Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Беларусь далучыцца да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі?


Алесь Дашчынскі, Менск Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч падчас прэсавай канфэрэнцыі па выніках чарговага раўнду перамоваў у справе далучэньня Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі заявіў пра адсутнасьць прагрэсу ў перамовах з Эўразьвязам і ЗША. Ён лічыць, што адносна Беларусі ў гэтай справе ўсё больш палітычнага ціску.

Сусьветная гандлёвая арганізацыя лічыць заўчасным пераход да чарговага кроку ў справе далучэньня Беларусі — падрыхтоўкі адмысловага праекту дакладу рабочай групы. Перамовы з асноўнымі партнэрамі гэтай арганізацыі Эўразьвязам і ЗША ня маюць вялікага прагрэсу. У гэтых краінаў да беларускіх уладаў застаюцца пытаньні. Пра гэта заявіў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Міхневіч:

(Міхневіч: ) “Пакуль яны лічаць заўчасным пераход Беларусі да праекту дакладу рабочай групы, паколькі незразумелая сытуацыя ў некаторых аспэктах замежнаэканамічнай дзейнасьці Беларусі. Яны называюць два асноўныя моманты, якія іх клапоцяць. Першае — гэта інстытут і мэханізмы рэалізацыі права “залатой акцыі”, і другое — гэта вялікая колькасьць выпадкаў канфіскацыі грузаў на заходняй мяжы Беларусі”.

Паводле спадара Міхневіча, на справе ёсьць “яўнае зацягваньне перамоўнага працэсу”. І тут зьяўляецца “ўсё больш палітычнага ціску”. “Адносна тых, каго яны ня любяць, яны намагаюцца адкласьці ўступленьне і стварыць палітычны фон”, — заявіў Аляксандар Міхневіч.

Далучэньне да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі дае Беларусі свабодны доступ да рынкаў 148 краінаў-удзельніц арганізацыі. Гэта азначае, што краіне ўдасца пазьбегнуць дыскрымінацыйных і абмежавальных мераў адносна сваіх тавараў. Сяброўства таксама судзейнічае, між іншым, стварэньню належнага інвэстыцыйнага клімату, умацаваньню рэпутацыі краіны, як надзейнага і стабільнага гандлёвага партнэра. Як вынік, гэта пазытыўна адбіваецца на дабрабыце грамадзянаў.

Працэс далучэньня да СГА пачаты беларускім урадам яшчэ ў 1995 годзе. Ён прадугледжвае адаптацыю замежнагандлёвага рэжыму краіны да патрабаваньняў гэтай арганізацыі, якімі рэгулюецца сёньня 95% усяго сусьветнага гандлю.

Вядомы эканаміст Леанід Заіка патлумачыў, што пазыцыі Беларусі ў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі пакуль такія ж, як у Кубы ці Паўночнай Карэі. Гэта вынік стаўленьня кіраўнітцва Беларусі да рынку ў цэлым, да сусьветнай эканомікі і міжнародных арганізацыяў.

(Заіка: ) “Я думаю, наагул для Беларусі атрымаць статус краіны з рынкавай эканомікай у ЗША і Эўразьвязе будзе немагчыма, таму я быў бы яшчэ звышпэсымістам, што ўступленьне ў СГА ня тое што зацягваецца, а практычна шанцаў і ня будзе. Асабліва ўлічваючы ацэнку беларускага грамадзтва і эканомікі, беларускай улады ў ЗША і Эўразьвязе. Беларусь не зьяўляецца краінай з рынкавай эканомікай, інстытуцыянальныя парамэтры беларускай эканомікі, тып эканамічнай палітыкі зьяўляецца нярынкавым. Нашы езьдзяць у СГА, п’юць там каву, шампанскае, праводзяць чарговы раўнд перамоваў. Але ўся інтрыга знаходзіцца ў зялёным пакоі. Галоўныя партнэры арганізацыі, ад якіх усё залежыць, — гэта Эўразьвяз, Канада, Японія і ЗША”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG