Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія актывісты ў Брусэлі спынілі галадоўку


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларускія палітычныя ўцекачы, што галадалі ў цэнтры Брусэлю, насупраць штаб-кватэраў вядучых эўрапейскіх структураў, вырашылі спыніць галадоўку і пераехаць у Страсбур, каб у бліжэйшы панядзелак распачаць там новую акцыю.

Пасьля трох дзён галадоўкі, беларусы вырашылі спыніць акцыю – зрабіць гэта іх папрасілі прадстаўнікі бэльгійскіх службаў бясьпекі, на дадатак аднаму з галадоўнікаў стала дрэнна.

Тым ня менш, галадоўнікі лічаць, што дасягнулі сваіх мэтаў. Гаворыць Ігар Лазарчук зь Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня:

(Лазарчук: ) “Заўтра ў Бэльгіі нацыянальнае сьвята – дзень сканчэньня Першай сусьветнай вайны. Будзе фэст, а мы якраз стаім на цэнтральным праспэкце, дзе адбудзецца парад. Таму нас папрасілі адыйсьці. А па-другое, адна з галоўных мэта галадоўкі – каб прадстаўнікі Эўрапарлямэнту і іншых структураў Эўразьвязу даведаліся пра палітзьняволеных, выкананая”.

Працягваць дамагацца выкананьня іншых мэтаў галадоўкі – стварэньня міжнароднай камісіі для расьсьледаваньня справаў зьніклых палітыкаў, а таксама вызваленьня палітзьняволеных у Беларусі, беларускія эмігранты маюць намер у Страсбуры, дзе на наступным тыдні пачынаецца сэсія Эўрапейскага парлямэнту.

(Лазарчук: ) “У панядзелак мы паедзем у Страсбур і, я мяркую, арганізуем там больш працяглую акцыю каля будынку, дзе адбудзецца паседжаньне Эўрапарлямэнту”.

Зрабіць такі крок бэльгійскіх калегаў пераканалі беларускія палітычныя імігранты, што жывуць цяпер у Францыі – яны прыехалі сёньня ў Брусэль, каб падтрымаць галадоўнікаў. Гаворыць адзін зь іх Павал Сівук:

(Сівук: ) “Эўрапарлямэнтары будуць цяпер засядаць у Страсбуры, і таму няма сэнсу галадаваць тут, у Брусэлі. Менавіта таму, каб зрабіць акцыю больш плённай, мы вырашылі перанесьці яе ў Страсбур”.

Як дакладна будзе выглядаць акцыя ў Страсбуры, пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG