўся дрэнным становішчам сельскагаспадарчай зямлі.

Зьдзіўляе тое, што прэзыдэнт не саромеецца гэта казаць на людзях, бо за тыя 11 год, што ён пры ўладзе, можна было ўсю Беларусь пешкам абыйсьці, а ня толькі абляцець на верталёце ці аб’ехаць на машыне.

Ну і там жа ён выказаў сваю думку, што нікуды людзі ня дзенуцца, а выберуць яго зноў. Гэта не зьдзіўляе. Ён яшчэ раз паказаў, што думка народу яго ня вельмі цікавіць.

Яшчэ хачу зьвярнуцца да журналістаў Свабоды з просьбай аб дапамозе. Вось ужо тры месяцы прайшло з той пары, як работнікам гораду Пінску Нацыянальны банк не выплачвае камандзіровачныя, дакладней не пералічвае грошы, каб нам заплацілі за камандзіроўку. Мы працавалі на санаторна-аздараўленчым дзіцячым комплексе “Ружанскі”. Таксама было і ў чэрвені, калі будаўнікі працавалі, а камандзіровачныя атрымалі толькі ў верасьні. Між тым у будаўнікоў таксама ёсьць дзеці і ўнукі, іх трэба было рыхтаваць да новага вучэбнага году. А цэны растуць, інфляцыя, а Нацыянальны банк увесь час затрымлівае грошы.

Можа журналісты зьвярнуцца да Мікалая Пракаповіча. Ён былы інжынэр-будаўнік, можа ён дапаможа – дасьць указаньне сваім падначаленым і выплацяць людзям іхнія грошы.

Толькі прашу маё імя ў эфіры не называць. Дзякуй за ўвагу. Спадзяюся, што вы дапаможаце”.

(Спадар: ) “Хачу павіншаваць вас з кастрычніцкай рэвалюцыяй. Жадаю вам усяго добрага, каб вашыя перадачы былі больш аб’ектыўныя, добрыя. А то слухаю вас, а ў вас – недахопы, няпоўнае асьвятленьне падзеяў.

Вось, напрыклад, паведамілі, што Адамкус сказаў, што Беларусь хутка захопіць Літву. А вось вы не запыталі чаму і навошта. Ці расіяне віншуюць 4-га лістапада, а вы ня кажаце, што гэта за сьвята. Аказваецца, там нехта на іх напаў, а вы пра гэта маўчыце. Ці дзед памер у 90 год ад таго, што ўлады затрымалі пэнсію на 2 дні, а вы не сказалі, чаму памёр, ці то ад голаду, ці ад крыўды, што яму пэнсію затрымалі. Вось дом нейкі разбураюць. Не зразумела, ці то ўвесь, ці толькі ўнутры. Якая у гэтым доме каштоўнасьць акрамя таго, што ён стары? Вы нам паведамлялі, што Ганчара, Красоўскага асабіста расстрэльваў Лукашэнка, Сівакоў, і вы ведаеце, дзе іх закапалі. Чаму ж вы не паведаміце сваякам пра гэта? А яны іх шукаюць. Нешта мне вось гэта не зразумела. І самалёт нейкі залаты сабе Лукашэнка замовіў. Ці купіў ён яго, ці лётае на ім альбо не.

Вось што я хачу, каб вы больш падрабязна асьвятлялі падзеі, а то вы ўсё ўрыўкамі”.

(Яцкевіч Аляксандар Анатольевіч, Віцебск: ) “Толькі што адслухаў заключны канцэрт фэстывалю “Залаты шлягер” у Магілёве. Якая ганьба! Якая краіна магла дапусьціць такое! Пахмутава прыехала на заключны канцэрт і сьпявала свае песьні ўвесь канцэрт! Пахмутава заслугоўвае павагі, але не такога, прабачце, нахабства. Гэта трэба быць такому неадукаванаму кіраўніцтву, палітычна непісьменнаму, ня бачыць, не чуваць ходу гісторыі, ходу тых узаемасувязяў, якія аб’яднаюць ў адзінае!

Гэта нонсэнс! Гэта ганьба! На заключным канцэрце ў Беларусі не прасьпяваць ніводнай беларускай песьні!”

(Спадар: ) “Вось пасьля выбараў у Польшчы цяпер ідзе паўнейшы разлад між тымі дзьвюма партыямі, адна зь якіх перамагла, другая крыху не дацягнула, але ідуць яны “ноздря в ноздрю”. Чаму ж вы гэта не камэнтуеце? Гэта ж вельмі важны момант, бо яны нашы суседзі. Гэта важна, якую ўлады яны сфарміруюць, якая палітыка будзе. Мы ж сябраваць павінны, у сэнсе гандляваць сумесна і таму падобнае. А вы маўчыце. Ці вы гэта не разумееце? Ці вы толькі тое, што вам карысна паведамляеце? Аб’ектыўнымі трэба быць!

Выступае нейкі чалавек, кажа пра акупацыю. Дзе акупанты, скажыце? Ці Мілінкевіч – стаўленьнік Крамля. Часам вы агучваеце такую бязглузьдзіцу! Як ня сорамна вам! Няўжо ў вас настолькі малапісьменныя і нізкай кваліфікацыі журналісты, што яны хоць трохі ня могуць разабрацца ў простых рэчах?”

(Уладзімер: ) “Водгук на перадачу “Праскі акцэнт” паводле сьвятаў.

На мой погляд, у нас трэба ўвесьці ў заканадаўства такую норму, калі б чалавек мог афіцыйна ўзяць на год ад 3-х да 5-ці дзён адпачынку і адзначыць нейкія свае сьвяты. Бо сыходзячы з той сытуацыі, якая ў нас склалася, то ўсім дагадзіць немагчыма. Заўсёды будуць нейкія пакрыўджаныя і абойдзеныя. А ў кожнай арганізацыі, у кожнай грамады, нават у сям’і свае асабістыя запатрабаваньні.

Напрыклад, нашая сям’я два разы ў год, у пачатку сьнежня і ў пачатку лютага едзе на гартаваньне на лецішча. Гэта робіцца дзеля таго, каб там зрабіць усе працэдуры па поўнай праграме. Каб нішто не перашкаджала і ніхто, мы едзем на лецішча, бо ў гэтую пару году там амаль бязьлюдна. Вось да чаго і патрэбна ад 5-ці да 3-х дзён адпачынку, каб можна было не хвалюючыся за працу ўзяць адпачынак і зрабіць тое, што табе трэба.

І яшчэ адзін дадатак. 7-га лістапада нават у савецкія часы ў нашай сям’і асабліва не адзначалася. А цяпер тым больш”.

11 лістапада

(Спадар, Менск: ) “З нагоды Міжнароднага дня фашызму і антысэмітызму я хачу заявіць наступнае.

Нядаўна прэзыдэнт Ірану заявіў, што Ізраіль павінен быць сьцёрты з карты зямлі. Усе, асабліва вядучыя, дзяржавы выразілі пратэст і асудзілі заяву прэзыдэнта Ірану. А вось Міністэрства замежных справаў у Беларусі нічога не заяўляла, прамаўчала.

І наадварот, як казаў Віктар Савіцкі, Беларусь пашырае і ўзмацняе сувязі з Іранам. Дык што гэта, як ня скрытая форма антысэмітызму?

І яшчэ хачу дадаць да выказваньняў Іны Герасімавай, якую я добра ведаю, што ў Беларусі існуе пагалоўны бытавы антысэмітызм. Ён быў і застаўся, ён ёсьць!”

(Спадар, Гомель: ) “Хачу выказацца наконт неўключэньня "Белпоштай" у сьпіс на падпіску на І-ы квартал 2006 году газэты “Народная Воля”.

Гэта працяг уціску незалежнай прэсы перад будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі. Я, як чытач, разглядаю гэта як парушэньне канстытуцыйных норм свабоды слова і атрыманьня інфармацыі. Адно можна сказаць "Белпошце": “Ганьба!” Калі людзі ня маюць сваёй галавы і пэрсанальнай адказнасьці за свае дзеяньні, гэта ўжо канец”.

(Спадар: ) “Хачу вас запытаць. Патлумачце мне, чаму рэвалюцыю 1917 году вы ў сваіх перадачах называеце “пераваротам”, а пераварот Грузіі ў краіне – “рэвалюцыяй”. Якая паміж імі розьніца?

Наступнае. Нам хочуць увесьці санкцыі пасьля выбараў нейкія там эўрапейскія арганізацыі. Вось я хачу папрасіць, каб вы іх запыталі, чаму яны не ўвялі санкцыі супраць Азэрбайджана і іншых краінаў, дзе яны лічаць, што там няма дэмакратыі. Таксама, калі ласка, перадайце ў перадачы.

Яшчэ пытаньне. Там у вас нейкі дэмакрат Паганялка таксама просіць Эўрасаюз не пускаць да іх шмат якіх нашых беларусаў, якія яму не падабаюцца. І аказваецца, у нас вельмі шмат такіх, якіх ня трэба пускаць. І мне падацца, што ён забыў унесьці ў свой сьпіс тых людзей, якія яшчэ размаўляюць па-расейску ў Беларусі. Вось, я лічу, што калі такія прыйдуць у нас да ўлады, то будзе ў нас поўная дэмакратыя ці дзермакрація!”

(Спадарыня: ) “Я ўжо казала, што чалавек – самая небясьпечная і паганая жывёліна, ад якой ідуць усе беды. Але ён, чалавек, адрозьніваецца ад жывёліны тым, што абавязаны адказваць за свае словы, дзеяньні і ўчынкі. Але вы, апазыцыя, здаецца, не разумееце, што творыце. Вы ўвесь час пратэстуеце, што б не адбывалася ў краіне.

На сей раз вы просіце дыктатара і фашыста прымяніць санкцыі да Лукашэнкі за парушэньне правоў чалавека і не пускаць у Эўропу вызначаных асоб па вашаму вырашэньню. Пытаньне: У адносінах да якіх прыстойных працавітых людзей былі парушаныя правы, назавіце? А што тычыцца таго, каб не пускаць у Эўропу кагосьці, то пра што можна ў Эўропе і ЗША размаўляць нашым дзяржаўным дзеячам з імпартнымі дыктатарамі і забойцамі тысяч людзей у іншых краінах? А калі “Што вінен, аддаць павінен”, то ня трэба пускаць і на Беларусь усялякіх правакатараў і падбухторшчыкаў.

А што тычыцца выбараў у прэзыдэнты, то калі гэта будзе, а вы ўжо сьцьвярджаеце, што яны пройдуць з парушэньнямі, страхуецеся, значыць, разумееце, што нікога з правакатараў народ ня выбера і не даверыць свой лёс.

Пра выбары не турбуйцеся, яны пройдуць згодна існуючым канстытуцыйным нормам. Наш народ выбера таго чалавека, які сваёй асабістай працай прыносіць карысьць народу і дзяржаве. На вашых мітынгах главы апазыцыя зьбіраюць усялякую шпану, даюць па бутэльцы гарэлкі, піва і 10 баксаў. І затым гэтыя п''яныя неразумныя падлеткі гарланяць на вуліцах гарадоў, а пустыя бутэлькі кідаюць у міліцыянтаў.

Ганьба ўсім вам! Гэта ў эфір вы ня пусьціце, пабаіцеся, як заўсёды, за свой ліпавы аўтарытэт”.

(Мікалай, Віцебск: ) “Няўжо мы беларусы не апамятаемся на будучых выбарах, мяняючы прэзыдэнта? Народ рэдка што губляе, хаця дыктатары ўсяго сьвету ўладу аддаваць ня хочуць. Ці Гітлер, Сталін і Хусейн хацелі аддаць уладу? Прыклад, у былым СССР Малінкоў вызваліў ад падаткаў, Хрушчоў стварыў адлігу і выцягнуў тырана з Маўзалею, Брэжнеў таксама не вярнуўся да тыраніі, Чарненка пабудаваў навесы ад дажджу на аўтобусных прыпынках, Гарбачоў вызваліў усіх палітвязьняў, вінаватых і невінаватых. А Лукашэнка палацы пабудаваў для каго? Для жабракоў? Сотні жабрацкіх калгасаў трымаюць за кошт прыпісак вялікіх надояў малака. Дык яго ж не было і няма, як у Гогаля мёртвых душ! Ці пасадзіў ён сады яблык, якія доўга захоўваюцца, і ці зрабіў сховішча для іх? Замест гэтага іх купляюць за мяжой. А тысячы гектараў зямлі пустуе неаранай, як і дамы ў вёскай гніюць, а ён будуе новыя. А Мілінкевіча лукашэнкаўскія прыкормышы не дапусьцяць без маральнай і матэрыяльнай падтрымкі іншых краін сьвету”.

(Спадар: ) “Я за альтэрнатыўныя выбары. Але сёньня паслухаў выступ Аляксандра Мілінкевіча па рускім Радыё Свабода.

Разумееце ў чым справа, пазыцыя яго вельмі слабенькая. Карэспандэнт задае яму канкрэтнае пытаньне: “Што вы можаце супраць паставіць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку?” Ён назваў арганізацыйныя пытаньні, што ўсе партыя аб’ядналіся, і гэта аснова ўсяго і грамадзкасьць сусьветная. Гэта пазыцыя нулявая. Яго пытаюць: “А чым выйграе Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка?” Ён кажа пра стабільнасьць у рэспубліцы, ён вырашае эканамічныя і сацыяльныя праблемы. Праўда, няма заўсёды магчымасьці вырашаць іх, бо Расея энэргетыку танную прадае і г.д. Дык а што тут дрэннага? Гэта ж цудоўна! Няважна за кошт чаго, ён жа ня скраў, не прапіў, не праеў! Сябруе з Расеяй і добра ж гэта! Яны ж нашыя браты-славяне! Што ж тут дрэннага?”
XS
SM
MD
LG