Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хворыя на рок-н-рол: sex, drugs і ...беларуская мова


Тацяна Нармунд, Менск Рок-музыка, якая нарадзілася ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя на хвалі нонканфармісцкага моладзевага руху, прайшла доўгі шлях стылёвай эвалюцыі. Сёньня гэта разгалінаваная культура, што складаецца з шматлікіх музычных плыняў са сваімі асаблівасьцямі ў розных краінах сьвету. У цяперашняй беларускай рэчаіснасьці рок-музыка выходзіць за межы творчасьці і зноў набывае палітычнае гучаньне. Калі рок — гэта спрадвечна музыка пратэсту, то беларускі рок — гэта спрадвечна музыка апазыцыі?

Ад самага пачатку існаваньня рок-музыка была сродкам выказваньня актуальных ідэяў і настрояў розуму грамадзтва, якія, зразумела, не заўсёды супадаюць з афіцыйнай ідэалёгіяй. Новая хваля абвостранай цікавасьці беларускай улады да рок-музыкаў пачалася пасьля вядомага канцэрту, што адбыўся на менскай плошчы Бангалор у ліпені мінулага году. З таго часу знак роўнасьці паміж беларускай рок-музыкай і апазыцыяй выглядае натуральнай зьявай грамадзка-палітычнай рэчаіснасьці. Але ці варта атаясамліваць беларускіх рок-выканаўцаў з тымі, хто супраць рэжыму? Вось што кажа вядомы музыка Аляксандар Памідораў:

(Памідораў: ) “Гэта нейкая люмпэн-сьвядомасьць — што калі ты граеш рок, значыцца, ты апазыцыянэр. Абсалютна не. Во група “Стокс” таксама грае рок. Яны не пазыцыянуюць сябе як апазыцыянэры”.

Пра сваю пазыцыю кажа фронтмэн названага гурта Лёша Стокс:

(Стокс: ) “Калі казаць пра палітыку, напэўна, тут важней палітычныя погляды, а ня мова, на якой ты сьпяваеш. У забарону можна адпраўляць гурты, якія выказваюць нейкія палітычныя погляды ў сваіх песьнях, нават калі яны на кітайскай. А калі гурт беларускі, у якога ў прынцыпе няма палітыкі ў песьнях? Мне гэта дзіўным падаецца. Груба кажучы, не прафэсійна. Калі іх вырашылі забараніць, то патрэбна выбраць тыя гурты, якія сапраўды выказваюць нязручную палітычную пазыцыю”.

Музыкаў, што бралі ўдзел у згаданым канцэрце, аб’дноўвае ня толькі актыўная грамадзянская пазыцыя: за выключэньнем “бясслоўнага” гурта “Drum Ecstasy”, удзельнікі мерапрыемства на плошчы Бангалор належаць да беларускамоўнай суполкі на скрыжаваньні розных кірункаў рок-музыкі. Пра сувязь мовы, музыкі і грамадзкага супраціўленьня разважае лідэр гурта “Нейро Дюбель” Аляксандар Кульлінковіч:

(Кульлінковіч: ) “Я лічу, што выкананьне песень на роднай, у прынцыпе, мове — гэта пэўная даніна павагі культуры гэтай краіны, гісторыі гэтай краіны. Да кагосьці гэта прыйшло адразу, да мяне гэта прыйшло з узростам. Ніякай формы пратэсту гэта, на маю думку, не нясе і не павінна несьці”.

Часам пратэст набывае форму закліку. Удзельнікі дабрачыннага фэсту “Live 8” зьвярталіся да палітыкаў сьвету з прапановай “Зрабіць беднасьць гісторыяй”. Відавочна, кожны з музыкантаў спадзяваўся, што і сёньня рок-музыка можа ўплываць на грамадзкую сьвядомасьць — адрозна ад іх беларускага калегі па цэху Аляксандра Кульлінковіча.

(Кульлінковіч: ) “Я ня схільны думаць, што рок-музыка ўвогуле можа паўплываць на ўзмацненьне самасьвядомасьці, на культурны рост агульнай масы. На мой погляд, гэта проста для сябе. Я ня думаю, што якія-небудзь гурты выконваюць песьні на беларускай мове, таму што гэта мова пратэсту”.

Сапраўды, што было ад пачатку: мова сацыяльна-палітычнай зьявы ці мова творчасьці? Пра свой шлях да беларускай мовы — Аляксандар Памідораў:

(Памідораў: ) “Чаму я, напрыклад, пачаў сьпяваць на беларускай мове? Дзіўным чынам гэта атрымалася. Паступова проста да гэтага прыйшоў. Усё гэта пачыналася з прыкалух, з кпінаў, потым вылілася ў тое, што пачаў больш сур’ёзна займацца мовай. Мова — гэта тое, што дае магчымасьць зразумець, што ты за чалавек, і хто ты, і адкуль. У Пісаньні сказана было, што ад пачатку было Слова”.

Для Ігара Варашкевіча, фронтмэна легендарнай “Крамы”, гэтае Слова было польскім:

(Варашкевіч: ) “На якой мове сьпяваць, я адказаў сам сабе ўжо даўно — у пачатку васьмідзясятых гадоў, калі пачуў польскія гурты. То бок я зразумеў, што чалавек павінен сьпяваць на роднай мове. Галоўная прыкмета нацыі — гэта мова. Тое, што беларускія людзі самі адмаўляюцца ад роднай мовы, гэта катастрофа”.

На думку Аляксандра Памідорава, сустрэчу музыкі і мовы ў межах творчасьці асобна ўзятага гурта значна паскарае фэст “Басовішча”.

(Памідораў: ) “Калі едуць гурты на “Басовішча”, яны перакладаюць сваю расейскамоўную праграму на беларускую мову. Пераклаўшы свае тэксты на мову, яны зусім па-іншаму чуюць тое, што яны рабілі, і зусім па-іншаму самі ўспрымаюць гэта. Не скажу пра кожнае “Басовішча”, але ёсьць адзін ці два гурты, якія вяртаючыся з “Басовішча” мяняюць кірунак сваёй дзейнасьці і пераходзяць на мову”.

Адзін з гуртоў, які “зьмяніў і перайшоў” — “Indiga”. Вось што кажа вакалістка гурта Руся:

(Руся: ) “Пераломным момантам стаў для нас фэстываль “Басовішча”, калі мы паехалі туды, і гэта ні для каго не сакрэт, што менавіта для “Басовішча” мэтанакіравана мы перакладалі тэксты на беларускую мову. Спачатку нам здавалася, што гэта будзе аднаразовая праца: зьезьдзім на фэстываль, мабыць, атрымаем нейкую ўзнагароду. Але калі мы пабачылі ўсю павагу, незвычайную энэргетыку, якая ідзе ад слухачоў, якія любяць беларускамоўныя гурты, мы вырашылі для сябе, што цяпер будзем сьпяваць толькі па-беларуску”.

Для тых, хто яшчэ ня вызначыўся, на якой мове сьпяваць, навучальны прыклад — пераўвасабленьне спадара Кульлінковіча. З пэўнымі агаворкамі:

(Кульлінковіч: ) “Як высьветлілася, я сам сабе супярэчу. Я гэтую справу ўскладніў ці спрасьціў, што музыка сьпявае на той мове, на якой ён у дадзены момант думае. Калі я пішу песьні на беларускай мове, я думаю па-беларуску. Адпаведна, калі я і сьпяваю, таксама. Прынамсі, на маім узроўні веданьня мовы”.

Малаімаверна, што адмяняючы канцэрты беларускамоўных гуртоў, мясцовыя чыноўнікі цікавяцца ўзроўнем іхных ведаў. Імаверны аб’ект пільнай ўвагі — мова выкананьня, лічыць спадар Памідораў:

(Памідораў: ) “Калі ты размаўляеш проста ў пабытовым жыцьці на беларускай мове, яшчэ ў савецкі час да цябе клеілі ярлык “нацдэм”. Цяпер гэтыя часы вяртаюцца. Цяпер, калі ты размаўляеш па-беларуску, калі ты пішаш па-беларуску ці ты сьпяваеш па-беларуску, значыцца ўсё — ты апазыцыянэр, ты прадаў родзіну”.

Чаму выпала так, што мова — сыстэма знакаў, сутнасьць якой быць сродкам камунікацыі — з часам ператварылася ў сымбаль супрацьстаяньня сыстэме? Адказвае Аляксандар Кульлінковіч:

(Кульлінковіч: ) “Людзі, якія знаходзяцца ў апазыцыі да ўлады, яны часьцей карыстаюцца беларускай мовай. Таму што ўлада робіць усё магчымае для зьнішчэньня беларускай культуры і беларускай мовы ў прыватнасьці. Таму апазыцыйна настроеныя людзі ў першую чаргу падымаюць на сьцяг мову”.

Пра любоў да радзімы і стаўленьне радзімы да патрыётаў — Ігар Варашкевіч:

(Варашкевіч: ) “Я лічу сябе патрыётам. А такіх людзей, як я, перафарбавалі ў нацыяналістаў, у фашыстаў. Гэта настолькі сьмешна... Чалавек любіць на самай справе сваю зямлю, сваю радзіму, сваю гісторыю, а зь яго робяць ворага. А той чалавек, які, мякка кажучы, ня любіць — я мог бы і прозьвішчы назваць сярод “афіцыйных” музыкаў, ня буду — яны лічацца патрыётамі”.

Зразумела, сапраўднаму патрыёту афіцыйнага прызнаньня не патрэбна, а ступень любові да сваёй краіны не залежыць ад мовы, на якой ты сьпяваеш ці размаўляеш, перакананы спадар Кульлінковіч:

(Кульлінковіч: ) “Я патрыёт. Я размаўляю па-расейску, я думаю па-расейску. І краіну сваю я люблю таксама на гэтай мове. Я ведаю шмат людзей, якія любяць сваю сапраўдную Беларусь бел-чырвона-белую па-расейску, любяць яе на хіндзі, любяць яе па-ўкраінску, па-малдаўску. Спачатку трэба разабрацца, у якой краіне мы жывем”.

Некалькі штрыхоў да партрэту краіны дадае Аляксандар Памідораў:

(Памідораў: ) “Кажуць, што “ай, мова брыдкая, нягучная”, вось “русский язык наш великий и могучий”. Ёсьць людзі, якія так кажуць. Чэсьць ім і хвала. Ёсьць людзі, якія пакуль яшчэ хаваюцца за шыльдай: “Я ня вельмі добра ведаю гэтую мову, і таму я намагаюся яе вывучыць, але пакуль што не сьпяваю”. Гэта добра, калі гэта так і ёсьць. А ёсьць людзі, якія проста кідаюцца ў вір мовы, нават ня ведаючы яе, робяць страшэнныя памылкі. Але яны вучацца, да іх прыходзяць нейкія веды. І ўжо новыя песьні гучаць зусім па-іншаму. А потым з гэтага слова, з гэтай мовы ўжо і музыка па-іншаму гучыць і пачынае набываць сапраўдны калярыт, уласьцівы гэтай тэрыторыі, гэтай культуры і гэтаму народу”.
XS
SM
MD
LG