Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FM у Вільні


Сяргей Шупа, Прага Перадача “Настрой на Свабоду” прысьвечаная праблемам прыёму нашых праграмаў і навінкам радыё

Усім нашым слухачам добры дзень. Сёньня мы працягнем сэрыю перадачаў, прысьвечаных радыёвяшчаньню ў суседніх зь Беларусьсю краінах – каб слухачы маглі параўнаць сытуацыю за мяжою зь беларускай і наагул мець уяўленьне – што робіцца на радыёхвалях у іншых сталіцах Усходняй Эўропы. Сёньняшняя тэма – радыёэфір у Вільні.

****

Сёньня ў мяне ў гасьцях віленскі літаратар Андранік Антанян. Андранік нярэдка гучыць і на нашых хвалях – нядаўна ён выступаў у рамках нашай штодзённай перадачы “Магія мовы”, раней – у іншых праектах, апрача таго ён мае досьвед працы на некалькіх радыёстанцыях у Вільні – а ў 2000-2001 гадох мы разам зь ім працавалі на радыёстанцыі “Балтыйскія Хвалі”. Зь ім мы сёньня й пагаворым пра віленскі радыёэфір.

(Шупа: ) Андрэй, вы жывяце ў Вільні ад 1993 году - гэта якраз часы, калі FM-прастора ў постсавецкіх краінах толькі пачынала засвойвацца. Вы засьпелі момант нараджэньня FM-станцыяў - як гэта адбывалася?

(Антанян: ) “Той час быў вельмі цікавы, і ня толькі FM-станцыямі - гэта было нараджэньне новай дзяржавы, і назіраць за гэтым было даволі цікава. FM-станцыі тады толькі пачыналі зьяўляцца ў эфіры. У 1989 годзе ўзьнікла радыёстанцыя М-1, яна была першай незалежнай FM-станцыяй у Савецкім Саюзе. А ў 1990 годзе зьявілася другая радыёстанцыя, якая вяшчала на FM-хвалях, называлася яна - і называецца дагэтуль Radiocentras. Заснавальнікам гэтых станцыяў быў Рымантас Пляйкіс, радыёаматар зь вялікай літары, які пазьней заснаваў і радыёстанцыю “Балтыйскія Хвалі”, дзе працаваў і я. Таксама Рымантас Пляйкіс некалькі гадоў быў міністрам сувязі Літвы”.

(Шупа: ) Як адбываўся працэс засваеньня FM-прасторы за гэтае дзесяцігодзьдзе?

(Антанян: ) “Рух быў непрадказальны. Спачатку ў эфіры былі толькі тры станцыі – М-1 і Radiocentras, якія канкуравалі паміж сабой, а трэцім кітом віленскага радыёэфіру была радыёстанцыя Znad Wilii, якая і дагэтуль вяшчае на польскай мове і арыентаваная на віленскага польскага слухача – яны дзялілі паміж сабой гэты эфір. Але паступова на гэтым полі пачалі ўзьнікаць новыя гульцы, а найбольшы выбух адбыўся ў апошнія гады, калі значна зьменшыліся выдаткі на падрыхтоўку праграмаў – бо шмат якія FM-станцыі не рыхтуюць ні выпускаў навінаў, ні аўтарскіх праграмаў, стаіць кампутар, які аўтаматам пускае ў эфір музыку з плэйліста”.

(Шупа: ) Вы згадалі радыё Znad Wilii – а як выглядае ў віленскім FM-дыяпазоне віленская шматкультурнасьць і шматмоўнасьць – ці існуюць радыёстанцыі на іншых мовах?

(Антанян: ) “Існуюць. На FM трансьлюецца Русское Радио, якое рэтрансьлюе маскоўскую праграму з устаўкамі мясцовай рэклямы і мясцовых навінаў. Так што, мабыць, Znad Wilii – гэта адзіная станцыя, якая працуе на мовах віленскіх нацменшасьцяў”.

(Шупа: ) Пару словаў пра фарматную і жанравую разнастайнасьць віленскіх FM-станцыяў. Колькі іх? Чым яны адрозьніваюцца? На якія фарматныя сэктары падзялілі дыяпазон?

(Антанян: ) “Сёньня, круціўшы прыймач, я налічыў 25, але сайт Камісіі Радыё і Тэлевізіі Літвы даводзіць, што ў Вільні ў дыяпазоне FM вяшчаюць 26 станцыяў.

Жанрава ахоплены вельмі шырокі спэктар. Па-першае, ёсьць станцыі, якія робяць акцэнт на навіны. Найперш гэта – Žinių Radijas (Навіннае Радыё). Гэта ўнікальная зьява, там ідуць навіны нон-стоп, навінныя блёкі абнаўляюцца кожныя 20 хвілінаў, ёсьць таксама аналітыка, камэнтары, інтэрвію з палітычнымі дзеячамі, эканамічныя агляды, і зусім няма музыкі.

Ёсьць таксама дзяржаўныя каналы, фарматна больш-менш традыцыйныя для Ўсходняй Эўропы. Гэта Першы канал Літоўскага Радыё, збольшага засяроджаны на навінах. Другі канал называецца Klasika, там перадаецца акадэмічная музыка, радыёспэктаклі – тыя звычайныя рэчы, якія можна сустрэць на ўсіх каналах, скіраваных на культурную адукацыю.

Добры дзясятак станцыяў грае музыку, якую я б назваў “актуальнай” – апошнія хіты. Гэта Power Hit Radio, тыя самыя М-1 і Radiocentras. Чалавек, які ня сочыць уважліва за разьвіцьцём гэтых станцыяў, на слых магчыма і не адрозьніць іх паміж сабой.

Ёсьць таксама каналы, якія трансьлююць музыку пэўнага жанру. Гэта ў першую чаргу Jazz FM, які грае джаз. Гэта Relax FM, які спэцыялізуецца на блюзе і “гладкім” джазе.

Яшчэ адзін цікавы сэгмэнт літоўскага FM-у – гэта існаваньне станцыяў, якія граюць выключна літоўскую музыку – нават не 75%, як у Беларусі, а ўсе 100. Гэта радыёстанцыі Lietus і Pūkas. Яны вельмі папулярныя і добра пачуваюцца на рынку. Пра гэта сьведчыць хоць бы тое, што радыёстанцыя Pūkas змагла сабе дазволіць адчыніць канал Pūkas-2, дзе граецца вельмі цікавая і якасная непапсовая музыка – джаз, блюз, рок, world music.

Яшчэ адна цікавая рэч – Užupio Radijas (Радыё Зарэчча). Гэтая станцыя адметная тым, што працуе ў кавярні – наведнікі могуць непасрэдна назіраць за эфірным працэсам”.

(Шупа: ) Як бы вы ацанілі пэрспэктывы радыё ў Літве – ня толькі ў дыяпазоне FM, а наагул радыё як сродку масавай інфармацыі?

(Антанян: ) “Пэрспэктывы даволі аптымістычныя, нягледзячы на тое, што радыё амаль зусім пакінула дыяпазон сярэдніх хваляў і “савецкі” УКХ – FM разьвіваецца і надалей. З другога боку, радыё засвойвае новыя тэхналёгіі – апрача вяшчаньня праз інтэрнэт гэта яшчэ і дыгітальнае радыёвяшчаньне, у Літве ўжо пачалі выдаваць ліцэнзіі на вяшчаньне ў гэтым стандарце. Да таго ж, кабэльныя сеткі ў сваіх пакетах, якія яны прапануюць спажыўцам, таксама маюць даволі шырокі выбар радыёканалаў, якія можна прымаць у добрай якасьці. Таму, на маю думку, гаварыць пра блізкі канец вялікай эпохі радыё ў Літве яшчэ зарана”.

(Шупа: ) У перадачы “Настрой на Свабоду” мы гаварылі пра літоўскі радыёэфір зь віленскім літаратарам Андранікам Антанянам. У наступных перадачах мы працягнем агляд радыёэфіру ў краінах Усходняй Эўропы.

*** ********************************************* Як вы ўжо напэўна ведаеце з нашых праграмаў, у рамках перадачы “Настрой на Свабоду” штомесяц праводзіцца конкурс для нашых слухачоў. Кожны месяц у вас ёсьць магчымасьць выйграць наш прыз – партатыўны радыёпрыймач зь лічбавай настройкай Grundig YachtBoy.

Цяпер працягваецца наш лістападаўскі конкурсу. Вось яго ўмовы. Беларуская служба Радыё Свабода – ці не адзіная на нашым радыё, якая ня толькі рыхтуе праграмы для эфіру ды мае сваю старонку ў Інтэрнэце, але займаецца і кнігавыдавецкай дзейнасьцю. У кніжнай сэрыі “Бібліятэка Свабоды” выдаюцца друкам выбраныя перадачы, якія гучалі на нашых хвалях. Конкурснае заданьне – назавеце кнігі, якія выйшлі ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды”. Вынікі конкурсу мы падвядзем у суботу 26 лістапада – на падставе тых адказаў, якія мы да таго часу атрымаем. Так што, калі надумаецеся ўдзельнічаць - не адкладайце. І яшчэ адна ўмова – удзел у конкурсе могуць браць толькі жыхары Беларусі. Жадаем Вам посьпехаў!
XS
SM
MD
LG