Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста “Трэцяга шляху” ня выпусьцілі за межы Беларусі


Любоў Лунёва, Менск Сябра незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Паўла Марозава беларускія памежнікі не пусьцілі ва Ўкраіну. Павал зьяўляецца сьведкам у крымінальнай справе, якую распачалі КДБ і пракуратура за мультфільмы палітычнага зьместу, разьмешчаныя на інтэрнэт-сайце арганізацыі (mult.3dway.org). Справу распачалі 16 жніўня сёлета. У трох чалавек – Паўла Марозава, Андрэя Абозава і Алега Мініча – супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрусы, забралі кампутары і ўсе носьбіты інфармацыі.

У ноч з 9-га на 10-га лістапада, калі Павал Марозаў на машыне спрабаваў перасячы беларуска-ўкраінскую мяжу, памежнікі паведамілі, што ягонае прозьвішча знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі.

Аргумэнты Паўла аб тым, што ён мае статус толькі сьведкі ў крымінальнай справе, а не падазраванага, ніяк не паўплывалі на памежнікаў.

(Марозаў: ) “Я вымушаны быў праехаць праз Расею гэтым разам. Расейскія памежнікі казалі, што ня бачаць ніякіх юрыдычных падставаў, каб мяне не пускаць. Мы мяркуем, што насамрэч сьледзтва толькі намінальна зрабіла нам статус сьведкаў. Нас лічаць падазраванымі і вядуць з намі справу адпаведна. Мяркуем, што справу не спыняць да канца прэзыдэнцкіх выбараў. Тым ня менш, дзейнасьць “Трэцяга шляху” і "Мультклюбу" ня будзе спынена. У хуткім часе наведвальнікі інтэрнэту змогуць убачыць новыя мультфільмы”.

Павал Марозаў зьяўляецца сьведкам па справе аб абразе Аляксандра Лукашэнкі. Сьледзтва вядуць сумесна сьледчыя Менскай гарадзкой пракуратуры і КДБ. Паўла Марозава, а таксама Алега Мініча і Андрэя Абозава толькі аднойчы дапыталі ў якасьці сьведкаў і больш не выклікалі.

16 жніўня супрацоўнікі КДБ правялі ператрус на іх кватэрах і вынесьлі кампутары ды носьбіты інфармацыі. Апроч таго, сьледчы гарадзенскага КДБ забраў у Алега Мініча і яго жонкі пашпарты і амаль месяц трымаў іх у сваім сэйфе.

Міжнародная арганізацыя мультыплікатараў і карыкатурыстаў выступіла ў абарону сваіх беларускіх калегаў. Яны папярэдзілі беларускія ўлады, што ў выніку рэпрэсіяў у сусьветнай павуціне зьявяцца новыя мультфільмы, галоўнымі героямі якіх будуць прадстаўнікі кіраўніцтва краіны. Цяпер Андрэй Абозаў і сям’я Мінічаў знаходзяцца за межамі Беларусі.
XS
SM
MD
LG