Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зацьверджаны новы ўрад Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Новы польскі ўрад на чале з Казімежам Марцінкевічам атрымаў у чацьвер позна ўвечары вотум даверу ад парлямэнту. Ад гэтага дня кабінэт міністраў становіцца цалкам легітымным і дзеяздольным. Зьвяртаючыся да парлямэнту, Марцінкевіч падкрэсьліў, што ягоны ўрад будзе станоўча абараняць інтарэсы польскіх нацыянальных меншасьцяў за мяжой і падтрымліваць дэмакратычныя перамены “за ўсходняй мяжой Польшчы”.

Новы польскі ўрад – гэта ўрад меншасьці, бо пераможца парлямэнцкіх выбараў – партыя “Закон і справядлівасьць” ня здолела стварыць урадавую кааліцыю з партыяй “Грамадзянская плятформа”, якая атрымала другое месца.

За ўрад, аднак, прагаласавалі больш дробныя фракцыі – “Самаабарона”, “Ліга полськіх сем’яў” і “Польская народная партыя”, што дае кабінэту міністраў шанец на трывалую большасьць у парлямэнце.

Прадстаўляючы ў Сэйме праграму ўраду прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч заявіў, што ягоны кабінэт будзе падтрымліваць дэмакратычныя перамены ў краінах-усходніх суседзях Польшчы.

(Марцінкевіч: ) “Польшча вельмі зацікаўленая ў стабілізацыі за нашай усходняй мяжой. З уласнага досьведу мы ведаем, што стабілізацыю могуць запэўніць толькі дэмакратыя і вольны рынак. Таму мы будзе падтрымліваць нашых усходніх партнэраў у справе пабудовы структураў прававой дэмакратычнай дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці”.

Казімеж Марцінкевіч закрануў таксама тэму польскіх нацыянальных меншасьцяў за мяжой.

(Марцінкевіч: ) “Мой урад будзе рашуча абараняць правы польскай меншасьці там, дзе іх парушаюць ці абмяжоўваюць”.
XS
SM
MD
LG