Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкія дэпутаты наведалі Курапаты


Валер Каліноўскі, Менск На запрашэньне Партыі БНФ з трохдзённым візытам у Беларусі знаходзяцца дэпутаты швэдзкага Рыксдагу ад Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Анэлі Энаксан і Торстэн Ліндстрэм. Яны правялі перамовы з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, мелі сустрэчы ў офісе АБСЭ ў Менску і аддзяленьні швэдзкай амбасады, наведалі Курапацкі мэмарыял. З дэпутатамі беларускага Нацыянальнага сходу яны не сустракаліся.

Дэпутатка Рыксдагу Анэлі Энаксан наведвае Беларусь ужо трэці раз. Летась яна была міжнароднай назіральніцай на парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме. Паводле спадарыні Энаксан, для яе вельмі важна зноў прыяжджаць у Беларусь, каб падкрэсьліць увагу, якая надаецца гэтай краіне на Захадзе, і каб адсачыць, ці ёсьць тут прагрэс у захаваньні фундамэнтальных правоў чалавека.

(Энаксан: ) “На жаль, я ня бачу ніякіх паляпшэньняў у пляне свабоды рэлігіяў і правоў чалавека. Я хацела б, калі я прыеду наступным разам, пабачыць, што тут паболела свабоды веравызнаньня. Для мяне гэта вельмі важна, бо найважнейшым знакам дэмакратыі зьяўляюцца менавіта рэлігійныя свабоды і правы чалавека. Але тут, у Беларусі, падзеі разьвіваюцца ў няправільным кірунку, пра што мне вельмі шкада казаць”.

Спадарыня Энаксан ня лічыць вольным мінулы рэфэрэндум, які даў магчымасьць А.Лукашэнку абірацца на трэці тэрмін, але мяркуе, што прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць важнай кампаніяй.

(Энаксан: ) “Я вельмі рада была пачуць, што будзе добры апазыцыйны кандыдат. Я лічу вельмі важным, што Аляксандар Мілінкевіч будзе адзіным кандыдадам ад усёй апазыцыі. Гэта вельмі добры крок наперад”.

Калега спадарыні Энаксан Торстэн Ліндстрэм наведвае Беларусь другі раз, два гады таму ён быў у Менску і Магілёве. Ён мяркуе, што Беларусь блізкая і шмат у чым падобная да Швэцыі.

(Ліндстрэм: ) “І мы вельмі зацікаўленыя ў шчыльным супрацоўніцтве зь беларускім народам, і мы хочам упэўніцца, што народ мае магчымасьць вырашаць уласную будучыню з дэмакратыяй і правамі чалавека”.

Раніцай швэдзкія дэпутаты наведалі мэмарыял у Курапатах. Пра свае ўражаньні гаворыць Торстэн Ліндстрэм:

(Ліндстрэм: ) “Гэта было для нас вельмі моцным выпрабаваньнем, такім шчыльным набліжэньнем да гісторыі, да трагедыі гэтых жудасных забойстваў. Мы гэта так рэальна адчувалі, калі стаялі там у лесе. Гэта знак таго, чаго б мы не хацелі болей бачыць нідзе ў сьвеце, ня толькі ў Беларусі”.

Дэпутаты швэдзкага парлямэнту Анэлі Энаксан і Торстэн Ліндстрэм зазначылі, што хацелі б зноў прыехаць у Беларусь у якасьці міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG