Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Завадская: перададзеная ў суд стужка была часткова сьцёртая


Алег Грузьдзіловіч, Менск Судзьдзя Цэнтральнага райсуду Валер Есьман не задаволіў скаргі Сьвятланы Завадзкай на сьледчых пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску. Паводле Сьвятланы Завадзкай, відэастужка, якую судзьдзя прагледзеў падчас вывучэньня скаргі, была сфальшаваная.

11 лістапада ў Цэнтральным раённым судзе Менску разглядалася скарга Сьвятланы Завадзкай на сьледчых пракуратуры. Жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага скардзілася ў суд з тае прычыны, што не была заведзеная крымінальная справа супраць амонаўца Юрыя Давідовіча, які зьбіў яе падчас акцыі напаміну пра зьніклых апазыцыянэраў на Кастрычніцкай плошчы 7 ліпеня.

Пачалося паседжаньне з таго, што судзьдзя Валер Есьман ня даў дазволу праваабаронцу Алегу Гулаку абараняць у судзе інтарэсы Сьвятланы Завадзкай. Далей суд прагледзеў відэастужку тых падзеяў. Але, паводле Сьвятланы Завадзкай, відэастужка была змантажаваная.

(Завадзкая: ) “Аказалася, што стужка часткова сьцёртая. Раней пасьля моманту, як мяне ўдарыў міліцыянт, быў добра відаць ягоны твар. На твары няма ніякіх сьлядоў сутычкі, няма крыві ці драпінаў. Але замест гэтага кавалка ў стужцы зьявіўся запіс нейкай праграмы ОРТ. Пракурор сказаў, што такую стужку з ОРТ перадалі ў пракуратуру, але ў судзе прысутнічалі прадстаўнікі бюро ОРТ у Беларусі. Яны пацьвердзілі, што ў стужцы, якую перадалі ў пракуратуру, гэтага кавалку не было. Увогуле, іх стужка была на 35 хвілінаў, а тут паказалі фрагмэнт толькі на дзьве хвіліны. Таму я лічу, што матэрыялы праверкі яўна сфальшавалі”.

Пасьля вывучэньня іншых дакумэнтаў судзьдзя Валер Есьман агалосіў вэрдыкт, паводле якога скарга Сьвятланы Завадзкай на пракуратуру не задаволеная. Сьвятлана Завадзкая заявіла, што не пагаджаецца з гэтым рашэньнем і будзе скардзіцца ў вышэйшую судовую інстанцыю — у Менскі гарадзкі суд.

Нагадаем, пасьля інцыдэнту на Кастрычніцкай плошчы 7 ліпеня кіраўніцтва сталічнай міліцыі заявіла, што гэта Сьвятлана Завадзкая першай напала на міліцыянта Юрыя Давідовіча і да крыві разьбіла яму твар, а ўжо пасьля гэтага міліцыянт “адмахнуўся і рукой зачапіў” Сьвятлану Завадзкую. У міліцыі казалі, што Юрыя Давідовіч зьвярнуўся да мэдыкаў і засьведчыў сваю траўму. Між тым, у суд на Сьвятлану міліцыянт Юры Давідовіч не падаваў.

Адносна далейшай службы Юрыя Давідовіча даходзяць супярэчлівыя зьвесткі. Паводле адных крыніцаў, яго звольнілі зь менскага АМОНу. Але іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што яго папросту перавялі ў іншае падразьдзяленьне. У гарадзкой міліцыі адмаўляюцца камэнтаваць гэтыя зьвесткі.
XS
SM
MD
LG