Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэрка зьбірае сродкі на падтрымку апазыцыянэра (абноўлены)


Браніслава Станкевіч, Віцебск Cпадара Хамайду ці ня штодня можна ўбачыць у цэнтры гораду, дзе ён распаўсюджвае недзяржаўную прэсу, і гэта адзіная крыніца ягоных невялікіх прыбыткаў. Да таго ж за ўласныя сродкі апазыцыянэр выдае газэту “Выбар” і мае некалькі мільёнаў нясплачаных штрафаў за сваю апазыцыйную дзейнасьць.

Напачатку пэнсіянэрка Галіна Люмарава меркавала падтрымаць апазыцыянэра Барыса Хамайду асабіста: яна занесла яму слоік мёду, некалькі пачкаў кавы і 20 тысяч беларускіх рублёў. Але потым вырашыла, што пэўную матэрыяльную дапамогу могуць прапанаваць і іншыя землякі, якія зьвяртаюцца да спадара Хамайды па недзяржаўную прэсу або назіраюць, як яго чарговы раз затрымліваюць ды вязуць у пастарунак.

Галіна Люмарава гаворыць, што гэты чалавек, які штодня выходзіць да “Сіняга дому”, стаў для яе ўвасабленьнем грамадзянскае мужнасьці, і яго проста неабходна падтрымаць у цяперашніх умовах.

(Люмарава: ) “Для мяне асабіста ён паказвае, што ўсё ж у нас ёсьць і іншая думка! Дзяржава ды ўлады яму нічога ня вінныя, бо ён супраць іх выступае. А вось сябры, знаёмыя, што прабягаюць міма, ціснуць яму руку, кажуць: “Трымайся, трымайся, Барыс” — вось яны б маглі дапамагчы! Дзе нашы дэмакраты, нашы апазыцыянэры, якія хочуць ашчасьлівіць увесь беларускі народ? Ён жа на іх працуе! Але ж ён бяссрэбранік, ён вельмі ганарлівы, і ён ніколі ні ў каго нічога ня просіць!”

Спадарыня Люмарава зьмясьціла аб’яву пра збор сродкаў для Барыса Хамайды ў газэце “Віцебскі кур’ер” і падала там свой тэлефон. Яна кажа, што тэлефанавалі ёй досыць шмат. Нехта — каб проста палаяцца на апазыцыю, а нехта з канкрэтнымі прапановамі: адзін чалавек прапанаваў грошы, другі паабяцаў дапамагчы з уладкаваньнем на працу, трэці сказаў, што будзе прыносіць спадару Хамайду гарачую гарбату ў тэрмасе.

Адзін тэлефонны званок са спадарыняй Люмаравай нам давялося прымаць разам.

(Спадар па тэлефоне: ) “Малайчына! Я хачу зь вёскі сюды прыехаць, нейкую перадачку прывезьці! Трэба ж падтрымліваць чалавека, які для нас дабіваецца праўды! Гэта ж не яму трэба, а нам трэба, дурням такім, разумееце?”

Сам Барыс Хамайда спачатку быў запратэставаў супраць дабрачыннасьці на свой адрас: маўляў, гэта нясьціпла ў дачыненьні да спадароў Плешчанкі ды Салаўяна, зь якімі ён часта разам стаіць каля “Сіняга дому”. Але потым пагадзіўся са спадарыняй Люмаравай, што гэтая акцыя мусіць паспрыяць выхаваньню грамадзянскай супольнасьці, а сабраным сродкам можна знайсьці годнае прымяненьне.

(Хамайда: ) “Калі сродкаў назьбіраецца шмат, то буду дзяліцца з Салаўянам ды Плешчанкам, і буду выдаваць на іх газэту “Выбар”. Грошай на газэту няма. Таму будзе тады такая калектыўная газэта!”

Яшчэ спадар Хамайда запэўніў, што ахвяраваныя грошы ніколі ня пойдуць на выплату штрафаў. Бо, на ягоную думку, падтрымліваць цяперашнія ўлады, ды яшчэ за чужы кошт, нельга ні ў якім выпадку.
XS
SM
MD
LG