Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць чытачы пра выдаленьне “Народнай Волі” з падпіснога каталёгу?


Галіна Абакунчык, Менск Адзіную штодзённую агульнабеларускую незалежную газэту “Народная Воля” разам з газэтамі “Салідарнасьць” і “Згода” выключылі з падпіснога каталёгу на 2006 год. Што пра гэта думаюць чытачы, падпісчыкі й іншыя грамадзяне?

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што “Народную Волю” прыбралі з падпіснога каталёгу на наступны год?”

(Спадарыня: ) “Кепска, бо гэта выданьне, зь якога людзі бралі для сябе цікавую інфармацыю. А калі прыбіраюць з падпіскі, значыць, зразумела — цэнзура. Значыць, ёсьць што хаваць”.

(Юнак: ) “Я нават ня ведаю, як сказаць, але гэтым паступкам улады паказваюць, што ў нашай краіне іншы лад, не дэмакратычны — гэта ж зразумела”.

(Спадарыня: ) “Наша кіраўніцтва няправільна робіць, што прыбірае гэтую газэту — усе газэты павінны быць, усе павінны быць даступныя для чытаньня. Мне, да прыкладу, яна падабаецца”.

(Юнак:) “Калі свабода слова абвешчана, то яна і павінна быць. І газэты павінны быць даступныя для людзей”.

(Спадарыня: ) “Рэч такая, што я яе не чытала, а таму дакладна нічога сказаць не магу. Трэба разабрацца ў гэтай сытуацыі, каб усю праўду сказаць, а абы-што гаварыць ня хочацца”.

(Карэспандэнтка:) “Як вы ставіцеся да таго, што “Народную Волю” прыбралі з падпіснога каталёгу на наступны год?”

(Спадар: ) “Кепска. Атрымліваецца, што чытаць няма чаго. Я ўжо тыя выданьні, якія чытаю — “Белорусскую газету”, “Белорусскую деловую газету”, а цяпер і “Народнай Волі” ў кіёсках набыць не магу. Проста ня будзем нічога чытаць — вось і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што няхай людзі чытаюць і “Народную Волю”, і “Советскую Белоруссию”, і няхай самі разьбіраюцца ў тым, што адбываецца ў краіне. І я ня думаю, што “Народная Воля” будзе нейкіх ворагаў выхоўваць”.

(Спадар: ) “Народная Воля” павінна існаваць, бо апазыцыйнай прэсы, фактычна, не засталося”.

(Юначка: ) “Мне вельмі шкада, і хацелася б, каб “Народная Воля” была даступная ўсім. Бо вельмі шмат моладзі цікавіцца беларускай мовай, яе нават на вуліцы можна пачуць, А калі яшчэ й прачытаць можна было б, дык увогуле было б цудоўна”.

(Спадар: ) “Рэч такая, што я яе не чытаў, але лічу, што “Народная Воля” павінна быць. Я вельмі шмат чуў пра гэтую газэту. Таму я лічу, што яна павінна быць. Газэту трэба вярнуць, трэба нешта рабіць”.
XS
SM
MD
LG