Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі спрабуюць абмежаваць правы NGO


Сьвятлана Курс, Прага Дзярждума Расеі зьбіраецца разгледзець папраўкі да заканадаўства, якія абавяжуць няўрадавыя арганізацыі (NGO) рэгістравацца ў дзяржаўнай камісіі цягам году. Трэці сэктар успрымае гэта як спробу паставіць пад дзяржаўны кантроль арганізацыі, якія выклікалі незадавальненьне расейскіх уладаў. Назіральнікі лічаць, што Расея паўтарае беларускі шлях да зьнішчэньня трэцяга сэктару.

Група дэпутатаў, уключна зь сябрамі праўрадавай “Аб’яднанай Расеі”, прапанавала на разгляд Дзяржаўнай думы папраўкі да трох дзейных законаў, датычных трэцяга сэктару. Дэпутат Уладзімер Плігін заявіў, што папраўкі скіраваныя на тое, каб скараціць магчымасьць адмываньня грошай няўрадавымі арганізацыямі. Маўляў, гэта дазволіць уладам узмацніць барацьбу з тэрарызмам і экстрэмізмам.

Калі папраўкі будуць прынятыя, няўрадавыя арганізацыі будуць вымушаныя цягам году атрымаць ухвалу сваёй дзейнасьці ад адмысловай дзяржаўнай камісіі.

Прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў лічаць, што гэта спроба расправіцца з арганізацыямі, якія крытыкуюць тыя ці іншыя сфэры дзейнасьці ўлады.

Гаворыць Віктар Крэмянюк – намесьнік кіраўніка маскоўскага Інстытута ЗША – Канады.

(Крэмянюк: ) "Зараз усе фонды пачнуць выцясьняць, няма чаго сумнявацца. Гэта грубая няўклюдная спроба яшчэ ўзмацніць кантроль над тым, што адбываецца ў краіне. У мяне ўвогуле ёсьць трывога за грамадзкія навукі й навукоўцаў, якія прытрымліваюцца іншых поглядаў, чым тыя, што пануюць у Думе. Гэта наступ па ўсіх нас, гэта абмежаваньне нашых правоў”.

Існаваньне няўрадавых арганізацыяў раздражняе некаторых найвышэйшых расейскіх чыноўнікаў. Яны лічаць, што трэці сэктар – часта фінансаваны з-за мяжы – істотна паспрыяў масавым акцыям, якія прывялі да зьмены ўлады ў Грузіі, Украіне й Кіргістане. У ліпені Ўладзімер Пуцін заявіў, што не дазволіць іншым дзяржавам фінансаваць тое, што ён назваў “палітычным узьдзеяньнем празь недзяржаўныя арганізацыі”. Згодна з папраўкамі, няўрадавыя арганізацыі, кшталту "Human Rights Watch", якая базуецца ў ЗША, або "Amnesty International" (Вялікая Брытанія) не змаглі б далей працаваць праз сваё прадстаўніцтва ў Маскве. Заміж гэтага яны мусілі б прайсьці доўгі і складаны працэс рэгістрацыі.

Расейскія НДА выказваюць непакой, што Расея паўтарае шлях Беларусі да ўсё больш і больш аўтарытарнай формы кіраваньня, дзе ўрад Аляксандра Лукашэнкі мацуе кантроль над трэцім сэктарам.

Найстарэйшыя ды самыя ўплывовыя расейскія арганізацыі “Мэмарыял” ды “Маскоўская Хэльсынская група” абвясьцілі, што будуць дамагацца, каб папраўкі не былі прынятыя.

Тым часам новы нямецкі ўрад заявіў, што будзе падтрымліваць дэмакратызацыю Расеі, у тым ліку ў вырашэньні доўгага і крывавага чачэнскага канфлікту. Гэты пастулят утрымліваецца ў пагадненьні аб зьнешняй палітыцы, падпісаны ўчора нямецкімі кансэрватарамі й сацыял-дэмакратамі. Палітыка былога канцлера Герхарда Шрэдэра была скіраваная на ўзмацненьне француска-нямецка-расейскіх стасункаў у процівагу Злучаным Штатам. Новая палітыка нямецкага ўраду скіраваная на паляпшэньне стратэгічных стасункаў з ЗША. Пра гэта паведамляе ў сёньняшняй "International Herald Tribune" Джудзі Дэмпсі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG