Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Наша ніва" абмяркоўвае прапанову Зянона Пазьняка


Вячаслаў Кулік, Менск Агляд сёньняшняй незалежнай прэсы – 11 лістапада.

Тыднёвік “Наша ніва” сёньня ізноў вяртаецца да прапановы Зянона Пазьняка надаць афіцыйную назву краіне “Вялікае Княства Літоўскае Беларусь” (скарочана – Беларусь). Свае думкі выказваюць экспэрты выданьня: гісторык Анатоль Грыцкевіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, літаратар Адам Глёбус, філёзаф Алесь Анціпенка і іншыя. Цытата аднаго выказваньня: “Пазьняк чарговы раз даказаў, што ён таленавіты палітык і піяршчык. Ён, як ніхто мае адчуваньне моманту і ўмее ў самых невыгодных сытуацыях прымусіць гаварыць пра сябе”.

Таксама ў “Нашай ніве” сёньня інтэрвію з паэтам Алесем Разанавым. Ён абвяргае чуткі што нібыта падаўся ў эміграцыю. Чатыры гады ў Нямеччыне і Аўстрыі, па словах Алеся Разанава, ён пражыў паводле творчых запрашэньняў, быў стыпэндыятам Гановэра, Бону і аўстрыйскага Граца. У адказах на патаньні, як ацэньваюць беларускую сытуацыю за мяжой, Алесь Разанаў падкрэсьлівае: “Рэжым прынізіў Беларусь у параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну”. Лукашэнкаўская палітыка – ненармальная”, – сказаў Алесь Разанаў.

“Народная Воля” падае сёньня падрабязнасьці да зьменаў і дапаўненьняў, якія Лукашэнка унёс у некаторыя заканадаўчыя акты. Перадусім гутарка аб прыпыненьні паўнамоцтваў судзьдзяў Канстытуцыйнага суду і Вышэйшага гаспадарчага суду. Раней гэта была ўнутраная справа судоў, а зараз – прэзыдэнцкая. Паводле камэнтару прафэсара Міхаіла Пастухова, апошнім часам назіраецца усё больш выразная тэндэнцыя неабгрунтаванага пашырэньня ўлады прэзыдэнта ў самых розных галінах. “Сёньня кіраўнік дзяржавы наўпрост умешваецца ў судовую дзейнасьць”, лічыць экспэрт “Народнай Волі”.

"БДГ. Деловая газета" у артыкуле “Ганебнае кола” разглядае сытуацыю на беларускай мытні. Журналісты даводзяць, што непрадказальнасьць у паводзінах нашчадкаў Верашчагіна ўжо прымусіла замежных бізнэсоўцаў абмінаць Беларусь. Відавочна, аналягічная сытуацыя чакае айчынных прадпрымальнікаў – папярэджвае “БДГ”.

Рэгіянальная “Брэсцкая газэта” даведалася, што горад над Бугам пакуль не далучаецца да чарговай антыалькагольнай кампаніі. У Магілёве, напрыклад, зачынілі начныя крамы. А што адбываецца ў Берасьце – расказвае журналіст Віктар Марчук.

(Марчук: ) “Як паведаміла начальнік аддзелу Берасьцейскага гарвыканкаму Надзея Шамава: “Мы ня бачым неабходнасьці зачыняць такія гандлёвыя кропкі, яны запатрабаваныя насельніцтвам”. У горадзе працуюць 5 кругласутачных крамаў, дзе продаж сьпіртовых напояў дазволены і пасьля 23 гадзінаў”.

Паводле Марчука, у кожным так званым начніку у Берасьце ўсталяваныя відэакамэры і “трывожныя” кнопкі.
XS
SM
MD
LG