Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дырэктар "Нафтану" – пад хатнім арыштам


Уладзімер Глод, Менск Былы кіраўнік Наваполацкага нафтаперапрацоўчага заводу знаходзіцца пад хатнім арыштам. Канстанцін Часнавіцкі, які падазраецца ў нанясеньні вялікіх стратаў дзяржаве праз злоўжываньне службовым становішчам, цяпер знаходзіцца ў адной зь менскіх кватэраў. Побач зь ім круглыя суткі знаходзяцца два ахоўнікі.

Крымінальную справу супраць кіраўнікоў "Нафтану" узбудзілі год таму. А сёлета ў сакавіку Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на нарадзе па прамысловай палітыцы, заявіў: “Намецілася тэндэнцыя, якая вельмі насьцярожвае. Кіраўнікі шэрагу прадпрыемстваў, атрымаўшы ад дзяржавы дапамогу, злоўжываюць сваім службовым становішчам. І з гэтай прычыны трапляюць за краты. Вазьміце, да прыкладу, Лявонаў – МТЗ, Часнавіцкі – Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан". Мы падтрымлівалі гэтыя прадпрыемствы, а кіраўнікі ў гэты час выкрадалі сродкі. Дык каму аказвалі дапамогу?”

Некаторы час Часнавіцкага ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары КДБ “амэрыканка”. Потым зьявілася інфармацыя, што яго, быццам, адтуль выпусьцілі. І вось стала вядома, што былы вэтэран нафтавай прамысловасьці (Часнавіцкі ўзначальваў "Нафтан" цягам 12 гадоў) знаходзіцца пад хатнім арыштам.

У пэўнай ступені такі паварот падзеяў нагадвае лёс былой кіраўніцы Нацыянальнага банку Беларусі Тамары Віньнікавай, якая таксама пасьля "амэрыканкі" трапіла пад хатні арышт. Потым, як вядома, яна нейкім чынам апынулася ў Лёндане. Ці паўторыць спадар Часнавіцкі яе шлях, пакуль, зразумела, невядома. Сам ён гаворыць, што ня ведае, калі яго справу перададуць у суд.

Больш падрабязна пра лёс Канстанціна Часнавіцкага плянуе расказаць газэта "Народная Воля" ў нумары за 12 лістапада.
XS
SM
MD
LG