Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будынак 19 стагодзьдзя на Гандлёвай разбураюць бульдозэры (фота і відэа)


Ганна Соусь, Менск Будаўнікі пры дапамозе бульдозэраў і кранам з бабай зьнесьлі большую частку будынку №27 на вуліцы Гандлёвай, які быў узьведзены ў 19 стагодзьдзі. За тым, як разбуралі помнік архітэктуры, назірала нашая карэспандэнтка.

Бульдозэр і кран з бабай разбурае сьцены будынку, і трохпавярховы дом развальваецца на вачах.

Старшыня аб’яднаньня “Моладзь БНФ” Алесь Каліта каля гадзіны назіраў за тым, як зносяць гістарычна-культурны помнік.

(Каліта: ) “Як бачым, за палову дня зьнесьлі амаль палову дому. Бульдозэр, які тут езьдзіць, проста расьцягвае цагліны па зямлі. На жаль, цяперашняя ўлада лічыць нямэтазгодным захоўваць гістарычную спадчыну. Яна лічыць прасьцей усё бульдозэрам размазаць па зямлі. Гэтак яна расьцягвала ў Курапатах крыжы па зямлі бульдозэрамі. Гісторыя паўтараецца”.

Акрамя Алеся Каліты, я не заўважыла на будаўнічай пляцоўцы на вуліцы Гандлёвай ніводнага з прадстаўнікоў грамадзкасьці, якія заяўлялі пра намер ладзіць акцыі пратэсту ў абарону будынку 19 стагодзьдзя на вуліцы Гандлёвай.

За зносам будынку назіраў рэфэрэнт Менскага Эпархіяльнага ўпраўленьня ў пытаньнях будаўніцтва Генадзь Шукан. Ён паведаміў Радыё Свабода, што на месцы гэтага будынку будзе ўзьведзены новы, ідэнтычны гэтаму, і ў ім будзе месьціцца рэктарат Менскай духоўнай акадэміі. Пабудова ўсяго комплексу праваслаўнага адукацыйнага цэнтру зойме, як плянуецца, два з паловай гады. Я запыталася ў спадара Шукана, наколькі магчыма было правесьці рэстаўрацыю будынку, а не разбураць яго.

(Шукан: ) “Мы зьбіраліся гэта зрабіць і рыхтавалі праект, але калі сёлета правялі дасьледаваньне, спэцыялісты прыйшлі да высновы, што канструкцыя будынку страціла сваю нясучую здольнасьць — і магчымае разбурэньне”.

Я запыталася ў аднаго з будаўнікоў, якія назіралі за зносам будынку, ці не шкада яму, што разбураецца архітэктурны помнік 19 стагодзьдзя.

(Будаўнік: ) “Ён вельмі стары і рамонту не падлягае. Канечне, шкада, але ў нас няма сродкаў яго аднавіць. Тэхналёгія яшчэ недасканалая”.

Будынак №27 на вуліцы Гандлёвай быў узьведзены напачатку 19 стагодзьдзя. Спачатку гэта быў жылы дом, фасад якога ўпрыгожвалі бальконы з унікальнымі ажурнымі парэнчамі з чыгуну. Потым там месьціўся інтэрнат журфаку, у час свайго студэнцтва там жыў Алесь Адамовіч. Дом №27 на Гандлёвай вуліцы — апошні, які захаваўся на схіле ад Верхняга да Ніжняга рынкаў Менску дасавецкага часу.

Фотарэпартаж з Гандлёвай, 27



Гл. таксама • Відэа-ролік Windows Media (4 Мб)
XS
SM
MD
LG