Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік М.Аўтуховіч застаецца за кратамі, галадае 27-ы дзень


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня абласны суд разгледзеў скаргу, якую падавалі адвакаты Аўтуховіча на рашэньне Ленінскага раённага суду Горадні адносна меры стрыманьня для ваўкавыскага прадпрымальніка. Раённы суд вырашыў, што яго арыштавалі на законных падставах, паколькі ён прызнаны абвінавачаным па крымінальнай справе аб ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва вялікіх памерах. Абласны суд пакінуў рашэньне раённага бяз зьменаў. Паводле апошніх дадзеных, Мікалай Аўтуховіч працягвае 27-ы дзень галадоўкі.

Скарга наконт меры стрыманьня разглядалася ў абласным судзе ў закрытым рэжыме, прысутнічалі толькі адвакаты Аўтуховіча Надзея Станкевіч і Галіна Іванова. Абскардзіць меру стрыманьня можна было таксама ў сьледчага Мікалая Аліхвера, які вядзе справу Аўтуховіча. Адвакат Іванова зрабіла гэта, але атрымала адмоўны адказ. Зараз, паводле яе, можна яшчэ зьвярнуцца ў пракуратуру. Па справе Мікалая Аўтуховіча будзе праведзена экспэртыза, і пакуль немагчыма сказаць колькі працягнецца сьледзтва. Меркаваньне адваката Галіны Івановай:

(Іванова:) “Цяжка сказаць, таму што мы вось гаварылі, што прызначана эканамічная экспэртыза. Па справе прадпрыемства “Ніка-транс” экспэртыза працягвалася некалькі месяцаў: з красавіка да верасьня, нават да кастрычніка. Колькі гэтая будзе рабіцца, цяжка сказаць. Тэрмін сьледзтва два месяцы, калі не ўкладаюцца, яго працягваюць”.

Крымінальныя справы аб няўплаце падаткаў супраць прадпрыемства “Ніка-транс”, кіроўцы якога працавалі на таксоўках Аўтуховіча, і супраць самога прадпрымальніка злучаны ў адную. “Ніка-транс” налічылі незаплачаных падаткаў 509 мільёнаў рублёў, а прадпрымальніку — 679 мільёнаў. Сьледзтва па справе прадпрыемства цягнулася паўгоду, толькі тады падазраванымі былі названыя дырэктар Юры Лявонаў і заснавальнік — Алена Аўтуховіч, жонка Мікалая Аўтуховіча. Што датычыць прадпрымальніка, узбуджэньне крымінальнай справы, прызнаньне яго абвінавачаным, першы допыт і арышт — усё адбылося за адзін дзень.

Сьледчы хацеў дапытаць і Алену Аўтуховіч, але дагэтуль не зрабіў гэтага. У Ваўкавыску мне ўдалося даведацца, што яна цяпер знаходзіцца ў шпіталі, і што, магчыма, ёй будзе зроблена апэрацыя.

***

Мікалай Аўтуховіч два гады змагаўся, паводле яго, супраць несправядлівых штрафных санкцыяў. Таксоўкі, якія яму належаць, абслугоўвалі большую частку Ваўкавыска. Аднак паводле прэзыдэнцкага дэкрэта (N4, 2003 г.) прадпрымальнік мог пакінуць у сябе толькі трох кіроўцаў. Іншыя перайшлі ў фірму “Ніка-транс”, але працягвалі езьдзіць на машынах Аўтуховіча і здавалі яму выручку. Падатковая служба палічыла, што гэта парушэньне, і што праз яго прадпрымальнік не плаціў за выручку ўсе падаткі.

Мікалай Аўтуховіч правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымлівалі кіроўцы, галадоўка рабілася масавай. 14 кастрычніка супраць прадпрымальніка распачала крымінальную справу упраўленьне фінансавых расьсьледаваньняў, у турме ён адразу пачаў галадаць. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
XS
SM
MD
LG